Ёсць першы экіпаж-тысячнік! (+відэа)

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Камбайнер Уладзімір Гукіш з ААТ “Граніт-Агра” 31 ліпеня першы ў раёне намалаціў 1000 тон зерня.

Калі б на Дзятлаўшчыне была кніга жніўных рэкордаў, то першая старонка, безумоўна, дасталася гэтаму працаўніку. Жніўны стаж Уладзіміра Гукіша складае 35 гадоў: тры – адпрацаваў ён памочнікам і 32 – на чале камбайнавага экіпажа. Уладзімір Іванавіч шэсць разоў быў удзельнікам рэспубліканскага свята “Дажынкі”. А на абласных і раённых “Дажынках”, як пераможца ці прызёр ў спаборніцтве, прысутнічаў літаральна кожны год. Апошнім часам памочнікамі ў яго – дарослыя дзеці. Адзін сезон адпрацавала дачка Ірына і пяць – сын Андрэй. Вось і на жніве гэтага года бацька з сынам поруч. Разам прымалі віншаванні з намалотам першай тысячы тон на Дзятлаўшчыне.

Ва ўрочышча  “Садкава”, дзе паспелі 110 гектараў яравога ячменю і цяпер там працуюць “Лексіёны”, прыехалі з віншаваннямі і падарункамі  прадстаўнікі райвыканкама, прафсаюза, адміністрацыі мясцовай гаспадаркі, работнікі культуры.

Уладзіміра і Андрэя Гукішаў павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама,  ён жа старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання  “Белая Русь”,  Ігар Кухарэвіч. Ён падзякаваў працаўнікам за іх нялёгкую працу, пажадаў здароўя, сонечных дзён, спраўнай тэхнікі і не спыняцца на  дасягнутым.

Да гэтых віншаванняў далучыўся дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур і  пажадаў камбайнаваму экіпажу 3000 намалоту.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак прывёз Гукішам дыпломы і  прэміі  ад абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК.

– Я яскрава ўяўляю, як няпроста трымаць “марку”, – зазначыў Уладзімір Фёдаравіч, – якая складаная і напружаная ваша праца. Але мы верым у ваша майстэрства. Так трымаць!

Свае грашовыя, кветкавыя і музычныя падарункі падрыхтавалі лідарам жніва Алена Зенчык, старшыня прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі, і культработнікі Святлана Грос і Іна Анушкевіч.

Літаральна праз пару хвілін пасля ўрачыстасці магутны “Лексіён-580” прадоўжыў сваю жніўную працу. Яравы ячмень урадзіў някепскі: выходзіць у сярэднім па 50,5 цэнтнера з гектара.

У гэты ж дзень, 31 ліпеня, да кагорты вадзіцеляў-тысячнікаў ААТ “Граніт-Агра” далучыўся  Казімір Рысюк. Ён перавёз ад камбайнаў 1072 тоны зерня. Казіміра Браніслававіча таксама павіншавалі, уручылі падарункі і  прэміі Ігар Кухарэвіч, Уладзімір Казак, Станіслаў Мазур, Алена Зенчык. Паспявалі для лідара жніва мясцовыя артысты.


Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup