Урачыстасці каля памятных месцаў Дзятлаўшчыны

Важнае Улада

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь звязаны з адной з найважнейшых падзей нашай гісторыі: вызваленнем Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Для беларусаў 3 ліпеня з’яўляецца сімвалам нацыянальнага гонару, доблесці і славы, увасабленнем адзінства і згуртаванасці ўсіх людзей. У гэты дзень мы яшчэ раз успамінаем і ўшаноўваем тых, хто падарыў нам мірнае жыццё.

Святочныя мерапрыемствы і ўшанаванні на Дзятлаўшчыне пачаліся ўжо напярэдадні, 2 ліпеня: ва ўсіх сельскіх саветах раёна адбылося ўскладанне кветак да помнікаў загінулым воінам і партызанам.

Дзень 3 ліпеня ў горадзе Дзятлаве таксама пачаўся з ускладання кветак і вянкоў воінам, мірным жыхарам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Да абеліска Славы ўсклалі вянкі прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім. Да помніка Героям Савецкага Саюза Я. Фогелю і П. Пятрову ў гарадскім парку ўсклалі вянкі і кветкі прадстаўнікі райвыканкама, грамадскіх арганізацый, раённага савета ветэранаў, арганізацый і прадпрыемстваў горада.

Ля помнікаў быў запалены Вечны агонь як даніна павагі і ўдзячнасці тым, хто аддаў сваё жыццё за мір на роднай зямлі.

У гэты ж дзень тут адбылося ўрачыстае ўручэнне ўзнагарод і прысваенне чарговых званняў супрацоўнікам аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама.

Таксама сёлета ў дзятлаўчан ёсць яшчэ адна нагода ўзгадаць гісторыю сваёй малой радзімы, яе знакамітых землякоў, узгадаць нашы дасягненні і поспехі: мы адзначаем 80-годдзе ўтварэння Дзятлаўскага раёна.

Святлана ГРЫШЫНА
Вольга ЮШКЕВІЧ
Іна ЯЎСЕЙЧЫК