З 25 чэрвеня на палетках КСУП “Хвінявічы” працуе моладзевы студэнцкі атрад.
Да 17 ліпеня прадоўжацца тут рабочыя будні для 19 навучэнцаў Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, якія сёлета дапамагаюць роднай гаспадарцы, а заадно атрымліваюць працоўны вопыт і карысныя навыкі.
З першым сакратаром Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык мы сустрэлі студатрадаўцаў ва ўрочышчы Агароднікі, дзе яны заняты на відавой праполцы пшаніцы.
– Хлопцы і дзяўчаты стараюцца, іх можна пахваліць, – зазначае аграном-хімік КСУП “Хвінявічы” Артур Хартановіч. – Тут, ва ўрочышчы Агароднікі, пасеяны 22 гектары пшаніцы. Нашы маладыя работнікі дапамагаюць ачышчаць культуру, выдаляючы каласы іншых зерневых. Калі папрацуюць ад душы – гаспадарка атрымае больш якасны ўраджай без прымесі. Мяркую, з гэтым заданнем студатрадаўцы справяцца хутка, тады вырашым, на якое поле іх накіраваць яшчэ.
– Навучэнцы маюць магчымасць адчуць, як гэта – зарабляць грошы самастойна, – далучаецца да размовы камандзір атрада Наталля Узун. –А калі каму-небудзь спадабаецца сельскагаспадарчая спецыяльнасць, то на малой радзіме застанецца яшчэ адзін працаўнік. У любым выпадку, для юнакоў і дзяўчат “свая капейка” – гэта першы крок да самастойнасці. Я і сёння памятаю, як за першую зарплату набыла джынсы.
Наталля Юр’еўна працуе поварам у школьнай сталовай, а камандзірам студатрадаўцаў другі год запар становіцца ў час водпуску.
– На поле студатрадаўцаў дастаўляе транспарт гаспадаркі, нам пакідаюць пітную ваду. Наш рабочы час доўжыцца 4 гадзіны 36 хвілін, затым – едзем дахаты. Спадзяюся, мае юныя работнікі да канца працоўнай змены застануцца такімі ж цярплівымі, стараннымі і вясёлымі, як цяпер.
– Працаваць “на каласках” не цяжка, – сцвярджае выпускнік Кірыл Емяльянчык. Хлопец з 14 гадоў удзельнічае ў студатрадаўскім руху і лічыць, што заробленыя ў гаспадарцы грошы лішнімі не бываюць. Кірыл хваліцца, што летась яго заробак за студатрадаўскую змену склаў амаль 200 рублёў, і спадзяецца, што сёлета будзе не менш.
– Мінулагоднія грошы я патраціў на акрылавыя фарбы, – прадаўжае свой аповед юнак. – Проста паабяцаў сястры Насці, што на дзень нараджэння падару ёй карціну ўласнай работы. Паабяцаў – і зрабіў. Станавіцца мастаком не збіраюся – паступаю ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны Рэспублікі Беларусь. Калі ўсё ўдасца, буду ратаўніком. Гэта прафесія прываблівае за магчымасць дапамагаць людзям.
– Гэта мой першы працоўны семестр у складзе студатрада, – кажа Уладзіслаў Сцепанчук, які перайшоў у дзявяты клас. – Пра тое, што тут весела, даведаўся ад сяброў, паспяшаўся запісацца. Аб сваім рашэнні не шкадую. Заробленыя грошы планую патраціць на падрыхтоўку да школы. Упэўнены, што работа ў атрадзе зробіць мяне больш старанным і адказным, ды і бацькі задаволены, што канікулы праходзяць з карысцю. Часу на адпачынак мне таксама хапае. Увечары паспяваю пагуляць у футбол ці валейбол, пакатацца на веласіпедах. Маладым людзям раю абавязкова запісвацца ў студатрады, каб адчуць цану дарослай працы, стаць больш дысцыплінаванымі.
– Цяпер на Дзятлаўшчыне на відавой праполцы працуюць тры студэнцкія атрады, усяго 38 чалавек. Студатрадаўцы дапамагаюць КСУП “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, “Белагурна”, – падводзіць вынікі нашай паездкі моладзевы лідар раёна Кацярына Хілімончык. – На наступную працоўную вахту студатрадаўцы заступяць ужо ў час жніва. Пажадаем ім плённай работы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup