Сакрэты добрага ўраджаю. Вырошчванне таматаў

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Напэўна, наўрад ці знойдзецца чалавек, які не пагодзіцца са мной наконт таго, што таматы – адна з любімых і карысных агароднінных культур.

Гэта і салаты з іх, і кетчупы, і сокі. А якія смачныя таматы ў свежым выглядзе, асабліва сабраныя са сваёй градкі.

Вырошчваннем таматаў я займаюся даўно, а на прафесійнай аснове, калі пайшла на пенсію. Мне падабаецца спазнаваць новае ў вырошчванні таматаў, прыслухоўваюся да парадаў, прачытаных у часопісах, знойдзеных у інтэрнэце, люблю эксперыментаваць. Перапробавала каля тысячы сартоў. У цяперашні час у маёй калекцыі каля 50 любімых сартоў – ад ультраранніх да сярэдняпозніх, ад карлікаў да індэтэрмінантных, ад сартоў да гібрыдаў, ад чырвоных, ружовых, жоўтых да чорных. Звяртаючы ўвагу на розныя паказчыкіновых сартоў і гібрыдаў таматаў, імкнуся вылучыць асноўныя: прывабнасць расліны і пладоў, ураджайнасць і смакавыя якасці.

Вопыт назапашаны немалы, што дапамагло стварыць сістэму атрымання высокіх ураджаяў таматаў. Гэтым я хачу падзяліцца з маладымі агароднікамі.

1. Усё пачынаецца з насення.

Насенне я заказваю па каталогах і ў інтэрнэце.

Насеннем, сабраным з сартоў, я карыстаюся год-два, потым сорт аднаўляю. У цяпліцах вырошчваю гібрыды. Па баках высаджваю нізкарослыя (да 1 метра), а пасярэдзіне – высакарослыя (індэты), у асноўным буйнаплодныя. Чаму гібрыды? Лёгка пераносяць перапады тэмпературы, не падвяргаюцца захворванням, даюць ураджай да замаразкаў. Насенне з гібрыдаў не збіраю. Штогод высаджваю новыя.

2. Мая мара – ураджайныя сарты.

Мне вельмі падабаюцца сарты фірмаў “Партнёр”, “Аэлита”, серыя “Чудо-помидор”, сібірскай селекцыі. Я вырошчваю памідоры для сябе, на продаж і яны нязменна карыстаюцца вялікім попытам.

Якія сарты высаджваю ў адкрыты грунт? Нізкарослыя і сярэднярослыя, ультрараннія, раннія і сярэдняраннія. Сярод іх “Метелица”, “Чудо Алтая”, “Пелагея”, “Снежный барс”, “Красный петух”, “Сахарная Настасья”.

Вельмі добра зарэкамендавалі такія высакарослыя сарты, як “Абаканский розовый”, “Кенигсберг”, “Золотой Кенигсберг”, “Орлиное сердце”, “Японский  краб”.

Маімі любімымі нізкарослымі гібрыдамі з’яўляюцца “Катя”, “Скворец”, “Папина дочка”, “Императорская слабость”, “Лимеренс”, “Любаша”, “Лирика”, “Герцогиня вкуса”, “Крестьянский” (да 5 кг з расліны) .

Сярод высакарослых гібрыдаў – “Королева” (да 7 кг з расліны), “Пушистик красный”, “Гордость застолья” аграфірмы “Партнёр”, і вядома, непаўторныя таматы  —“Талстой” вядомай галандскай фірмы “Бейо”,“Махитос”фірмы “Цваан”, “Кристалл”, “Ханни Мун”, “Сарра”, “Матиас”фірмы “Клаузе”.

Дзякуючы ўдала падабраным сартам ласавацца свежымі таматамі можна з сярэдзіны чэрвеня да Калядаў.

3. Падрыхтоўка і ўзбагачэнне глебы ў цяпліцы.

Цяпер многія агароднікі набылі цяпліцы і часта задаюцца пытаннем: як часта мяняць грунт ў цяпліцы? Навукоўцы рэкамендуюць вяртаць памідоры на ранейшую плошчу толькі праз чатыры-пяць гадоў і саджаць іх толькі пасля такіх папярэднікаў, як агуркі, капуста, цыбуля, бабовыя. Тэарэтычна гэта так, але на практыцы на цесна засаджаным маленькім участку падобныя рэкамендацыі выканаць немагчыма. Пры пасадцы памідораў на адным месцы шмат гадоў запар з кожным годам у зямлі назапашваецца ўсё больш і больш рознай заразы, і перш за ўсё, узбуджальнікаў фітафторы. Як быць? Даводзіцца кожныя два гады выконвацьнялёгую працу: цалкам замяняць ў цяпліцы верхні, дзесяцісантыметровы пласт глебы. У мяне цяпліца існуе восем гадоў, і я ні разу не мяняла грунт, я проста аднаўляю яго. Пасля заканчэння плоданашэння ўсе расліны з каранямі выдаляю з цяпліцы, участак узрыхляю, пры неабходнасці ўвільготніваю і высейваю сідэраты. Можна выкарыстоўваць азімае жыта і пшаніцу, а можна авёс з гарохам. “Газон”, які ўтварыўся з  раслін  вышынёй 20-25 сантыметраў, перакопваю на штых рыдлёўкі. У канцы сакавіка-пачатку красавіка праводжу дадатковую сяўбу такой гарохава-аўсянай сумессю. Да канца красавіка магутны дыван яшчэ раз перакопваю, паверхню выраўноўваю. Глеба робіцца лёгкая, рассыпчатая. Лункі запаўняю перагноем, торфам, пры высадцы расады дадаю попел. Вельмі добра аднаўляе глебу настой з крапівы.

Для цяпліц трэба ўлічваць яшчэ адну акалічнасць. Зімой там могуць схавацца шкоднікі (белакрылкі, трыпсы і іншыя  маленькія, але вельмі небяспечныя шкоднікі). Таму цяпліцу трэба абавязкова прамыць любым хлорутрымліваючым сродкам. 2-3 таблеткі хлоркі я разводжу ў вядры вады і мыю ўсе сценкі цяпліцы, а там, дзе цяжка прамыць, пырскаю з пульвелізатара.

4. Субстракт для расады.

З восені рыхтую  субстракт  для расады. Бяру зямлю з кратовых пагорачкаў або там, дзе расце крапіва, дадаю перагной, торф, рачны пясок, попел. Змешваю. Трымаю на адкрытым паветры. Прамарожваю. Перад пасадкай прыношу ў цёплае памяшканне. У субстракт для расады дадаю пакупную сумесь, размочаную какосавую стружку, вермікуліт.

5. Атрыманне  расады.

У пачатку сакавіка,  субстракт праграваю, апрацоўваю слабым растворам марганцоўкі,  сею памідоры для цяпліц, а ў апошняй дэкадзе сакавіка сею расаду для адкрытага грунта. Некаторыя агароднікі, спрабуючы атрымаць ураджай крыху раней, сеюць расаду ў лютым. Пераканалася, што ранняя сяўба расады аслабляе  расліну, яна марнуе вельмі шмат энергіі і ў будучым з гэтых раслін атрымліваюцца пазнейшыя плады і іх менш, чым з тых, якія пасаджаны пазней.

Глыбіня лункі пры сяўбе – да 1 сантыметра, паміж лункамі 3-4 сантыметры. Прысыпаю  слоем прасеянага грунту, накрываю плёнкай і стаўлю каля крыніцы цяпла. Праз 4-5 дзён, калі з’яўляюцца ўсходы, пленку знімаю, а ёмістасці стаўлю ў добра асветленае месца. У красавіку, калі начная тэмпература не апускаецца ніжэй за 10 градусаў цяпла, пераношу ў цяпліцу. Скрынкі стаўлю на ўцяпляльнік, а зверху накрываю плёнкай. Расада загартоўваецца.

6. Пікіроўка расады.

Пікірую расаду ў канцы красавіка. Глебу праліваю цёплай вадой. Праз тыдзень пасля пікіроўкі расаду пачынаю па чарзе падкормліваць комплекснымі ўгнаеннямі “Корневин”, “Крепыш”, “Фитоспорин”, “Гамаир” “Экосил”. Расада атрымліваецца моцнай, тоўсценькай, з магутнай каранёвай сістэмай. Яна вельмі добра прыжываецца, расліна хутка пачынае зацвітаць і радаваць  цудоўным ураджаем.

7. Паліванне і падкормка.

Пасля высадкі таматаў на пастаяннае месца, паліваю адзін раз у 2-3 дні па 1літру на адну расліну цёплай вадой і толькіпад корань. Калі расліны прыняліся, акучваю баразёнкамі, як бульбу, і паліваннераблю ў баразёнкі. У спёку гэта лепш рабіць умерана – адзін раз у 2-3 дні, а пры больш прахалодным надвор’і паліванне трэба скараціць. Інтэнсіўнасць палівання падбіраецца ў залежнасці ад рэакцыі раслін (калі абвіслі лісточкі, значыць, прыйшоў час палівання).

Паліваць таматы лепш  раніцай пад корань адстоенай цёплай вадой,  а глебу злёгку рыхліць пасля таго, як яе верхні пласт падсохне. Трэба памятаць, што на першай стадыі развіцця ўраджайнасць таматаў павышае падвойнае высокае акучванне кустоў. Яно спрыяе стварэнню магутнай каранёвай сістэмы. Але ў перыяд наліцця і паспявання пладоў трэба адмовіцца ад акучвання таматаў, паколькі гэты працэс адцягвае сілы расліны ад галоўнай задачы – фарміравання пладоў.

У час цвіцення другіх і трэціх гронаккусты таматаў маюць патрэбу ў падкормцы. Часта для гэтага выкарыстоўваю слабы раствор борнай кіслаты. Ён стымулюе ўтварэнне пылку і новых кропак росту, павялічвае пладанашэнне і павышае ўзровень цукру ў таматах. Для падрыхтоўкі пажыўнага складу трэба развесці 10 грамаў парашку борнай кіслаты ў 10 літрах вады. Раўнамерна апырскваю памідорныя кусты.

З надыходам пладанашэння таматы маюць патрэбу ў асаблівым рэжыме харчавання і складзе  ўгнаенняў, якія ўносяцца. Часцей за ўсё рэкамендуюць наступныя падкормкі.

Попел. Пасля палівання або дажджу насыпце пад кусты таматаў сухіпопел з разліку 3-4 сталовыя лыжкі на 1 квадратны метр. Яго можна ўносіць на працягу ўсяго перыяду пладанашэння кожныя 10-14 дзён.

“Спажыўныя асарці” – 200-літровую бочку напаўняю 10 літрамі каравякау або курынага памёту, 5літрамі попелу, 1 кілаграмам дражджэй, 3 літрамі сыроваткі, вядром здробненай крапівы і заліваю вадой. Бочку шчыльна закрываю, усё настойваецца два тыдні. Атрыманы склад разводжу вадой у прапорцыі 1:10 і паліваю расліны пад корань адзін раз у 10 дзён.

У якасці дадатку прывяду універсальныя рэцэпты падкормак на ўвесь сезон:

растварыце ў 10 літрах вады 0,5 літра курынага памёту, 1 сталовую лыжку суперфасфату, а таксама 1 чайную лыжку сульфату калію. Палівайце кожны кусцік 0,5 літра раствору;

дадайце ў вядро (10літраў) 1 сталовую лыжку суперфасфату. Палівайце кожны кусцік 0,5 літра раствору;

1,5 літра прасеянага попелу, развесці ў 5 літрах кіпеню, добра змяшаць, а пасля астывання даліць вадой да аб’ёму 10 літраў. Сюды варта выліць аптэчную бутэлечку ёду (10 мілілітраў) і высыпаць пакецік борнай кіслаты (10грамаў). Гэты раствор павінен пастаяць суткі, а перад ужываннем яго трэба разбавіць вадой у суадносінах1:10. Паліваць з разліку 1 літр на кусцік.

Падкормка паскарае паспяванне пладоў, абараняе ад фітафторы. Да цвіцення харчаванне таматау павінна быць умераным, а ў перыяд налівання пладоў расліне неабходна даваць больш вады і мінеральных рэчываў.

8. Таматы абавязкова пасынкуйце.

Для атрымання добрага ўраджаю таматаў вельмі важна выдаляць лішнія парасткі. Нізкарослыятаматы можна фарміраваць ў 4-5 сцяблін, а індатэрмінантныя у 1-2 сцябліны. Калі я хачу з нізкарослых атрымаць ураджай хутчэй, то фармірую ў 2-3 сцябліны. Выдаляю не ўвесь пасынак да сцябла, а пакідаю невялікі пянёк вышынёй 0,5-1 сантыметра. У адкрытым грунце таматы пасынкую 1-2 разы за сезон, а ў цяпліцы – па неабходнасці (звычайна гэта раблю кожныя 7-10 дзён). Калі вы толькі пачалі займацца вырошчваннем таматаў, то лепш пачніце з нізкарослых ці сярэднярослых, нават у цяпліцы, а паступова, назапашваючы вопыт, пяройдзеце да індатэрмінантных.

9. Абрывайце лісце ў час пладанашэння.

Сілы, неабходныя для добрага пладанашэння таматаў, аднімаюць не толькі лішнія пасынкі, але і лішак зялёнай масы ў выглядзе лісця. Горш за ўсё, калі ніжняе лісце на кустах ляжыць на зямлі і становіцца праваднікамі інфекцый. Першае выдаленне лісця праводжу ў сярэдзіне-канцы чэрвеня ў сухое і цёплае надвор’е, у ранішнія гадзіны, каб за дзень ранка паспела зацягнуцца. Звычайна абрываюць па 1-3 ніжніялісточкіштотыдзень да з’яўлення першых суквеццяў. Гэта паляпшае вентыляцыю і знімае з кустоў лішнюю нагрузку. Лісце, размешчанае пад суквеццямі, выразаю па меры наліцця пладоў.

10. Як  абараніць таматы ад хваробаў і шкоднікаў.

Стойкасць таматаў да фітафтарозу павышаюць фосфарныя ўгнаенні. Менавіта з гэтай прычыны карысна падкормліваць расліны суперфасфатам, падсыпаючы яго пад кусцік (1 сталовая лыжка на расліну) кожныя дзесяць дзён.

Для падкормкі і барацьбы з хваробамі і шкоднікамі выкарыстоўваю малако, кефір, сыроватку. Пры паліванні імі паляпшаюцца абменныя працэсы, таматы насычаюцца вітамінамі і мікраэлементамі. А пры апырскванні расліна засцерагаецца не толькі ад фітафтарозу, грыбковых захворванняў, але і ад шкоднікаў, таму што большасць з іх не пераносяць лактозу, якая ўтрымліваецца ў малацэ. Але трэба памятаць, што малочныя прадукты варта выкарыстоўваць толькі з самай нізкай тлустасцю альбо наогул абястлушчаныя, інакш можна расліне нашкодзіць. І абавязкова разводзіць вадой. На 1 літр малака рэкамендуецца дадаць 4-5 літраў вады; на літр кефіру – 6-7 літраў вады; на літр сыроваткі – 10-12 літраў вады.

Для ўстойлівага эфекту апрацоўваць таматы малочнымі прадуктамі трэба хаця б 1 раз у 2 тыдні.

Сярод народных рэцэптаў варта адзначыць і такія:

раствор, прыгатаваны з 10 літраў вады і 2 мілілітраў ёду;

содавы раствор (1 шклянку харчовай соды на 10 літраў вады);

дражджавы раствор (100 грамаў свежых прасаваных дражджэй на 10 літраў вады).

Вырошчванне таматаў – справа працаёмкая. Гэтая культура лічыцца даволі капрызнай. У адным артыкуле немагчыма паказаць усе тонкасці вырошчвання таматаў. Але хочацца верыць, што некаторыя парады, выкладзеныя ў маім артыкуле, дапамогуць пачынаючым агароднікам пазбегнуць памылак пры вырошчванні і атрымаць жаданы ўраджай таматаў. Калі ў вас па гэтай тэме узнікнуць пытанні, я з задавальненнем на іх адкажу.

Лідзія ЛЯЎКЕВІЧ,
жыхарка г. Дзятлава