З рабочым візітам Дзятлаўшчыну наведаў першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук

Важнае Улада

24 ліпеня Дзятлаўшчыну з рабочым візітам наведаў першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук.

Іван Алейзавіч курыруе пытанні кіраўніцтва аграпрамысловым комплексам, каардынацыі дзейнасці арганізацый у сферах лясной гаспадаркі, выкарыстання зямельных рэсурсаў, аховы навакольнага асяроддзя. Разам са старшынёй Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэем Садоўскім яны пабылі ў Дзятлаўскім філіяле ААТ “Молочный Мир” і ААТ “Дварэцкі льнозавод”, расказалі працоўным калектывам аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гродзенскай вобласці ў 2016-2020 гадах, заклікалі прыняць актыўны ўдзел у выбарах.

– На вашым прадпрыемстве я планаваў пабыць, каб даведацца, як прайшло аб’яднанне, ці ўзнікаюць праблемныя пытанні. Месяц таму падобная сустрэча адбылася з працоўным калектывам Шчучынскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, – зазначыў Іван Жук, звяртаючыся да дзятлаўскіх сыраробаў. – Час уносіць свае карэктывы ў вытворчыя працэсы. Радуе, што сёлета Гродзеншчына плюсуе па надоях малака: кожны дзень яго атрымліваем па 300 дадатковых тон. Калі раней мы надойвалі 650 тысяч тон малака ў год, то сёлета павінны атрымаць 1 мільён 250 тысяч тон. Гэта дадатковая сыравіна, ліквідны тавар, які можна без праблем рэалізаваць. Добра, што прадпрыемствы тэхнічна пераўзброіліся, але сёння і гэтага мала: на “піку малака” заводы працуюць на мяжы магутнасцяў. Мяняюцца і патрабаванні рынка: гандлёвыя партнёры хочуць больш працяглых тэрмінаў рэалізацыі, іншай упакоўкі і фасоўкі. Каб быць з прыбыткам, мы павінны адпавядаць новым патрабаванням.

Сярод задач вашага прадпрыемства – удасканаліць работу цэха па вытворчасці сыру “Рыкота”, падтрымліваць сельгаспрадпрыемствы сыравіннай зоны, дапамагаць ім у рабоце над якасцю малака. Цяпер у вобласці ўвага надаецца вытворчасці камбікармоў, каб павышаліся надоі. Увогуле, варта разумець, што сельская гаспадарка не можа працаваць асобна ад перапрацоўчай галіны: вы цесна залежыце адзін ад аднаго.

Пасля размовы з дзятлаўскімі сыраробамі Іван Жук і Андрэй Садоўскі прайшліся па вытворчых цэхах завода, пабылі на складзе гатовай прадукцыі.

Наступнымі гасцей сустракалі работнікі ААТ “Дварэцкі льнозавод”. Ужо напачатку размовы Іван Алейзавіч пацікавіўся ў кіраўніка прадпрыемства Аляксея Зелянухі пра якасць лёну новага ўраджаю. Аляксей Рыгоравіч расказаў, што яго палегласць адзначаецца на навагрудскім участку. Увогуле ж сёлетняе надвор’е спрыяла вырошчванню культуры.

Іван Жук нагадаў работнікам льнозавода, што перад імі стаіць задача перапрацаваць мінулагодні ўраджай поўнасцю да 1 кастрычніка, калі на вытворчыя лініі пачне паступаць лён новага ураджаю. Таксама першы намеснік старшыні аблвыканкама заклікаў пастаянна працаваць над якасцю лёну, які вырошчваецца на вытворчых участках завода. Якасная сыравіна – гарант паспяховасці прадпрыемства, што вядзе да дабрабыту і павышэння зарплат работнікаў. А для гэтага трэба падбіраць лепшыя сарты, мець вопытныя ўчасткі, эксперыментаваць. Беражліва трэба адносіцца і да тэхнікі: не дапускаць яе бессэнсоўнага перагону з палетка на палетак. Больш увагі варта скіроўваць і на рацыянальную арганізацыю працы работнікаў.

Прыемна было пачуць ад Івана Жука “кампліменты” гораду Дзятлава. Аб яго добраўпарадкаванні напярэдадні абласнога свята “Дажынкі”, якое праходзіла ў нашым горадзе ў 2015 годзе, клапаціліся многія абласныя службы. У выніку – нам застаўся прыгожы, утульны гарадок.

У час размовы з працоўнымі калектывамі Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” і ААТ “Дарэцкі льнозавод” Іван Жук заклікаў работнікаў выканаць свой грамадзянскі абавязак і прыняць актыўны ўдзел у выбарах Прэзідэнта.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup