Для Уладзіміра Нячаева, былога начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Дзятлаўшчына стала, можна сказаць, роднай.
Па-першае, тут прайшлі 11 гадоў службы з 35, аддадзеных небяспечнай і клапатлівай працы, а, па-другое, нядаўна ён стаў паўнапраўным жыхаром раёна, атрымаўшы прапіску ў Баравіках.
Уладзімір Аляксандравіч былых дзятлаўскіх падначаленых прыгадвае з павагай і цеплынёй:
– З гэтым калектывам праслужыў бы яшчэ 35 гадоў! Надзейныя, мужныя хлопцы, якія дакладна выконвалі ўсе пастаўленыя задачы. І сёння з нагоды прафесійнага свята хачу пажадаць ім найперш моцнага здароўя, дабрабыту, удачы. А яшчэ – мець надзейныя тылы, бо вельмі важна, каб блізкія і родныя людзі разумелі складанасці пажарнай службы.
У самога Уладзіміра Аляксандравіча такое разуменне ў сям’і ёсць, паколькі ўсе, праўда, акрамя жонкі, маюць дачыненне да пажарнай службы. Калі ў святочны дзень удаецца сабрацца сям’і разам, то размоваў на “пажарныя” тэмы дастаткова. Гэта і не дзіўна, паколькі сын у Нячаева – яшчэ адзін Уладзімір у сям’і, маёр, працуе намеснікам начальніка курса ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Дачка Вераніка – капітан, служыць у навукова-даследчым інстытуце гэтага ж міністэрства. І “другіх палавінак” дзеці Нячаева абралі сабе з “пажарных”: і нявестка, і зяць маюць званні і працуюць ва ўстановах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Напэўна, і ўнукі Нячаева пойдуць па дзедавай сцяжыне, бо ўжо любімая цацка – пажарная машынка.
Як прызнаўся Уладзімір Аляксандравіч, ён вельмі любіць свой вясковы дом, яму падабаецца займацца бытам: даглядаць участак, дапамагаць жонцы з агародам і насаджэннямі.
Але, пасядзеўшы на пенсіі месяцы з два, Уладзімір Аляксандравіч засумаваў і пачаў шукаць працу. І вось ужо два гады ён – начальнік аховы прыватнага прадпрыемства “Правіт-Бел” у Навагрудку. Кожную працоўную раніцу накіроўваецца на працу з Баравікоў у Навагрудак, дзе і пачыналася яго “пажарная” біяграфія.
З падлеткавага ўзросту Уладзімір упадабаў пажарную службу. Няшмат пра яе ведаў: хіба што пажарныя – людзі смелыя, моцныя, бо даводзіцца змагацца з агнём, працаваць у надзвычайных сітуацыях. Яшчэ вельмі падабалася форма пажарных, таму захацеў пасля васьмі класаў паступаць у Мінскі політэхнічны тэхнікум, дзе пачалі набіраць па спецыяльнасці “Супрацьпажарная тэхніка і бяспека”. Бацькі-настаўнікі выбару сына не пярэчылі. Падтрымаў хрэсніка і дзядька, бацькаў родны брат, які на той час служыў у Маскве. Так, лічы, на ўсё жыццё звязаў Уладзімір Нячаеў свой жыццёвы выбар з пажарнай справай.
Надалей будзе служба ў Навагрудскай прафесійнай пажарнай часці, вучоба ў камандна-інжынерным інстытуце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Будуць павышэнні па службе і чарговыя званні…
Двойчы міністр падпісваў загад аб падаўжэнні службы Нячаева: і на пенсію Уладзімір Аляксандравіч пайшоў не ў 45, як належыць, а толькі праз дзесяць гадоў. Штораз прапаноўвалі застацца і яшчэ папрацаваць. Двойчы адзначаны Уладзімір Нячаеў высокай “пажарнай” узнагародай – “За бездакорную службу” другой і трэцяй ступені. А колькі ў яго падзячных лістоў за 35 гадоў пажарнай службы!
Але, мабыць, яго галоўная ўзнагарода – павага. Уладзіміра Нячаева паважалі і паважаюць цяпер за ўменне адстаяць сваё меркаванне, адказнасць, высокі прафесіяналізм.
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup