На Дзятлаўшчыне прайшоў абласны семінар спажывецкай кааперацыі

Галоўнае Улада

24 ліпеня на базе аб’ектаў Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства адбыўся абласны семінар-нарада па пытаннях стану і перспектываў развіцця спажывецкай кааперацыі Гродзенскай вобласці.

У ім прынялі ўдзел першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук, старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў, старшыня праўлення Гродзенскага аблспажыўтаварыства Аляксандр Бубенчык, начальнікі ўпраўленняў гандлю, аддзелаў грамадскага харчавання аблспажыўтаварыства, дырэктары філіялаў.

Сустрэча пачалася з пленарнай нарады, дзе аб стане і перспектывах развіцця спажывецкай кааперацыі Гродзенскай вобласці прысутным распавёў старшыня праўлення Гродзенскага аблспажыўтаварыства Аляксандр Бубенчык.

Дырэктар Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Мікалай Лянцэвіч на правах гаспадара пазнаёміў гасцей з працай прадпрыемстваў спажывецкай кааперацыі раёна.

– Развіваючы гандаль, мы стараліся вырашыць дзве праблемы: прывесці магазіны да сучаснага ўзроўню за кошт укаранення самаабслугоўвання, аснашчэння іх найноўшым абсталяваннем, а таксама пашырыць асартымент і павялічыць аб’ёмы продажу тавараў, – адзначыў прамоўца.

 

Мікалай Пятровіч дадаў, што пакупнік патрабуе пастаяннай прысутнасці на прылаўках свежай агародніны і садавіны ў шырокім асартыменце, таму сёння трэба рабіць акцэнт на далейшае развіццё супрацоўніцтва з фермерскімі гаспадаркамі, якія спрабуюць вырошчваць не толькі новыя гатункі, але і новыя культуры, вучыцца нарыхтаваць і рэалізаваць праз уласную гандлёвую сетку ўсё – будуць гэта яблыкі, бульба або садовыя буякі і кавуны.

Высока ацаніў работу Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. Ён нагадаў, што спажыўкааперацыя сёння выконвае ў тым ліку і сацыяльную функцыю – стараецца дайсці да кожнага чалавека ў самым аддаленым населеным пункце. Кіраўнік раёна дадаў:

– Аб’ектыўнай ацэнкай дзейнасці Дзятлаўскага філіяла з’яўляецца тое, што падчас раённых прамых і гарачых ліній мы не чуем скаргаў на яго работу ад дзятлаўчан.

Удзельнікі семінара наведалі на Дзятлаўшчыне цэх па забою жывёлы, цэх па вытворчасці мясных паўфабрыкатаў, хлебазавод, пазнаёміліся з працай аўтамагазінаў.

Ва ўніверсаме “Родны кут” удзельнікі семінара-нарады пазнаёміліся з работай вытворчых цэхаў (кандытарскага, мясных паўфабрыкатаў, кулінарнага), арганізацыяй гандлю прадукцыяй грамадскага харчавання з выкарыстаннем свежых ягад (кандытарскія вырабы, піражкі), работай аддзела “Мясная крама” (з шырокім асартыментам мяса і мясных паўфабрыкатаў, субпрадуктаў, бараніны, труса, індычкі, качкі), гандлем рыбай на лёдзе, работай фірмовых секцый, прадэгуставалі кулінарную і кандытарскую прадукцыю грамадскага харчавання.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup