Піянерскае юнацтва – цудоўная пара

Галоўнае Грамадства

Раённай святочнай сустрэчай “БРПО-30” завяршыўся на Дзятлаўшчыне тэматычны тыдзень Піянерыі, прымеркаваны да юбілею моладзевага грамадскага аб’яднання.

Мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў піянерскіх дружын установаў адукацыі раёна, піянер-важатых і педагогаў прайшло 12 верасня ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава.

На яго былі запрошаны госці: галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч і ветэраны піянерскага і камсамольскага руху Надзея Канявега і Алена Абрамчык.

– Кожны, хто носіць піянерскі гальштук, заўсёды захоўвае ў сваім сэрцы аптымізм, запал і нястомную веру ў любімую справу, – вітаючы прысутных, зазначыла старшыня Дзятлаўскага раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка. – Трыццацігоддзе Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі – значная дата.

За гэты час наша моладзевае аб’яднанне стала адным з найбольш масавых у краіне. Піянерыя выхоўвае таленавітых дзяцей, з’яўляецца надзейнай стартавай пляцоўкай, з якой пачынаецца іх шлях.

Ад імя спецыялістаў аддзела адукацыі ўдзельнікаў раённага піянерскага руху з юбілеем арганізацыі павіншавала Алена Гарановіч.

– Вы валодаеце галоўнымі якасцямі, неабходнымі для далейшага росту: у вас ёсць цярпенне, ініцыятыва, крэатыў, смеласць. Гэта пацвярджае сёлетняя высокая выніковасць на абласных творчых конкурсах піянераў. Вялікая заслуга ў гэтым і вашых старэйшых лідараў. Жадаю, каб навучальны год і ў далейшым быў для вас паспяховы, лёгкі, пазнавальны. Смела прапаноўвайце свае ініцыятывы, увасабляйце ў жыццё новыя праекты – мы, дарослыя, вас падтрымаем. Поспехаў і здароўя.

Дынамічныя музычныя падарункі для ўдзельнікаў свята падрыхтавалі навучэнцы гімназіі № 1 горада дзятлава з педагогам Святланай Андрунінай.

Яшчэ адным прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне грамат і прызоў самым актыўным, творчым піянерам і піянерскім дружынам раёна, а таксама раённай ганаровай піянерскай варце. Відэаролік “Феерыя. Віват Піянерыя!” нагадаў пра адметныя моманты піянерскага жыцця і перадаў крэатыўныя відэавіншаванні ад сяброў-равеснікаў з розных установаў адукацыі Дзятлаўшчыны.

Пажаданні ад ветэранаў моладзевага руху раёна юным ўдзельнікам свята адрасавала Надзея Канявега.

– Піянеры Дзятлаўшчыны, заўсёды памятайце, што у вас ёсць надзейныя сябры сярод ветэранаў піянерскага руху, гатовыя ў любы момант даць мудрую параду, падставіць плячо. Мы віншуем вас з цудоўным святам – 30 годдзем Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Старанна вучыцеся, будзьце творчымі, расціце годнымі грамадзянамі Беларусі.

Да пажаданняў піянерам далучылася Алена Абрамчык:

– Сёняшняя сустрэча нібы вярнула мяне ў гады піянерскага дзяцінства. Я ўзгадала наш дружны клас, піянерскія вогнішчы, песні. Выдатна, што эстафета моладзевых традыцый дайшла да сучаснай Беларусь і дала магчымасць вам прадаўжаць справы вашых бацькоў, старэйшых сяброў.

На свята я прыйшла са сваёй кнігай публіцыстыкі “Дзятлаўскі край. Вядомыя і невядомыя старонкі”. Такія кнігі будуць перададзены кожнай школьнай бібліятэцы. Тры гады таму я прыйшла працаваць у Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. За гэты час сабрала цікавыя матэрыялы з архіваў, каб данесці інфармацыю да дарослых і школьнікаў. Мяркую мая кніга вам спатэбіцца пры падрыхтоўцы да краязнаўчых конкурсаў. Спадзяюся, што і наша сёняшняя сустрэча пакіне свой след і застанецца ў летапісе падзей Дзятлаўшчыны.

Якое піянерскае свята без барабана. Адно са сваіх лепшых дэфіле прысутнм прадставілі барабаншчыцы гімназіі № 1 горада Дзятлава. А навучэнкі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава апрануліся ў касцюмы роставых лялек, каб заклікаць піянераў на дынамічны флэш-моб “Зажигай+”. Танец з залай прадоўжылі раклевіцкія школьнікі.

Завяршыў піянерскую сустрэчу яркі флэш-моб “Маленькія грамадзяне вялікай краіны”, удзел у якім прынялі ўсе прысутныя. Напрыканцы піянераў і іх старэйшых сяброў заклікалі наведаць Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей і папоўніць свой багаж ведаў аб малой радзіме.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup