Добра вядома, што сядзячы лад жыцця і адсутнасць руху пагаршаюць самаадчуванне.
Паводле дадзеных СААЗ ў тыдзень досыць 150 хвілін ўмеранай актыўнасці, каб пазбегнуць стрэсу і заставацца здаровымі. Пра тое, як рабіць гэта дома без спецыяльнага абсталявання і ва ўмовах самаізаляцыі, распавяла тэрапеўт Дзятлаўскай ЦРБ Ганна Аўдзеенка:
‒ Перш за ўсё варта часцей рухацца: хадзьба па перыметры нават невялікіх памяшканняў або марш на месцы дапамогуць вам заставацца актыўнымі. Можна нават выйсці на вуліцу, аднак пераканайцеся, што вы знаходзіцеся на адлегласці не менш за метр ад іншых людзей.
Старайцеся менш знаходзіцца ў сядзячым ці ляжачым становішчы. Разгледзьце магчымасць выкарыстання стала на высокіх ножках, які дазваляе працаваць стоячы. Выкарыстоўвайце ў якасцi падставак кнігі ці іншыя прыстасаванні.
Акрамя таго, важна рабіць кароткія актыўныя перапынкі на працягу дня. Гэта неабавязкова павінны быць практыкаванні, дастаткова штодзённых танцаў, гульняў з дзецьмі ці выканання хатніх абавязкаў.
Не лішнім будзе скарыстацца дапамогай анлайн-рэсурсаў, каб падабраць комплекс фізічных практыкаванняў для штодзённых трэніровак. Многія з такіх сайтаў бясплатныя і не патрабуюць рэгістрацыі.
Не забывайце пра адпачынак: медытацыя дапаможа расслабіцца пасля напружанага дня. Важна памятаць аб правільным харчаванні. Дадайце ў штодзённы рацыён больш агародніны і садавіны, абмяжуйце спажыванне солі, цукру і тлушчу. Піце дастатковую колькасць вады і адмоўцеся ад ужывання алкагольных напояў.
Марыя ПАПОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup