Божае благаславенне – на старанную працу (+відэа)

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Другі па велічыні “хлебны” палетак у раёне мае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Дварэц-Агра”.

Працаўнікам гэтай гаспадаркі сёлета трэба ўбраць збожжавыя і зернебабовыя культуры з 2455 гектараў.

На старанную працу хлебаробаў благаславілі і пажадалі ім дапамогі Божай настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы айцец Сергій і ксёндз касцёла Божага Цела ў Дварцы Павел. Адбылося гэта падчас урачыстых “Зажынак”, якія зладзілі ў гаспадарцы напярэдадні масавага жніва, калі ў работу ўключаюцца ўсе – камбайнавыя экіпажы, вадзіцелі, аператары збожжасушыльных комплексаў.

Гэтым летам на ўборцы хлеба ў “Дварэц-Агра” будуць заняты 10 камбайнавых экіпажаў. Ва ўсіх працаўнікоў –жніво не першае. Не адзін сезон правялі за “штурваламі” камбайнаў браты Кастусікі – Вячаслаў і Аляксандр, Мікалай Кіслы, Андрэй і Сяргей Ляўкевічы, Мікалай Марук. Маюць дастатковы жніўны вопыт Сяргей Радзюк, Валяр’ян Жукоўскі, Юрый Марчук, Дзмітрый Кіслы.

Пажаданні поспехаў на хлебнай ніве працаўнікам адрасавалі кіраўнік па вытворчасці КСУП “Дварэц-Агра” Вадзім Царык, галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Сяргей Лабар, старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч. Яны выказалі спадзяванні, што жніво ў гаспадарцы пройдзе зладжана, камбайнерам паспрыяе надвор’е, ураджай будзе шчодры.

Як абяцанне добрых намалотаў, кіраўніку па вытворчасці  КСУП “Дварэц-Агра” Вадзіму Царыку быў уручаны першы сноп з каласоў новага ўраджаю. Такім жа важкім павінен быць і хлебны каравай-2020.

Першыя абмалоты пацвердзілі, што ўраджай вырашчаны някепскі. Гаспадарка з першых 20 гектараў азімага ячменю атрымала 88 тон збожжа, па 44 цэнтнеры з кожнага.

Добра ўрадзіў і рапс: з 400 абмалочаных гектараў атрымалі 941 тону, і па ўраджайнасці прадпрыемства мае другі паказчык у раёне – 23,5 цэнтнера з гектара.

Поўных засекаў зерня зычылі землякам і мясцовыя работнікі культуры. Людміла і Аляксандр Баклушыны, Святлана Венская падрыхтавалі для прысутных на “Зажынках” не толькі вершаваныя радкі, песні, але і жартоўнае выпрабаванне для кіраўніка калектыву Вадзіма Царыка. Для яго гэтае жніво ў “Дварэц-Агра” першае – сапраўды, сур’ёзны экзамен.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup