Шчара – рака партызанская. Вандроўка прадаўжаецца

Свежыя навіны Спорт і турызм

Сплаў па рацэ Шчара турыстам-воднікам найлепш пачынаць з Гарадкоў. Даехаць да іх можна толькі заказным транспартам праз Падвялікае або праз Паўлава Слонімскага раёна.

У абодвух выпадках будзе прыкладна 35-36 кіламетраў ад Дзятлава.

Сплаўляючыся, вам не надакучыць з замілаваннем любавацца прыбярэжнымі краявідамі, векавымі дубамі, якія там-сям учапіліся карэннямі ў бераг, па словах таго ж Янкі Брыля, – дубамі-баравікамі. Некаторыя з іх, падмытыя за сотні гадоў паводкавымі водамі, схілілі галовы да самай вады ці зусім утапіліся, але гэта ў адрозненне ад вузкай Моўчадзі не дазваляе ім перагарадзіць усё русла. Заўсёды застаецца шмат месца для манёўра. Таму на Шчары можна дзясяткамі хвілін “сушыць” вёслы, рабіць замалёўкі, фотаздымкі, сэлфі, а часам і “драмануць”. Паўсюль нескладана знайсці месца, каб спыніцца для кароткага адпачынку, перакусу ці купання. На выпуклых берагах час ад часу з’яўляюцца палогія ўчасткі з чыстым гарачым пясочкам, месцамі да самага берага падступае лес, найчасцей хваёвы. Няма праблем і з дровамі для вогнішча. На адлегласці ад ракі да Гарадкоў і Вялікай Волі магазінаў няма, спадзявацца на аўталаўку рызыкоўна, таму харчы на ўсе дні трэба браць з сабой. Пра пітную ваду ўжо зазначаў: можна набраць у калодзежах, дзе яна пераважна каламутная, але надзейней ёй таксама запасціся загадзя, тым больш, што яна на плечы турысту-водніку не будзе ціснуць.

У Гарадках, Трахімавічах і Вялікай Волі трэба абавязкова наведаць абеліскі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, пакласці кветкі, аддаць даніну павагі хвілінай маўчання, можна зачытаць урыўкі ўспамінаў сведкаў трагедыі з кнігі Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка і Алеся Адамовіча “Я з вогненнай вёскі”. Пабываць у пустым цяпер доме адпачынку “Рэчанька”, зрабіць экскурсію ў адноўленую партызанскую зямлянку побач з ім.

Вада ў Шчары з чырванаватым, “палескім” адценнем, але значна цяплейшая, чым у Моўчадзі, больш рыбная. На вуду нават неспрактыкаванага рыбака часцей трапляе акунь, плотка ці лешч. А ў спякотныя летнія дні ў прыбярэжным аеры на плыткіх мясцінах мне з вучнямі не раз удавалася налавіць рукамі некалькі дзясяткаў дробязі на наварыстую юшку. У лясах хапае суніцаў, брусніцаў, чарніцаў, сустракаюцца зараснікі маліны і ажыны, а ў другой палове лета за гадзіну можна сабраць кош грыбоў.

Прыгажосць краявідаў, цішыня, зрэдку патрывожаная клёкатам буслоў ці дзікіх качак, бязлюддзе ствараюць непаўторную атмасферу для душэўнага адпачынку.

Здзіўляе зараз і тое, што вялікія абшары прыбярэжных лугоў не косяцца, не пасвіцца на іх жывёла, таму іншы раз, каб разбіць бівак, гэты травастой даводзіцца “касіць” вяслом ці рыдлёўкай. Але ёсць і другі бок медаля: усё гэта спрыяе разнастайнасці флоры і фаўны. Сёння ў лясах каля Шчары можна ўбачыць і завезеных сюды нядаўна зуброў, і высакародных аленяў, не кажучы пра ласёў і казуляў. У старыцах былі заўважаны балотныя чарапахі, а месцамі вока могуць парадаваць вялікія белыя, таксама чырванакніжныя гарлачыкі і дзясяткі іншых рэдкіх раслінаў.

Не бойцеся таго, што Шчара глыбокая і небяспечная. Гэта рака для сплаву нашмат прасцейшая для пачаткоўцаў, чым Моўчадзь, а якая багатая яе гісторыя ад старажытнасці да нашых дзён. Сёлетні 75-гадовы юбілей Вялікай Перамогі – найлепшая нагода, каб пабываць на ёй, каб аддаць даніну павагі тым, хто коштам свайго жыцця здабываў яе.

Мне давялося сплаўляцца па Шчары не менш за дзесяць разоў, пачынаючы ад Быценя і Шылавічаў, ад Слоніма да Міцкавічаў, ад Прырэчча і Гарадкоў. Магу зрабіць выснову: чым бліжэй да вусця, тым яна прыгажэйшая. Менавіта таму, каб захаваць гэту прыгажосць, на пачатку 2000-х гадоў створаны ландшафтны заказнік Ліпічанская пушча. У нашым раёне ён займае тэрыторыю паміж прытокамі Шчары, рэкамі Пад’яваркай і Хлеўнай ад вёскі Лозкі і да правага берага асноўнай ракі паміж Малой і Вялікай Воляй.

У межах гэтага прыродаахоўчага дзяржаўнага аб’екта турыстам спыняцца на начлег можна толькі на платных абсталяваных стаянках, абмежаваны і многія правы падарожнікаў. Каб выпадкова не патрапіць на значныя штрафныя санкцыі, загадзя ўзгадняйце з лясгасамі правілы паводзінаў у заказніках. А пакуль межы яго не пашыраны, спяшайцеся на Шчару, спяшайцеся ў партызанскі край, спяшайцеся нацешыцца дадзенай вам усявышнім прыгажосцю роднага краю, беражыце яго для нашчадкаў.

Аматары водных падарожжаў ці проста жадаючыя да іх далучыцца могуць звяртацца ў Дзятлаўскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб, дзе за невялікую плату можна браць напракат байдаркі. Даведкі па тэлефонах: 8-01563-6-21-95; +375-44-5927175 (спытаць Вольгу Васіленка).

Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ,
краязнаўца, турыст-воднік