Добры чалавек, выдатны работнік… колькі яшчэ добрых слоў можна пачуць на адрас механізатара КСУП “Вензавец” Івана Храноўскага.
Мужчыну цэніць кіраўніцтва гаспадаркі і паважаюць калегі за працавітасць, дасведчанасць у справе і пазітыўны настрой.
Іван Канстанцінавіч тутэйшы, з вёскі Кашкалы, што за некалькі кіламетраў ад Вензаўца. Работу ў полі ён ведае з самага дзяцінства ад бацькі, які працаваў у калгасе “Чырвоны кастрычнік” механізатарам. Хлопчык часта быў у полі, назіраў, як працуе тата, з малога вучыўся разбірацца ў сельгастэхніцы.
Любоў да зямлі і жаданне прадоўжыць бацькаву справу прывялі мужчыну ў сельскую гаспадарку.
Яшчэ навучэнцам Казлоўшчынскага прафтэхвучылішча ён быў на вытворчай практыцы ў роднай гаспадарцы, а, як закончыў вучобу і прайшоў службу ў войску, вярнуўся сюды на сталую працу. З тае пары ён дваццаць гадоў за рулём сельскагаспадарчых машын.
– Адразу даверылі маленькую тэхніку, трактар МТЗ-80, – узгадвае механізатар першыя крокі ў прафесіі. – Займаўся на апрацоўцы буракоў і ўборцы бульбы.
Затым Іван Канстанцінавіч працаваў на трактары сярэдняга класа МТЗ-1221. На працягу апошніх адзінаццаці гадоў вопытны механізатар кіруе сапраўдным сельскагаспадарчым волатам – беларускім трактарам МТЗ-3022. З ранняй вясны да позняй восені механізатар у полі. Самыя складаныя, самыя адказныя віды работ гаспадарка давярае яму. Гэта вясновая сяўба, апрацоўка глебы, нарыхтоўка кармоў, летам – абавязкова жніво, на якім шчыруе за рулём камбайна не адзін сезон. Асенні клопат механізатара – сяўба азімых культур і ворыва аж да маразоў.
І толькі зіма – час адпачыць самаму і падрыхтаваць сельгастэхніку да новага плённага сезона.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup