Брыльянтавае шчасце сям’і Мазураў

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У казках шчаслівая гісторыя заканчваецца шлюбам, у жыцці з яго ўсё толькі пачынаецца.

Даючы перад алтаром клятву вернасці свайму абранніку, маладыя разгортваюць новую кнігу сямейнага жыцця. А ці будзе ў ёй напісана “жылі яны доўга і шчасліва”, залежыць ад саміх людзей. Шчымліва-кранальна сёння сустракаць пары, якія за шэсць дзесяцігоддзяў сямейнага жыцця не згубілі цеплыню і павагу адзін да аднаго, як сям’я Мазураў з вёскі Касцюкі.

Сёлета на свяце вёскі брыльянтавыя юбіляры прымалі віншаванні ад старшыні Данілавіцкага сельвыканкама Ганны Жых і аднавяскоўцаў. Шэсцьдзясят гадоў Яўгенія Мікалаеўна і Станіслаў Аляксандравіч Мазуры разам, пяцьдзясят два з іх – у сваёй вясковай хаце ў Касцюках.

Каханне на ўсё жыццё

Гісторыя гэтай сям’і простая і глыбокая, як сусвет. Жылі маладыя людзі непадалёку адзін ад аднаго, у суседніх вёсках, якія раздзяляла рэчка. Юнаком Станіслаў Аляксандравіч пайшоў у войска, службу праходзіў далёка, пад Масквой, праз тры з паловай гады вярнуўся на радзіму, дзе ўладкаваўся на працу.

У тыя часы моладзь шмат працавала ў калгасе і ад душы адпачывала на вячорках, якія ладзіліся кожную нядзелю. Малады чалавек на танцах прыкмеціў сваю будучую жонку, яна моцна запала яму ў сэрца.

– Так удала яна танцавала, немагчыма было вачэй адвесці, – расказвае мужчына.

Не адкладваючы сваё шчасце, ён вырашыў жаніцца. Калі ў хату, дзе жыла дзевятнаццацігадовая Яўгенія з сям’ёй, прыйшлі сваты, маці здзівілася.

– Да якой з дачок вы прыехалі? – запытала яна.– У мяне іх дзве незамужнія.

Адказалі, што да малодшай. Матуля вельмі здзівілася: так было не прынята ў тыя часы, але сэрцу не загадаеш.

– А мы ж не гулялі разам, нават не цалаваліся да вяселля, – усміхаецца Яўгенія Мікалаеўна. – А тут – сваты!

Сям’я была небагатая, не мела што даць за нявестай. І калі зайшла размова пра пасаг, падняўся жаніх і прамовіў:

– Ёсць на ёй адна сукенка. Хай гэту скіне, і ўсё адно вазьму.

Так пачалася іх маладая сям’я, у якой Станіслаў Аляксандравіч з’яўляецца апорай, а Яўгенія Мікалаеўна – душой. Гаспадар у наступным годзе адзначыць васьмідзесяціпяцігоддзе, а стараецца і сёння хатнія справы рабіць, нават дровы сячэ пакрыху. Праз столькі дзесяцігоддзяў сумеснага жыцця ён шануе і аберагае тую, якую пакахаў аднойчы і на ўсё жыццё. Калі ў расчуленай расповедам пра мінулае Яўгеніі Мікалаеўны з’яўляюцца слёзы на вачах, муж клапатліва падае ёй хусцінку.

На радзіме лепш за ўсё

– Так атрымалася, што мы прыезджыя, хоць і беларусы, – прадаўжае свой аповед гаспадыня дома. – Некалі паехалі ў Казахстан шукаць лепшай долі.

На тыя часы ў калгасе, дзе працавалі яны абодва, было вельмі складана, заробкі былі зусім малыя: 5 капеек грошай і 500 грамаў хлеба на дзень. Таму сям’я наважылася пакінуць родную вёску Барышына. У чужой старане, здаецца, і абжыліся крыху, і жылося няблага, але вельмі хацелася вярнуцца на радзіму. Праз пяць гадоў жыцця ў Казахстане Мазуры вырашылі пераехаць дадому, у родны раён.

Працы хапала, а вось жыллё доўга шукалі, бо яго тут прадавалася няшмат, а кошты былі высокія. Увесь Дзятлаўскі раён аб’ездзілі, не маглі выбраць хату. Знайшлі нарэшце дом у Касцюках, выкупілі яго палову ў сям’і, якая з’ехала за мяжу, нават дагавор афармлялі дыстанцыйна. Дакумент аб куплі гэтай паловы дома дагэтуль захоўваецца ў сям’і як каштоўнасць.

У той час хата выглядала зусім інакш, чым цяпер. Зрабіць новы рамонт, нават здабыць будаўнічыя матэрыялы, было вельмі складана. Купілі драўніну, мянялі вокны, столь, рамантавалі сцены.

– Не маглі купіць шыфер, каб накрыць дах, бо не было дзе, – узгадвае тыя складаныя часы жанчына. – Старшыня калгаса абяцаў дапамагчы з будаўнічымі матэрыяламі, але я павінна была выйсці на працу. А што рабіць? І пайшла працаваць. Сыночку было ўсяго паўгода тады. Сціскаючы сэрца, пакідала дома дзяцей, ідучы на працу на ферму, працавала без выхадных. Нікому не пажадаю так працаваць, як мы працавалі. Даілі кароваў тры разы на дзень, кармы насілі на плячах, флягі з малаком цяжкія паднімалі. Гэта цяпер даяркі працуюць у чысціні, з даільнымі апаратамі, малакаправодам і іншымі сучаснымі зручнасцямі.

Але, дадае жанчына, няма дабра без блага. Дзеці выгадаваліся, дагледзелі адзін аднаго. Можа дзякуючы гэтаму сёння такія дружныя паміж сабой.

Мазуры ўсё жыццё жылі сумленна, працавалі старанна, да людзей адносіліся шчыра. Таму землякі іх ведаюць і паважаюць. Не забывае і цяперашняе кіраўніцтва калгаса, дзе працавала Яўгенія Мікалаеўна – сёння ААТ “Граніт-Агра”. Да 70-годдзя гаспадаркі жанчыне падарылі вялікі ручнік з вышыўкай і дыск з фільмам пра гісторыю калгаса ад дня заснавання да нашага часу.

Бацькоўскі дом

– Няма той хаткі, дзе б не было схваткі, – Яўгенія Мікалаеўна шчодра перасыпае свой расповед прыказкамі. – Жывём па-рознаму: і блага, і добра, але найбольш добра. На што нам скардзіцца? Дом ёсць, сын тут рамонт зрабіў, утульна тут жыць. Нявестачка клапоціцца, каб мы былі сытыя, хадзілі ў чыстай вопратцы і спалі на чыстай бялізне. Агарод яна садзіць. Паглядзіце, якія кавуны ў нас!.. Дзеткі здаровенькія, унукі здаровенькія, праўнукі якія вялікія ўжо, школьнікі. Хіба што трэба яшчэ для шчасця?

Трое дзяцей, шасцёра ўнукаў, тры праўнукі – вялікая сям’я Мазураў. Старэйшая дачка Таіса са сваёй сям’ёй жыве ў Керчы, сярэдняя, Ірына, у Мінску. Малодшы сын Дзмітрый – зусім побач, у Наваельні. Ён разам з жонкай Алай – першыя памочнікі сваім пажылым бацькам.

На самым прыкметным месцы ў сям’і Мазураў – сямейныя фотаздымкі. Штогод гэта калекцыя дапаўняецца новымі, са шчырымі ўсмешкамі і шчасцем у вачах. Але найвялікшая радасць, калі дзеці самі прыязджаюць да бацькоў. Усе яны шчыра любяць родную вёску і стараюцца бываць у ёй часцей. Сын з нявесткай заязджаюць часта, а дочкі набылі сабе кожная па вясковай хаце ў Касцюках, каб прыязджаць, як на лецішча, і жыць падоўгу побач са сваёй сям’ёй.

Сёлета дачка не прызджала: з-за пандэміі былі закрытыя межы. Але Яўгенія Мікалаеўна і Станіслаў Аляксандравіч пастаянна на сувязі са сваімі дзецьмі “па скайпе” – для гэтага дзеці падарылі гаспадыні на дзень нараджэння ноўтбук, дапамаглі разабрацца з праграмай.

Адзінае, што засмучае, здароўе крыху падводзіць. Хаджу ўжо з кіёчкамі. – кажа Яўгенія Мікалаеўна. – Але нагоды для радасці заўсёды хапае.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup