Закон. Справядлівасць. Прафесіяналізм

Важнае Грамадства

26 чэрвеня ў нашай рэспубліцы прафесійнае свята адзначаюць работнікі пракуратуры.

Як праходзяць рабочыя будні ахоўнікаў закона і якія актуальныя задачы стаяць перад імі, карэспандэнтцы газеты расказаў намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Аляксандр Юркевіч.

– Сярод асноўных накірункаў работы – прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў. Пракуратура каардынуе праваахоўную дзейнасць іншых суб’ектаў прафілактыкі раёна ў вырашэнні такіх задач. Эфектыўнай формай абагульнення прафілактычнай работы, абмеркавання актуальных пытанняў, прыняцця адпаведных рашэнняў з’яўляюцца каардынацыйныя нарады, якія праходзяць два разы на паўгоддзе.

Яшчэ адзін важны накірунак – барацьба з карупцыяй. На прадпрыемствах раёна ладзім праверкі ажыццяўлення дзяржаўных закупак. У 2019 годзе ў новай рэдакцыі выйшаў Закон “Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)”, што адчувальна спрасціла работу ў гэтым кірунку.

Нямала ўвагі пракуратура раёна надае захаванню правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, прафілактыцы правапарушэнняў з іх удзелам, кантролю за вядзеннем зямельнага заканадаўства, рабоце са зваротамі грамадзян, іншым сферам праваахоўнай дзейнасці.

– Аляксандр Паўлавіч, якія меры прымаліся пракуратурай у першым паўгоддзі 2020 года для падтрымання законнасці ў Дзятлаўскім раёне?

– За бягучы перыяд 2020 года пракуратура Дзятлаўскага раёна ажыццявіла 22 агульнанаглядныя праверкі, былі ўнесены 12 актаў пракурорскага рэагавання, па патрабаванні пракурора да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 15 адказных асобаў, сума выплачанай шкоды склала 230 рублёў.

– У якіх сферах работу органаў і ўстановаў Дзятлаўшчыны варта актывізаваць?

– Найбольш пытанняў, як правіла, узнікае па рабоце аграпрамысловага комплексу раёна і ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

А ў пачатку 2020 года на Дзятлаўшчыне адзначаўся рост крадзяжоў. Былі прыняты аператыўныя меры рэагавання, адбылася каардынацыйная нарада з суб’ектамі прафілактыкі, актывізавалі інфармацыйную работу з насельніцтвам. Мерапрыемствы ў гэтым кірунку ажыццяўлялі таксама аддзел унутраных спраў райвыканкама, раённы аддзел Следчага камітэта. Агульныя намаганні далі плён, і цяпер назіраем паступовае зніжэнне колькасці крадзяжоў. Варта зазначыць, што найчасцей злодзеяў прывабліваюць нежылыя дамы, якія гаспадары выкарыстоўваюць як дачы. Таму многае залежыць ад уладальнікаў такой маёмасці і тых мераў бяспекі, якія яны прымаюць, каб абараніць сваю ўласнасць ад злачынных замахаў.

– З якімі праблемамі жыхары раёна найчасцей звяртаюцца ў пракуратуру?

– Калі аналізаваць работу пракуратуры са зваротамі грамадзян у першым паўгоддзі 2020 года, то часцей гэта былі зямельныя пытанні, пытанні па лініі папраўчай калоніі-пасялення № 26, што ў Гезгалах, закраналіся пытанні выканання крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства. Асабліва вострых ці набалелых праблем не было, усе яны вырашаліся ў рабочым парадку.

– Што дапамагае паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі?

– Лічу, што поспехі ў рабоце напрамую залежаць ад калектыву. У пракуратуры Дзятлаўскага раёна працуе невялікі, але зладжаны, правераны часам, здольны вырашаць пастаўленыя задачы калектыў. Больш за 25 гадоў прафесійнай дзейнасці аддала памочнік пракурора Ірына Аляксандраўна Забеліна. Каля 20 гадоў працуе ў органах пракуратуры Алег Валер’евіч Вялічка – пракурор Дзятлаўскага раёна. Мой прафесійны стаж налічвае больш за 12 гадоў. Доўгі час загадчыцай канцылярыі пракуратуры з’яўляецца Святлана Станіславаўна Пузач, не менш у пракуратуры раёна вадзіцелем працуе Аляксандр Яўгенавіч Кулеш, у склад нашага калектыву уваходзіць тэхработніца Алена Аляксееўна Вішнарэўская – для іх таксама характэрны такія прафесійныя рысы, як абавязковасць і адказнасць.

Не забываемся мы і аб ветэранах працы: у рамках розных акцый аказваем ім падтрымку, арганізоўваем сустрэчы з калектывам.

– Вашы пажаданні калегам і тым, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, з нагоды свята.

– Моцнага здароўя, бадзёрасці духу, дабрабыту і поспехаў у жыцці. Тым, хто ў страі – прафесіяналізму, плёну ў справах, кар’ернага росту.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup