Глыбінкай жыве Беларусь. Няхай кліча святло бацькоўскай хаты!

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Знайсці хату Яскельчыкаў у вёсцы Гута, што за два з паловай кіламетры ад Руды Яварскай, нам было проста.

Арыенцір дакладны: шмат машын. На юбілей равесніцы нашага раёна – 80-гадовай Яўгеніі Мікалаеўны  Яскельчык сабралася ўся шматлікая радня: дзеці, унукі, праўнукі. Жанатыя і халастыя, пажылыя і малыя, з горада і вёскі.

Самая старэйшая дачка Алена Луня парупілася, каб юбілей у матулі быў адметны – з віншаваннямі, музыкай, песнямі. Матуля, бабуля, прабабуля столькі дабра зрабіла родным, блізкім, ды і вяскоўцам увогуле! Зладзіць юбілей – гэта маленькая часцінка ўдзячнасці самаму дарагому чалавеку.

У хаце ў Гуце любяць збірацца ўсе сваякі. У гэтых сценах ладзіліся і вяселлі, і хрэсьбіны. Адсюль у апошні шлях Яўгенія Мікалаеўна праводзіла свайго мужа Міхаіла Іосіфавіча, з якім пражыла сямейнае жыццё ў ладзе і згодзе. Адсюль не хоча нікуды з’язджаць, бо і самае лепшае ў жыцці, і трагічныя падзеі звязаны з гэтай хатай, з роднай вёскай Гута.

Калі Жэні было восем гадоў, засталася  яна круглай сіратой. Спачатку фашысты забілі бацьку, а неўзабаве ад тыфу памерла матуля. Пра чатырох  дзецей стала клапаціцца цётка, сястра забітага Жэнінага бацькі. Сваіх дзяцей не было, таму ўсю  цеплыню і любоў жанчына аддавала пляменнікам. Сіроцтва, пакутлівага і бязрадаснага, Жэня не зведала, дзякуючы клопату цёткі.

Прыёмныя бацькі не пярэчылі, калі  руку дзяўчыны папрасіў нашмат старэйшы чалавек: кахаеце адзін аднаго – жаніцеся! Яўгеніі было толькі 16, а Міхаілу – 26, калі пабраліся шлюбам.

За дабрыню і спагаду сваіх прыёмных бацькоў Жэня з мужам аддзячылі такой жа пашанай і клопатам. Калі пабудавалі новую хату, забралі састарэлых цётку і дзядзьку  да сябе, жылі адной вялікай, дружнай сям’ёй. Унукі толькі калі сталі дарослымі даведаліся, што дзядуля і бабуля “не зусім родныя”.

Сямейныя сувязі ў Яскельчыкаў вельмі моцныя. Можа,  крыху і пафасна прагучыць, але тут прызвычаіліся жыць па прынцыпе:  адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго.Змалку бацькі прывучылі дзяцей да згуртаванасці ў любых сітуацыях, да адказнасці, працавітасці. Перадаецца гэта ад аднаго пакалення да другога.

– Калі надыходзіла якая праца – бульбу капаць ці сенаваць, то ўсе  збіраліся разам, працавалі талакой. Варта было бацьку патэлефанаваць і сказаць: заўтра капаем бульбу ў Валіка, як усе былі назаўтра ў полі, – расказвае Алена Луня.

Жыццёвыя выпрабаванні таксама адольвалі разам. Яўгенія Мікалаеўна пахавала не толькі любімага мужа, але і дваіх дзяцей з чатырох. Перажыць гора дапамаглі астатнія дзеці, унукі і праўнукі. Кожны стараецца жыць так, каб не засмучаць самага роднага і шаноўнага чалавека.

Варта зазначыць, што Яўгенія Мікалаеўна, якая мае толькі чатыры класы адукацыі, разам з мужам паклапацілася, каб дзеці сталі адукаванымі, паважанымі людзьмі. Цяпер і ўсе яе ўнукі маюць вышэйшую адукацыю. Асаблівы бабулін гонар – унук Валянцін, сын памерлага сына Валянціна. Ён з залатым медалём закончыў школу, затым БНТУ, цяпер выкладае ў гэтай вышэйшай навучальнай установе.

А ўвогуле, Яўгенія Мікалаеўна – багатая бабуля і прабабуля: у яе восем унукаў і трынаццаць праўнукаў. Самай меншай праўнучцы Дыяне – толькі тры гадочкі.

Вельмі шкадуе  жанчына, што не пабачыў праўнукаў яе Міхаіл, што не дзеліць разам з ёй радасць святочных сустрэч. А некалі ж так любіў, як Яўгенія спявае! Адзін час, пакуль была магчымасць, Яўгенія Мікалаеўна нават спявала ў Рудаяварскай царкве.

Былой добрай пявунні вельмі прыемна было атрымаць ад супрацоўніц сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ірыны Бакшук і Марыны Варган, а таксама кіраўніка  народнага хору “Ветэраны ў страі” Таццяны Шостка песенны падарунак. Спявачкі зладзілі на яскельчыкавым падворку віншаванне з беларускіх песень. А потым і ўся шматлікая сям’ я, многія нават са слязьмі на вачах, спявалі “Родительский дом”.

Бацькоўская хата не была зацесная для любых  урачыстасцяў. Усім чатыром дзецям Яскельчыкі зладзілі вяселлі. Прыходзіла на іх, лічы, уся вёска. Прыязджала таксама шматлікая радня з Казахстана, з Расіі. Збіраліся ў хаце на гулянку чалавек 150.

Самі ў той час гатавалі пачастункі, самі прыбіралі хату,  накрывалі сталы. Яўгенія Мікалаеўна, як даведаліся, умее  пячы смачныя пірагі і прыгожыя караваі. Калі ў вёсцы ладзілі вяселле, то каравай выпякаць абавязкова клікалі Яскельчыкаву Жэню. Цяпер, на жаль, няма моцы ў руках, але пакіраваць і пакансультаваць бабуля Жэня можа.

Яна і рукадзельніца выдатная: умее ткаць, вышываць. Усе дочкі і ўнучкі, калі ішлі замуж, абавязкова атрымлівалі “пасаг”.

– На вяселлі ўнучак бабуля прыходзіла з вялікімі “чамаданамі”, – прыгадвае дачка Алена. – Яна шчодра дарыла вышытыя ўласнаручна ручнікі, навалачкі, саматканыя вельмі прыгожыя радзюжкі і абавязкова падушкі. Дзеля вясельнага падарунка-падушкі на падворку трымалі шмат гусей. Падушкамі надзяляла бабуля нават жаніхоў-унукаў: як гэта будуць спаць маладыя на магазінных падушках?

Прычакаць вяселляў праўнукаў шчыра жадалі Яўгеніі Мікалаеўне падчас шанавання з юбілеем.

Вельмі расчулена была жанчына віншаваннем, якое адрасавалі ёй прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі Міхаіл Губар і Ядзвіга Гушча, рада падарунку і  кветкам.

Кветкі бабуля Жэня вельмі любіць. І не зводзяцца яны каля дома з году ў год. Цяпер прыгожа цвітуць лілеі. І няхай яны яшчэ доўга радуюць гаспадыню. Няхай у вокнах бацькоўскай-бабулінай хаты яшчэ доўга гарыць і кліча святло.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: