У імя чытача і для чытача.
З такім дэвізам у Гезгалаўскай школе амаль тры дзесяцігоддзі працуе Ала Ненартовіч. За гэты не малы час на пасадзе загадчыцы школьнай бібліятэкі жанчына зрабіла неверагоднае – запаліла ў вачах школьнікаў цікавасць да кнігі, а бібліятэку зрабіла адным з самых наведваемых месцаў у навучальнай установе.
Ала Рыгораўна, спецыяліст з тэхнічнай адукацыяй, якая працавала інжынерам на двух заводах Дзятлаўшчыны, у пачатку 90-х прыйшла ў кардынальна новую для сябе стыхію, атрымала спецыяльную адукацыю і за тры дзесяцігоддзі дасягнула ў ёй неверагодных поспехаў.
Уваходзячы ў дзверы гэтага кабінета, мімаволі ўсміхаешся. Нераўнадушных чытачоў з кніжных паліц вітае вялікіх памераў… сонейка ручной работы. І ўжо не хочацца называць гэта месца храмам кнігі, строгім і кананічным. Гэта дом для кніг, кожная з якіх з любоўю пастаўлена на сваю палічку клапатлівымі рукамі бібліятэкара, і для школьнікаў, якія імкнуцца ў бібліятэку ўзяць нешта пачытаць, даведацца школьныя навіны або проста пабыць у прыемным месцы. Пакуль мы размаўляем, у кабінет заглядваюць цікаўныя першакласнікі: яны ўжо пазнаёміліся з бібліятэкай і цяпер забягаюць сюды вельмі часта.
– Сучасныя дзеці не любяць чытаць – часта сцвярджаюць дарослыя. Дайце ім цікавую кнігу, і яны будуць чытаць, адказваю я на гэта, – з гэтымі словамі Ала Рыгораўна паказвае скарб бібліятэкі – некалькі паліц з яркімі дзіцячымі кніжкамі, якімі можа пахваліцца не кожная школьная бібліятэка. Іх школе падарылі спонсары, былыя выпускнікі, якія не забываюць сваю школу нават пасля яе заканчэння.
Па словах Алы Ненартовіч, самыя частыя наведвальнікі бібліятэкі – вучні пачатковых класаў. Шмат чытаюць і старшакласнікі, якія ведаюць, чаго хочуць дасягнуць у будучым і якія крокі да мэты ім трэба зрабіць сёння.
Дарэчы, калі чытачы не ідуць у бібліятэку, яна сама прыходзіць да іх. Ала Рыгораўна натхнёна расказвае пра культурна-адукацыйную дзейнасць установы. На працягу навучальнага года безліч школьных мерапрыемстваў праводзіцца з удзелам і пры арганізацыі школьнай бібліятэкі. Каб сустрэчы былі не толькі цікавымі, але і карыснымі, за аснову бярэцца школьная праграма.
– Ідучы на тэматычнае школьнае мерапрыемства, я заўжды грунтоўна рыхтуюся, – адзначае загадчыца бібліятэкі. – Стараюся запрасіць да нас на сустрэчу настаўніка-прадметніка. Заўжды атрымліваю ад вучнёўскай аўдыторыі моцны водклік, шчыры інтарэс, заўсёды шмат пытанняў, на некаторыя з якіх так адразу і не адкажаш. Такія сустрэчы найчасцей праходзяць пры ажыўленым дыялогу і нават палеміцы.
Гезгалаўская школьная бібліятэка – прастора школьнага крэатыву, скарбніца талентаў і кузня будучых журналістаў і пісьменнікаў. “Як такое магчыма?” – здзівіцеся вы. Адказ просты. З 1996 года на базе бібліятэкі распачаў сваю дзейнасць гурток “Юны журналіст”. З таго часу да сёння без перапынкаў і паўзаў працуе школьны прэсцэнтр, выходзіць у свет школьнае перыядычнае выданне “Гезгалаўскія весткі”. А гэта дваццаць чатыры нумары штогод, не ўлічваючы тэматычныя выпускі. Выданне пачыналася з насценгазеты, а сёння гэта друкаваны шматстароннік, на які можна нават падпісацца. Нязменны галоўны рэдактар газеты – дырэктар Гезгалаўскай школы Эдуард Ненартовіч.
Развіваць у дзецях творчасць – задача не менш важная, чым вучыць іх, лічыць загадчыца школьнай бібліятэкі. Яна заўжды вучыць сваіх гурткоўцаў нестандартным рашэнням. Пад кіраўніцтвам Алы Ненартовіч школьнікі ствараюць казкі і вершы, вядуць электронную літаратурную платформу, арганізуюць творчыя сустрэчы, рэалізуюць смелыя журналісцкія праекты. Дзеці пішуць артыкулы не толькі для школьнай газеты, але і для рэспубліканскіх дзіцячых газет і часопісаў – “Бярозка”, “Качели”, “Переходный возраст” і многіх іншы. Каманда карэспандэнтаў Гезгалаўскай школы не раз станавілася пераможцай рэспубліканскіх творчых конкурсаў, арганізаваных рэдакцыямі выданняў, артыкулы юных журналістаў часта з’яўляюцца і на старонках раённай газеты “Перамога”.
Плённая праца, творчы падыход да справы, любоў да бібліятэкі і дзяцей, з якой працуе Ала Ненартовіч, не маглі застацца незаўважанымі. Гезгалаўская школьная бібліятэка мае больш за дзясятак важкіх узнагародаў, сярод якіх – перамога ў раённым конкурсе “Школьная бібліятэка года”.
Сама Ала Рыгораўна цешыцца таму, што школьныя заняткі па журналістыцы пакідаюць у дзіцячых душах добрае насенне, якое дае ўдзячныя ўсходы. З асаблівым задавальненнем кіраўніца гуртка чытае работы сваіх выпускніц у перыядычных выданнях. Адна з іх – Марта Мілаш, якая творча працуе ў Дзятлаўскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup