Жыццёвая біяграфія ў Андрэя Гутара, які працуе вадзіцелем у КСУП “Жукоўшчына”, яшчэ вельмі кароткая: школа, Слонімскі каледж, служба ў войску.
Сёлетняе жніво ў Андрэя – першае. На МАЗе ён адвозіць збожжа ад камбайнаў. І літаральна ў сваё першае, можна сказаць, жніўнае выпрабаванне дамогся малады працаўнік адметнага выніку: стаў вадзіцелем-тысячнікам. Яшчэ 5 жніўня на яго рахунку былі 1025 тон перавезенага зерня.
З важкім працоўным поспехам Андрэя Гутара павіншаваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак. Ён пажадаў маладому вадзіцелю важкіх рэйсаў і яшчэ многіх працоўных перамог.Уладзімір Фёдаравіч уручыў тысячніку дыплом і прэмію, якая прадугледжана згодна з палажэннем аб раённым спаборніцтве на жніве.
Да віншавання далучыліся дырэктар КСУП “Жукоўшчына” Аляксандр Кугейка і старшыня прафсаюзнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства Вольга Аўхім.
На памяць пра першае ўдалае жніво застанецца ў Андрэя падарунак ад адміністрацыі і прафкама сельгаспрадпрыемства.
У гэты ж дзень, 7 жніўня, віншаванні з тысячным намалотам прымаў камбайнавы экіпаж цёзак Уладзіміраў – Паўлоўскага і Тадарэнкі.
– Працуюць экіпажы і вадзіцелі старанна, – зазначыў галоўны аграном гаспадаркі Яўген Бароўскі, якога сустрэлі ва ўрочышчы “Нагародавічы”, дзе камбайны жнуць пшаніцу. – Яшчэ літаральна дні тры-чатыры і жніво ў нас будзе завершана.
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup