29 жніўня 2020 года ўступаюць у сілу змены ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб геаграфічных указаннях”.
Геаграфічнае ўказанне змяшчае назву населенага пункта або мясцовасці, якую можна выкарыстоўваць на тавары для стварэння ў спажыўцоў выразнай асацыяцыі аб месцы вытворчасці тавару з яго спецыяльнымі ўласцівасцямі, якасцю, рэпутацыяй ці іншымі характарыстыкамі.
У Рэспубліцы Беларусь цяпер зарэгістраваны ўсяго тры нацыянальныя геаграфічныя ўказанні: мінеральная вада “Мінская”, Лідскі квас і Лідскае піва.
З 29 жніўня 2020 года спрашчаюцца заканадаўча ўстаноўленыя патрабаванні да геаграфічных указанняў, канкрэтызуецца працэдура рэгістрацыі геаграфічнага ўказання, якую ажыццяўляе Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (далей – НЦІУ), які з’яўляецца патэнтным органам Рэспублікі Беларусь.
Атрымаўшы права карыстання геаграфічным указаннем, беларускі вытворца не толькі пацвердзіць арыгінальнасць свайго тавару і яго якасць, але і паспрыяе фарміраванню станоўчага іміджу свайго рэгіёна, горада, вёскі і краіны. А калі ўлічыць той факт, што ў нашай дзяржаве для асобных тэрыторый уведзены бязвізавы рэжым для замежных грамадзян, то адкрываюцца дадатковыя інструменты для развіцця турыстычнага бізнэсу з далейшым прасоўваннем свайго рэгіянальнага брэнда, раскрыццём унікальнасці гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі.
Прадукцыя многіх беларускіх прадпрыемстваў вельмі запатрабаваная на рынках іншых краінаў. Атрыманне права карыстання беларускімі геаграфічнымі ўказаннямі дасць магчымасць айчынным вытворцам у далейшым атрымаць рэгістрацыю ў іншых краінах, куды экспартуецца прадукцыя.
Набыць неабходныя веды ў галіне кіравання інтэлектуальнай уласнасцю, азнаёміцца з працэдурамі нацыянальнай і міжнароднай рэгістрацыі аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку геаграфічных указанняў, кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый любой формы ўласнасці могуць у час навучальных курсаў, якія арганізуюцца ў НЦІУ.
Акрамя таго, на старонках навукова-практычнага часопіса “Інтэлектуальная ўласнасць у Беларусі” чытачы могуць азнаёміцца з публікацыямі айчынных і замежных навукоўцаў і практыкаў па пытаннях развіцця нацыянальнага заканадаўства, міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне інтэлектуальнай уласнасці, прававой абароны вынікаў творчай працы, увядзення аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці ў грамадзянскі абарот.
З пералікам адукацыйных курсаў і інфармацыяй аб часопісе “Інтэлектуальная ўласнасць у Беларусі” можна азнаёміцца на афіцыйным сайце НЦІУ ў інтэрнэце па адрасе: ncip.by.
Аляксандр КАСОЎСКІ,
першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup