Дзятлава святочна-спартыўнае

Важнае Спорт і турызм

Турнір па шашках

Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя ўтварэння Дзятлаўскага раёна быў прымеркаваны турнір па шашках з удзелам мацнейшых шашыстаў Дзятлава і Слоніма.

 

Гонар Дзятлаўшчыны на міжраённым турніры абараняла каманда ў складзе Мікалая Венславоўскага, Юрыя Чайкоўскага, Міхаіла Вяроўкі, Аляксандра Масляка, Аляксандра Юргеля.

На сустрэчу прыехалі не менш знакамітыя шашысты са Слоніма – Аляксандр Аніська, Канстанцін Белуш, Уладзімір Захарчук, Ігар Петрусевіч, Аляксандр Пяцько.

На пляцоўцы стадыёна “Колас” праходзілі шашачныя баталіі, пераможцы якіх адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.Узнагароды прадугледзеў для гэтага турніру фізкультурна-спартыўны клуб Дзятлаўскага раёна.

У агульнакамандным заліку – нічыя, а ў асабістым – мацнейшымі аказаліся госці – першае і другое месцы падзялілі Аляксандр Аніська і Канстанцін Белуш са Слоніма. Трэцяе месца заняў дзятлаўчанін Мікалай Венславоўскі.

Футбольны сезон пачаўся

Сёлета ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй футбольны сезон на Гродзеншчыне пачынаецца толькі ў ліпені. Першая гульня першага тура чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе адбылася сёння, 3 ліпеня. Дзятлаўская каманда “Белая Русь”на сваім полі прымала каманду ФСК “Гродзенскі”Гродзенскага раёна. Сустрэча завяршылася ўнічыю 1: 1. Гол забіў Алег Лазовік.

Як паведаміў кіраўнік каманды Уладзімір Ганчар, да ўдзелу ў чэмпіянаце вобласці-2020дзятлаўчане заявіліся складам у 30 чалавек. Сярод удзельнікаў –і “ветэраны”дзятлаўскагафутболу Уладзімір Жынко, Вадзім Якаўчык, Іван Русін, Мікалай Рагачоў, Андрэй Жыдко,  і  мінскія “легіянеры”Абуа Леві-Шанс, Ніамэй Джуніёр, Турэ Юсуф, Іаа Есдрас, і  футбольная моладзь Ягор Антановіч, Максім Мазоль, Дзмітрый Сівіцкі.

У гэты дзень, 3 ліпеня, адбыліся пяць гульняў чэмпіянату вобласці. Яны праходзілі ў Гродне, Ваўкавыску, Мастах. Наступную гульню наша каманда “Белая Русь” правядзе зноў дома. 11 ліпеня будзе сустракацца з футбалістамі з Мастоў.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ