Дапамога Прасвятой Багародзіцы

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Ёсць у саборы навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у горадзе Дзятлаве цудоўная прыхаджанка Зоя Архіпаўна Шаміна.

Невысокага росту худзенькая бабулька, абапіраючыся на палачкі, прыходзіць на богаслужэнні нягледзячы на тое, што ў чэрвені ёй споўнілася ўжо 95 гадоў.

А жыццё пражыта нялёгкае, як і ў многіх, хто перажыў гады Вялікай Айчыннай вайны. Калі яна пачалася, юнай Зоі было ўсяго 16 гадоў. У Нарыльску, куды сям’я трапіла ў эвакуацыю, дзяўчыне давялося цяжка працаваць на шкоднай вытворчасці. Пасля вайны, у канцы 1950-х гадоў, яна вярнулася ў Беларусь з мужам Віталем, з якім абвянчаліся. У вёсцы Савічы, на Брэстчыне, муж і жонка сталі працаваць у вучылішчы механізатараў: Віталь Васільевіч быў майстрам вытворчага навучання, а Зоя Архіпаўна выкладала чарчэнне. Толькі вось праца на шкоднай вытворчасці ў ваенныя гады паўплывала на здароўе маладой жанчыны: з’явіліся прыступы астмы, што моцна перашкаджала ў выкладанні.

У гэты час лёс звёў яе з адной матушкай, у якой муж і дзеці загінулі ў гады рэпрэсій ад голаду. Жанчыны шмат размаўлялі, суперажывалі адна адной. Аднойчы матушка расказала Зоі Архіпаўне вось такую гісторыю.

Пасля перажытай трагедыі здароўе матушкі моцна пахіснулася: пры невялікай нагрузцы ці нават нагінанні ў яе пачынаўся насавы крывацёк. Хтосьці са знаёмых параіў ёй з’ездзіць у Жыровіцкі манастыр. Наведаўшы яго, матушка падчас малітвы папрасіла Царыцу Нябесную аб вылячэнні. Жанчына паспавядалася, прычасцілася Святых Хрыстовых Тайн, а калі прыклалася да абраза ў глыбокім паклоне, кроў з носа не пайшла. Хвароба да яе больш так і не вярнулася. Аповед матушкі глыбока запаў Зоі Архіпаўне ў душу, і яна стала ўсім сэрцам імкнуцца трапіць у Жыровічы, да цудатворнага абраза Божай Маці, верачы, што тая і ёй дапаможа.

Да веры маладая жанчына прыйшла яшчэ ў гады вайны. Нават у перыяд жорсткіх ганенняў на Царкву ў 1960-я гады, калі вернікаў пераследавалі, Зоя Архіпаўна, нягледзячы на слабое здароўе і пастаянныя астматычныя прыступы, таемна ездзіла на набажэнствы ў розныя храмы. Вера ў Бога давала сілы жыць.

І вось мара спраўдзілася – з’явілася магчымасць паехаць у Жыровіцкі манастыр. Жанчына і цяпер з хваляваннем успамінае тую сваю паездку: як малілася каля цудатворнага абраза Маці Божай, як на наступны дзень спавядалася і прычасцілася.

Зоя Архіпаўна ўжо ведала перыядычнасць прыступаў астмы і чакала, што вось-вось ёй стане дрэнна. Але цуд! Прыступаў хваробы ні ў гэты дзень, ні пасля не было. Царыца Нябесная пачула шчырую і гарачую малітву і падарыла вылячэнне.

Я гляджу на маленькую бабульку, якая на сабе адчула ласку Прасвятой Багародзіцы, і не сумняваюся, што гэты цуд змяніў не толькі яе жыццё, але і жыццё яе дзяцей, унукаў. У 2001 годзе ў мужа Віталя Васільевіча здарыўся інсульт, і дачка Алена забрала бацькоў да сябе ў Дзятлава. Пахаваўшы мужа ў 2007 годзе, Зоя Архіпаўна так і засталася ў дачкі. Маму і бабулю тут любяць і шануюць. А яе сэрца радуецца, што гэта сям’я веруючых хрысціян, жывуць усе з малітвай, наведваюць храм.

Унучка Алена скончыла Мінскае духоўнае вучылішча, унук Павел – Мінскую духоўную семінарыю і акадэмію, унук Аляксандр вучыцца ў Маскоўскай духоўнай семінарыі. І гэта яшчэ адна ласка, якой адарыла Зою Архіпаўну ў Жыровічах Найсвяцейшая Багародзіца.

Цяпер пры ўспаміне вяртаецца ў сэрца тая духоўная радасць, якую адчула жанчына шмат гадоў таму ў манастыры.

Жыровіцкі абраз Божай Маці — адна з галоўных хрысціянскіх святынь. Шмат стагоддзяў яна з’яўляецца месцам радасці і суцяшэння вернікаў. Да яе прыходзяць прасіць дапамогі ў дні душэўнага смутку і хваробы, маладыя просяць аб нараджэнні дзяцей. Тут вылечваюцца ад самых цяжкіх і нават невылечных захворванняў, у тым ліку анкалагічных.

Цуды магчымы для кожнага з нас, калі ёсць глыбокая вера ў добрую дапамогу Прасвятой Багародзіцы, шчырае пакаянне і гарачая малітва. Вы самі можаце ў гэтым пераканацца, пабываўшы ў святым месцы – Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры.

Іаан КІСЕЛЬ,
благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup