Яшчэ некалькі дзён таму гэтае месца з сімпатычнымі казачнымі героямі ў цэнтры Дзятлава ахвотна наведвалі бацькі разам з дзецьмі.
У скверы, што непадалёку ад раённага Цэнтра культуры, работнікамі жылкамунгаса некалькі гадоў таму былі ўсталяваны гномік, кот, сабачкі, чарапашка, жабка. І вось літаральна за адну ноч вандалы гэты казачны куток ператварылі ў сметнік. Мала таго, што там панакідвалі пакункаў з-пад чыпсаў, бітых бутэлек, дык яшчэ пашкодзілі літаральна кожную фігурку, створаную ўмелымі рукамі працаўніц жылкамунгаса дзеля радасці гарадской дзятвы.
Вандалы разадралі, іначай і не скажаш, чарапашку. А на ёй так часта фатаграфавалася малеча. З задавальненнем узбіраліся маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі на спіну “Тарціле”, уладкоўваліся і шчасліва ўсміхаліся ў “матулін смартфон”. Не пражыла “Тарціла” ў нашым “любімым” гарадку і некалькіх гадкоў.
Ката пазбавілі носа і вачэй. Дасталося і жабцы. Выжыў гномік, але і яго панчошкі пацярпелі. Адным словам, пастараліся вандалы, каб стала наша Дзятлава “прыгажэйшае”.
Ну, што тут сказаць: дзікунства! Да такіх варвараў і словаў ужо аніякіх не падабраць. Адно спадзяванне: калі там, у нябесных вышынях, ёсць нейкая сіла, то няхай з гэтымі нелюдзямі разбярэцца па “заслугах”. Спадзяванне і на міліцыю: знайсці і пакараць такім рублём, каб больш не часаліся рукі нішчыць працу іншых людзей, не рабіць з утульнага гарадка “сметніцу”.
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup