Ушанавалі памяць ахвяраў Халакосту ў Дзятлаве

Важнае Грамадства

6 жніўня ў гімназіі №1 горада Дзятлава прайшла першая міжнародная анлайн-канферэнцыя, прысвечаная Дню памяці ахвяраў Халакосту.

У гэты дзень у 1942 годзе было знішчана дзятлаўскае гета. Гэта была апошняя расстрэльная акцыя на Дзятлаўшчыне, якая забрала каля 2,5 тысячы жыццяў. Педагогі і навучэнцы гімназіі, якія многія гады вывучаюць гісторыю Дзятлава, падзяліліся сваімі напрацоўкамі і ў анлайне наладзілі дыялог з нашчадкамі яўрэяў Дзятлаўшчыны.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел педагогі гімназіі Алена Радомская, Святлана Кетка, Іна Ванчук, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык, дырэктар Дзятлаўскага цэнтра турызму і краязнаўства Тамара Юранкова, а таксама 27 зацікаўленых суразмоўцаў з ЗША, Аўстраліі, Канады, Ізраіля, Беларусі.

Руска-англійскі дыялог дапамагала наладзіць былая вучаніца гімназіі, перакладчыца Яўгенія Мацюкевіч.

Дзякуючы сучасным тэхналогіям людзі, неабыякавыя да праблемы Халакосту, змаглі паразмаўляць, падзяліцца сваімі даследаваннямі і эмоцыямі, пазнаёміцца з новымі экспазіцыямі гімназічнага музея — “Даваеннае жыццё яўрэйскай абшчыны” і “Халакост на Дзятлаўшчыне”, ушанаваць памяць ахвяраў Халакосту сімвалічным ускладаннем камянёў. У гэтым прысутным дапамаглі дзятлўскія гімназісты, якія правялі акцыю памяці на яўрэйскіх могілках у горадзе Дзятлаве, а педагогі паўтарылі яе ў сценах музея.

На заканчэнне сустрэчы ўдзельнікі канферэнцыі дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup