Маргарыта Цяцерына: “Майстравалі ўсёй сям’ёй”

Важнае Грамадства

Наша юная зямлячка Маргарыта Цяцерына, навучэнка Казлоўшчынскай сярэдняй школы, стала пераможцай абласнога конкурсу “Чырвоны Крыж: мінулае, сучаснасць, будучыня”.

Конкурс ладзіўся у рамках месячніка Чырвонага Крыжа з ініцыятывы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Удзел у ім прынялі 66 работ юных жыхароў Прынёманскага краю. Дзятлаўчане былі даволі актыўнымі: да конкурсу далучыліся навучэнцы Казлоўшчынскай сярэдняй школы, Хвінявіцкага і Круцілавіцкага дзіцячых садоў-сярэдніх школ, сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Канкурсантам неабходна было падрыхтаваць тэматычныя работы з розных матэрыялаў, у розных тэхніках па тэме “Чырвоны Крыж: мінулае, сучаснасць, будучыня” з сімволікай Чырвонага Крыжа.

Маргарыта Цяцерына разам з татам і мамай стварылі прыгожую ляльку-сястру міласэрнасці Чырвонага Крыжа і напісалі кранальны верш аб удзельніках дабрачыннага руху, які змясцілі ў рамку і замацавалі на падстаўцы побач з лялькай. Атрымалася прыгожая кампазіцыя. Журы ацаніла яе вышэйшым балам.

Дыплом першай ступені за ўдзел у конкурсе і памятны падарунак Маргарыце Цяцерынай уручыла старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк.

Цікава было даведацца ў дзяўчынкі, ці спадабалася ёй удзельнічаць у творчым конкурсе.

– Вельмі спадабалася, – зазначае Маргарыта, – асабліва працэс падрыхтоўкі. Конкурсную работу мы майстравалі ўсёй сям’ёй. Тата зрабіў падстаўку і пафарбаваў яе ў залаты колер. Мама вязала ляльку кручком. Мы разам прыдумвалі, якімі павінна быць у яе сукенка і медыцынская сумка, нашывалі на іх чырвоныя крыжыкі. Затым прыдумалі верш пра самаадданых валанцёраў Чырвонага Крыжа.

– Нашай сям’і блізкія справы міласэрнасці, – уключаецца ў размову мама Маргарыты – Жанна Цяцерына, – а яшчэ мы стараемся займаць актыўную жыцёвую пазіцыю, не праходзіць міма чужых праблем. Я педагог Казлоўшчынскай сярэдняй школы, але цяпер знаходжуся ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Гэта не перашкаджае разам з калегамі ўключацца ў сацыяльна значныя мерапрыемствы, тым больш што прыклад з нас бяруць дзеці. Так, мінулым летам разам з Інай Альшэўскай, Ганнай Шундрык і магазінам “Эдэм” Святланы Кучынскай мы праводзілі дабрачынную акцыю “Дапаможам дзецям сабрацца ў школу”, трансліравалі яе ў сацыяльных сетках. Цяпер я з задавальненнем падтрымала сваю дачку пры падрыхтоўцы да конкурсу, вельмі радуюся, што яна перамагла.

На жаль, ляльку-прыгажуню сфатаграфаваць не ўдалося: работы пераможцаў конкурсу засталіся ў Гродне і будуць прадстаўлены ў музейнай экспазіцыі Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, а іх фотаздымкі размесцяць у віртуальным альбоме на старонках абласной арганізацыі ў сацыяльных сетках.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup