Калі зазірнуць у каляндар, то ў ім на кожны дзень прыпадае якое-небудзь свята.
Дзяржаўнае, рэлігійнае, прафесійнае, народнае, ці нават цэлы год, а то і болей аб’яўляюцца святочна-юбілейнымі. Так у бягучым годзе мы прадаўжаем адзначаць добрымі справамі трэці Год малой радзімы, сёлета – 80-годдзе ўтварэння нашага раёна, летась – 75-годдзе Гродзенскай вобласці.
Амаль кожны жыхар Дзятлаўшчыны стараецца ў гэты час зрабіць нешта такое, каб не выглядаць горш за іншых, каб наша малая радзіма стала прыгажэйшай, больш заможнай, лепш прыстасаванай да жыцця, для захавання сваёй гісторыі, культуры, традыцый. Нехта рамантуе сваё жытло, садзіць дрэвы і кветкі, наводзіць парадак на прысядзібным участку і вуліцы, у парку, лесе ці на палетках.
Невялікая па колькасці раённая грамадская арганізацыя ТБМ (Таварыства беларускай мовы) не застаецца ў баку ад добрых спраў. За апошнія 4-5 гадоў намаганнямі сваіх сяброў ТБМ зрабіла, робіць і плануе ў далейшым прадаўжаць справу вяртання памяці аб нашых знакамітых земляках, якім было наканавана нарадзіцца, жыць, працаваць і тварыць на Дзятлаўшчыне, праслаўляць яе сваімі справамі і творамі.
Так у 2016 годзе мемарыяльнай шыльдай была пазначана хата ў вёсцы Труханавічы, у якой жыў і пісаў свае вершы самабытны сялянскі паэт Нікіфар Жальба (сапраўднае імя Аляксандр Бяленка). У вёсцы Зачэпічы Жукоўшчынскага сельсавета, у самым цэнтры, дзе калісьці быў магазін і пачатковая школа, аб якой сёння згадваюць толькі пасаджаныя былымі вучнямі і іх настаўнікам-паэтам Петрусём Гранітам (Іванам Івашэвічам) прыгожыя цяністыя клёны і духмяныя ліпы, усталявалі камень-валун з мемарыяльнай шыльдай. Тэкст на ёй напамінае вяскоўцам і праезджым, што ў гэтай лясной вёсцы ў першай палове 20 стагоддзя жылі і тварылі адразу тры паэты, простыя сялянскія хлопцы. Змагаючыся за права беларусамі звацца, яны стварылі драматычны гурток, рыхтавалі для вяскоўцаў спектаклі па творах Я. Купалы, М. Чарота, У. Галубка і іншых беларускіх аўтараў. Сцэнай і глядзельнай залай былі вясковыя гумны. Зачэпіцкія паэты пісалі вершы на роднай мове, друкавалі іх у віленскіх беларускамоўных газетах, чыталі на вясковых святах. У 1967-68 гадах мінулага стагоддзя ў Зачэпічы спецыяльна некалькі разоў прыязджаў знакаміты даследчык беларускай літаратуры, пісьменнік, прафесар Уладзімір Калеснік. Пасля шматгадзінных гутарак з Петрусём Гранітам і Васілём Струменем (А. Лебедзевым), які жыў у гэты час жо на Украіне, але кожнае лета не забываў наведваць сваіх сяброў-паэтаў у Зачэпічах, Калеснік трапна назваў Зачэпічы “гняздом” паэтаў, бо тут пісаў свае вершы і яшчэ адзін адораны паэтычным талентам вясковец – Герасім Прамень (Іван Пышко).
Пазней мемарыяльнай дошкай на Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі быў уганараваны яго стваральнік і першы дырэктар, заслужаны настаўнік Беларусі Міхаіл Петрыкевіч.
Два гады таму ўраджэнцу вёскі Варакомшчына – знакамітаму беларускаму пісьменніку Вячаславу Адамчыку на яго радзіме з ініцыятывы Сяргея Каско, пры матэрыяльнай падтрымцы старшыні мясцовага сельгаспрадпрыемства “Граніт-Агра” Станіслава Мазура і галоўнага інжынера Андрэя Падліпскага ўсталяваны вялікі прыгожы валун з адпаведнай мемарыяльнай дошкай.
Каб надаць нашаму Дзятлаву большую турыстычную прывабнасць, мы ініцыявалі збор подпісаў жыхароў за стварэнне мемарыяльнага манументальнага помніка заснавальніку і першаму ўладару нашага горада, знакамітаму ваяру-палкаводцу, шчыраму абаронцу праваслаўнай веры, гетману найвышэйшаму Вялікага Княства Літоўскага Канстанціну Іванавічу Астрожскаму. Ужо пройдзены ўсе папярэднія этапы на юрыдычнае права з’явіцца ў Дзятлаве гэтаму манументу. Выбрана месца для яго, зацверджаны пасля конкурснага адбору макет помніка, адкрыты на збор сродкаў рахунак у банку. Наперадзе – збор сродкаў. Спадзяюся, што жыхары нашага горада і раёна з разуменнем, добраахвотна, згодна са сваімі кашалькамі адгукнуцца на гэтую добрую справу. Упэўнены, што сябры ТБМ пакажуць першымі добры прыклад.
9 жніўня гэтага года споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння яшчэ аднаго нашага слаўнага земляка – Ігната Сымонавіча Дварчаніна, помнік якому ўпрыгожвае гістарычны цэнтр Дзятлава.
За вяртанне заслужанай памяці пра гэтага чалавека, грамадска-палітычнага дзеяча, навукоўца, доктара філасофіі, паэта шмат намаганняў прыклаў мой бацька, былы дырэктар музея Міхаіл Петрыкевіч. Яму з цяжкасцю ўдалося пераканаць тагачасных кіраўнікоў раёна і вобласці заручыцца матэрыяльнай падтрымкай мясцовага калгаса “1 Мая” і пазначыць мемарыяльнай дошкай хату № 33 у вёсцы Погіры, на месцы якой калісьці стаяў дом Дварчанінаў. Паралельна было прынята рашэнне і аб усталяванні ў цэнтры горада бюста Ігнату Дварчаніну. Але гэтая справа зацягнулася на доўгія шэсць гадоў.
У верасні 1989 года бацька, які на той час жыў ужо ў Вільнюсе, прыехаў на адкрыццё помніка сам і запрасіў сваіх сяброў Янку Брыля і Уладзіміра Калесніка. Калі гэтая кампанія пасля ўсіх святочных імпрэзаў сядзела ў нашай кватэры за кубачкам кавы, успамінаючы мінулае, пражытае і перажытае, я міжволі засяродзіў увагу на твары свайго роднага чалавека. Ён нібы памаладзеў, і то з аднаго, то з другога прыжмуранага вока раз-пораз сцякала непрыкметная сляза. Так, гэта былі слёзы радасці за тое, што ўдалося здзейсніць даўно задуманае. І вось пад канец таго, як аказалася, апошняга сумеснага сяброўскага “чаяпіцця”, бо сяброў хутка раздзяліла мяжа, старасць ды адыход у “лепшы свет”, бацька са шкадаваннем заўважыў, што не шкодзіла б трошкі лепш упарадкаваць радзіму Ігната Дварчаніна, яго Погіры, яго родную хату. Пры гэтым неяк неспадзявана-запытліва кінуў позірк на мяне. Далей яны абмяркоўвалі магчымасці ўшанавання ў 1995 годзе 100 угодкаў знакамітага земляка. Але бурлівыя падзеі таго часу, развал СССР, эканамічная разруха не дазволілі ім не толькі прыгожа адзначыць гэты юбілей, але і ўспомніць пра яго. Ды і малодшы з іх Уладзімір Калеснік пайшоў у вечнае жыццё, а майму бацьку пераваліла за 80.
Непрыкметна праляцела яшчэ чвэрць стагоддзя. На вясну і пачатак лета гэтага года выпаў пік пандэміі. Але мы, сябры ТБМ, гэта, у першую чаргу, Леанід Марцукевіч, Віктар Нікіпорчык, Мечыслаў Якубчык, Андрэй Капітула, Фёдар Красюк, Аляксей Петрыкевіч ды аўтар гэтых радкоў, разам з сённяшняй гаспадыняй хаты № 33 у Погірах Надзеяй Лукашык і яе сынам Кастусём з усімі перасцярогамі, збіраючыся па тры-чатыры чалавекі, адпаведна нашым сілам і сродкам пастараліся надаць сядзібе больш-менш прывабны для турыстаў стан. Перад хатай усталявалі мемарыяльны камень, зрабілі прыгожую лаву для наведвальнікаў, пасадзілі туі і хосты. На шашы Дзятлава – Ліда замацавалі вырабленую шыльду-ўказальнік. Не так даўно гаспадары хаты зрабілі прыгожы, белага колеру, металічны плот. Каля хаты заўсёды чыста, трава своечасова скошваецца.
Узгадніўшы тэрміны з мясцовымі ўладамі, ТБМ сумесна з раённай бібліятэкай і музеем рыхтуе святочныя мерапрыемствы з нагоды 125-годдзя нашага юбіляра. На гэтае свята, якое адбудзецца 22 жніўня ў Дзятлаве, Погірах і Зачэпічах, запрошаны беларускія пісьменнікі, паэты, барды і спевакі з Гродна, Ліды, Слоніма, Мінска і Баранавічаў.
У Дзятлаве святкаванне адбудзецца каля помніка Ігнату Дварчаніну з 11 да 11.45, у Погірах на надворку хаты № 33 – з 12 да 12.45. Заключная частка мерапрыемства пройдзе ў
Зачэпічах каля мемарыяльнага каменя мясцовым паэтам з 13.15 да 14.45.
Будзем вельмі радыя бачыць на гэтых імпрэзах сваякоў Ігната Дварчаніна, зачэпіцкіх паэтаў і Нікіфара Жальбы, а таксама ўсіх, каго цікавіць наша культура і гісторыя, жыхароў Дзятлава, Погіраў, Зачэпічаў і навакольных вёсак.
Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ,
старшыня раённай філіі ТБМ