Лета – гарачая пара для работнікаў лясной аховы.
Але кожны з нас можа дапамагчы ім, не дадаючы новай працы. Як засцерагчы лес ад агню, а сябе ад штрафаў, карэспандэнтка газеты “Перамога” пацікавілася ў інжынера па ахове і абароне лесу ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Міхаіла Карэнкі.
– Якая сітуацыя з ляснымі пажарамі сёлета?
– З сакавіка па чэрвень на тэрыторыі Дзятлаўскага лясгаса было зафіксавана 11 лясных пажараў на агульнай плошчы 7,8 гектара. Самы буйны пажар адбыўся ў Новаяльнянскім лясніцтве. Толькі дзякуючы своечасоваму рэагаванню, прафесійнаму кіраўніцтву, і размеркаванню сілаў і сродкаў на тушэнне пажару, узгаранне ўдалося аператыўна ліквідаваць, не дапусціць распаўсюджванне пажару на большай плошчы. Усе зафіксаваныя лясныя пажары адбыліся па прычыне неасцярожнага, а часта безадказнага абыходжання з агнём. – Як правільна паводзіць сябе ў лесе, каб засцерагчы яго ад агню? – Дзятлаўскі лясгас нагадвае грамадзянам, што на працягу ўсяго пажаранебяспечнага перыяду катэгарычна забараняецца распальваць вогнішчы ў хвойных лясах і маладняках, на ўчастках пашкоджаных лясных пасадак, тарфяніках, у месцах высечак (на лесасеках), не ачышчаных ад рэшткаў нарыхтаванай драўніны, у месцах з падсохлай травой. Таксама заклікаю вас не пакідаць у лесе непатушаныя крыніцы гарэння (запалкі, недакуркі, гарачы попел). У час палявання нельга прымяняць пыжы з лёгкаўзгаральных матэрыялаў, пакідаць прамасленую або прамочаную гаручымі вадкасцямі паперу, тканіну, паклю, вату. Нельга наўмысна выпальваць галлё, лясную падсцілку, траву на землях ляснога фонду.
– Аўтамабіль і лес – наколькі гэта бяспечна?
– Аўтамабілі самі па сабе не нясуць небяспекі для ляснога фонду, але катэгарычна нельга запраўляць паліўныя бакі машын і механізмаў у непрыстасаваных для гэтага месцах, а таксама пры ўключаным рухавіку. Нельга выкарыстоўваць аўтамабілі з няспраўнасцямі, з-за якіх гаручыя
вадкасці могуць выцякаць на зямлю. Нельга курыць і карыстацца адкрытым агнём у час запраўкі машын.
– Як бяспечна карыстацца агнём у лесе?
– Дапускаецца раскладванне вогнішча (у тым ліку, з выкарыстаннем прыстасаванняў – мангалаў, барбекю, грыля, газавых плітаў) пры ўмове іх размяшчэння на пляцоўках, акружаных мінералізаванай (ачышчанай ад мінеральнага слою глебы) паласой не менш за 0,25 метра, дзе выключана пашкоджанне агнём кронаў, ствалоў і карэння дрэваў, акрамя забароненых участкаў. Пры гэтым неабходны пастаянны кантроль за працэсам гарэння і наяўнасць сродкаў тушэння (вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўка). Пасля выкарыстання вогнішча неабходна патушыць да поўнага спынення тлення.
– Што чакае парушальнікаў ляснога заканадаўства?
– За распальванне вогнішча ў забароненых месцах прадугледжана папярэджанне або штраф у памеры да 12 базавых велічыняў, а за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах, на тарфяніках або забароны на іх наведванне – штраф да 50 базавых велічыняў. ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” заклікае грамадзян выконваць правілы пажарнай бяспекі ў лясах і на тэрыторыях, блізкіх да ляснога фонду. Калі вы заўважылі ў лесе дым, неадкладна паведаміце ў Дзятлаўскі лясгас па дзяжурным тэлефоне 6-10-70.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup