Пракуратура Дзятлаўскага раёна сумесна з аддзелам унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама і Слонімскім міжраённым аддзелам Упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў рэгулярна праводзіць праверкі выканання заканадаўства ў аграпрамысловых прадпрыемствах раёна.
Вынікі праведзеных у першым паўгоддзі 2020 года наглядных мерапрыемстваў аб захаванасці сельскагаспадарчай жывёлы, абгрунтаванасці яе рэалізацыі насельніцтву, дакладнасці адлюстравання фактаў падзяжу буйной рагатай жывёлы ў дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці сведчаць аб тым, што падзеж жывёлы ў шэрагу выпадкаў утойваўся пад выглядам рэалізацыі мяса насельніцтву, устаноўлены шматлікія факты.
За скажэнне статыстычнай справаздачнасцi па падзяжы жывёлы (службовы падлог) сёлета да крымінальнай адказнасці прыцягнуты загадчыца малочнатаварнай фермы, два брыгадзіры вытворчых брыгадаў у жывёлагадоўлі, галоўны бухгалтар і яго намеснік, галоўны заатэхнік і кіраўнік вытворчасці адной з гаспадарак раёна. У вытворчасці раённага аддзела Следчага камітэта знаходзяцца ўзбуджаныя па фактах утойвання падзяжу жывёлы крымінальныя справы на брыгадзіраў вытворчых брыгады ў жывёлагадоўлі яшчэ дзвюх гаспадарак раёна.
У лютым на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу Дзятлаўскага раёна была праведзена кантрольная праверка ўводу ў эксплуатацыю незавершаных будаўніцтвам сховішчаў. Пракантралявалі захоўванне сенажу і сіласу ў буртах і курганах.
Высветлілася, што кіраўнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў зацвердзіў акт аб прыёме-перадачы асноўных сродкаў ад скончанай будаўніцтвам сянажнай траншэі і пастаноўцы яе на бухгалтарскі баланс. Аднак Дзятлаўскі райвыканкам рашэнне аб дазволе будаўніцтва гэтай траншэі і правядзенні праектных і пошукавых работ не прымаў, праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва названага аб’екта не выраблялася, Дзятлаўская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Дзятлаўскі райЦГЭ заключэння аб адпаведнасці патрабаванням прынятага ў эксплуатацыю аб’екта не выдавалі. За парушэнні заканадаўства пакараны адказныя асобы.
У час праверак, праведзеных пракуратурай раёна ў сакавіку-чэрвені ў перыяд правядзення вясенне-палявых работ, таксама выяўлены шэраг недахопаў і парушэнняў. Несвоечасова была падрыхтавана сельскагаспадарчая тэхніка.
Аб нізкай вытворчай дысцыпліне работнікаў аграпрамысловага комплексу сведчыць тое, што ў першым паўгоддзі 2020 года супрацоўнікамі міліцыі выяўлены 31 факт знаходжання такіх работнікаў на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення, з іх паўторна працоўную дысцыпліну парушылі тры чалавекі.
У час уборачнай кампаніі варта не дапусціць такіх недахопаў, прыняць меры для няўхільнага выканання заканадаўства па захаванні ўласнасці, сельгастэхнікі і запасных частак, гаруча-змазачных матэрыялаў, аб ахове працы, барацьбе з п’янствам на працоўных месцах, захаванні правіл пажарнай бяспекі.
Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup