Прафілактыка язвы страўніка

Грамадства Свежыя навіны

Язвавая хвароба ‒ хранічнае захворванне, пры якім у гастрадуадэнальнай зоне страўніка або дванаццаціперснай кішцы ўтвараецца язва (радзей ‒ дзве ці больш).

Пра тое, што рабіць, каб пазбегнуць хваробы, расказала доктар-гастраэнтэролаг Дзятлаўскай ЦРБ Жанна Рэцько:

‒ Развіццё язвавай хваробы можа справакаваць асаблівы від патагенных бактэрый, якія называюцца helicobacter pylori. Яны інфіцыруюць страўнік і дванаццаціперсную кішку, выдзяляюць вялікую колькасць таксінаў, парушаючы такім чынам слізістую абалонку ўнутраных органаў. Для язвы страўніка характэрна хранічнае цячэнне захворвання, якое абвастраецца пераважна вясной ці восенню.

Галоўныя правілы прафілактыкі язвавай хваробы ‒ правільнае харчаванне і здаровы лад жыцця. Радзей ужывайце тлустую, вострую і смажаную ежу, кансервы. Старайцеся харчавацца невялікімі порцыямі да шасці разоў на дзень. Сачыце за тэмпературай ежы: яна не павінна быць занадта гарачай або халоднай. Адмоўцеся ад курэння і алкаголю, абмяжуйце ўжыванне кавы і газіраваных напояў.

Важным крокам у прафілактыцы язвы страўніка з’яўляюцца штогадовыя прафілактычныя агляды, своечасовае лячэнне захворванняў поласці рота і зубоў, гастрытаў. Акрамя таго, нельга бескантрольна прымаць лекавыя сродкі ‒ перад іх ужываннем абавязкова пракансультуйцеся з доктарам. Не лішнім будуць такія ўніверсальныя метады прафілактыкі, як паўнавартасны сон, мінімізацыя стрэсу і рэгулярнае мыццё рук з мылам, што дапаможа пазбегнуць заражэння хелікабактэрнай інфекцыяй і значна знізіць рызыку ўзнікнення язвы.

Язвавая хвароба не толькі шкодзіць страўніку, але і ўплывае на ўсю стрававальную сістэму, патрабуючы захавання cтрогай дыеты і выключэння з рацыёна шмат якіх звыклых прадуктаў (смажаная, тлустая і салодкая ежа, алкагольныя і халодныя напоі). Як і многія хваробы, язву прасцей папярэдзіць, чым лячыць. Прытрымліваючыся нескладаных правілаў і своечасова звярнуўшыся да доктара, можна засцерагчы ад яе сябе і сваю сям’ю.

Марыя ПАПОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup