Дзесяць дзён таму, 31 ліпеня, камбайнавы экіпаж Уладзіміра і Андрэя Гукішаў з ААТ “Граніт-Агра” прымаў віншаванні з тысячным намалотам.
І вось чарговае дасягненне: на 10 жніўня Гукішы маюць на сваім жніўным рахунку 2138 тон намалочанага зерня.
Камбайнавы экіпаж з чарговай працоўнай перамогай павіншаваў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. Ён падзякаваў хлебаробам за высокі прафесіяналізм, пра які сведчыць упэўненае лідарства ў раённым спаборніцтве на жніве.
Андрэй Уладзіміравіч выказаў спадзяванне, што экіпаж Гукішаў да сваіх дзвюх тысяч тон дадасць яшчэ не менш за пяцьсот, бо ў “Граніт-Агра” ёсць яшчэ што жаць. А калі б гаспадарка парупілася і на наступны год прыдбала экіпажу новы камбайн, то на яшчэ большыя намалоты можна разлічваць.
Да віншавання двухтысячнікаў – бацькі і сына Гукішаў далучыліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур, старшыня прафсаюзнай арганізацыі сельгаставарыства Алена Зенчык.
У гэты ж дзень, 10 жніўня, да вадзіцеляў-тысячнікаў далучыўся Віктар Тарас. Ён перавёз ад камбайнаў 1013 тон зерня, і таксама прымаў віншаванні, узнагароды.
Віктара Аляксандравіча мы папрасілі “прымераць” падарунак, які зрабіла яму гаспадарка – папазіраваць у кабіне новай аўтамашыны “МАЗ”.
Віктар Тарас закончыць жніво на “ГАЗ-3507”, які верна адслужыў 30 гадоў, і перасядзе на новую машыну.
Зяленага святла і шчаслівых рэйсаў! – пажадалі вадзіцелю.
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup