“Кніга лета-2020” ад педагогаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава

Важнае Грамадства

Для  бацькоў і настаўнікаў лета – гэта час вырашэння галоўнай задачы: як зрабіць адпачынак дзяцей яркім, запамінальным,  карысным і бяспечным.

Арганізацыя школьнага аздараўленчага летніка – адна з галоўных форм работы з выхаванцамі ў летні перыяд. Летнік выконвае найважнейшую місію: аздараўлення і выхавання дзяцей.

Напрацягу ўсёй першай змены ў летніку «Усмешка» сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава вялася работа, скіраваная на ўтварэнне аптымальных умоваў для паўнавартаснага адпачынку непаўналетніх.

Каб адпачынак выхаванцаў быў цікавым і карысным, калектыў летняга аздараўленчага лагера рэалізаваў творча-гульневы праект лагернай змены «Кніга лета-2020». Склалася цэласная сістэма мерапрыемстваў, якая садзейнічала  ўмацаванню здароўя дзяцей і фарміраванню навыкаў здаровага ладу жыцця, задавальненню індывідуальных патрэбаў выхаванцаў у інтэлектуальным, маральным, фізічным удасканаленні, фарміраванню ў іх сацыяльных нормаў і каштоўнасцей, развіццю творчых здольнасцяў праз арганізацыю пазнавальных, гульнёвых, камунікатыўных відаў дзейнасці.

Кожны новы дзень – гэта новая старонка кнігі, новае адкрыццё. У рамках рэспубліканскай акцыі “Лета – на здароўе!” у лагеры прайшло шмат розных мерапрыемстваў: гадзіна здароўя «У каралеўстве медыцыны»,  конкурс санбюлетэняў “У царстве гігіены”, хвілінкі здароўя  “Як абараніцца ад COVID – 19”, паўдзельнічалі і ў фестывалі сацыяльных ролікаў “Правядзі лета выдатна”.

Выхаванцы прынялі актыўны ўдзел у раённым экалагічным анлайн чэленджы “Эка+”. Кожны дзень у летніку выконваліся новыя заданні: гэта і фотачэлендж аб раслінным і жывёльным свеце, і відэачэлендж “У згодзе з прыродай, у згодзе з сабой”, і экачэлендж “Мода і вырабы з прыроднага матэрыялу”. Па выніках конкурсу лагер “Усмешка” сярэдняй школы №1 г. Дзятлава быў узнагароджаны дыпломам 2 ступені аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама.

Для забеспячэння бяспечнага адпачынку дзяцей вялася мэтанакіраваная работа па фарміраванні ў супрацоўнікаў і выхаванцаў аздараўленчага летніка дакладных установак аб неабходнасці захавання мераў бяспекі. Так, кожны дзень праходзілі хвілінкі бяспекі па навучанні дзеянням у выпадку ўзнікнення небяспечных і надзвычайных сітуацый. Запамінальнай падзеяй для выхаванцаў стала акцыя “Адзін дзень з МНС”. Супрацоўнікі РАНС правялі цікавую і пазнавальную сустрэчу з выхаванцамі, якая была накіравана на фарміраванне установак бяспечнага знаходжання ў летніку, прапанавалі цікавыя гульні,  паказалі тэхніку ў дзеянні.

Дзятлаўскі цэнтр турызму і краязнаўства арганізаваў раённую анлайн-гульню “Турляндыя”, у якой нашы выхаванцы прынялі актыўны ўдзел. Заданні былі разнастайнымі, цікавымі і насычанымі. Разам з педагогамі быў складзены маршрут экскурсіі па родным горадзе “Сцежкамі малой Радзімы”, стварылі шэдэўр “Мы малюем Свет”, прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі, знялі невялікі відэаролік “Разам весела крочыць па прасторах” і размясцілі яго на школьным сайце. Па выніках гульні каманда лагера “Усмешка” была ўзнагароджана дыпломам 1 ступені.

Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у летніку прайшоў флэш-моб “Запальвай+” з удзелам Савета піянерскай дружыны ім. М. С. Марозавай, прынялі актыўны ўдзел у раённым конкурсе на лепшае фота-сэлфі “Квітней, Беларусь мая, родная” і ўзнагароджаны дыпломам 3 ступені.

9 ліпеня ў летніку “Усмешка” прайшоў музейны ўрок з нагоды 76-й гадавіны вызвалення Дзятлава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выхаванцы летніка віртуальна прайшлі дарогамі вайны, каб глыбей адчуць шчасце міру і радасць Вялікай Перамогі. Старшы выхавальнік летніка Наталля Якабчук, расказала дзецям аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў нашым раене, падмацоўваючы гістарычныя звесткі ўспамінамі ўдзельнікаў баеў. Нельга было не ўспомніць пра мемарыяльны помнік, узведзены на дзятлаўскіх могілках, дзе пахаваны больш за 70 дзяцей з розных краінаў свету, што адпачывалі ў лагеры пры санаторыі “Наваельня”, якія загінулі ад голаду, эпідэмій, замучаны фашысцкімі акупантамі. Закончылі музейны ўрок на аптымістычнай ноце: “Мы добра разумеем, што без мінулага няма будучыні”. У гэты дзень дзеці знялі відэавіншаванне для ветэранаў і жыхароў раёна.

У апошні дзень змены ўражаннямі падзяліліся бацькі выхаванцаў.

В. І. Дзьячкова:

– За час работы летніка дзіця не толькі аздаравілася, але і атрымала незабыўныя ўражанні, даведалася шмат новага, цікавага і карыснага. Ксеніі вельмі спадабалася, а гэта самае галоўнае.

Н. Д. Тарасюк:

– Дзякуй вялікі арганізатарам змены за вясёлы і цікавы адпачынак. Выдатная работа, выдатная арганізацыя. Здароўя ўсім!

За 18 дзён знаходжання ў летніку педагогі і выхаванцы рэалізавалі задуманы праект “Кніга лета-2020”.

Таццяна АВЕРКАВА,
дырэктар летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава
Наталля ЯКАБЧУК,
старшы выхавальнік летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава