Марта Мілаш, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Дзятлаўскага РАНС:
– У ліку маіх галоўных жыццёвых дасягненняў – заканчэнне ўніверсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па Надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і атрыманне спецыяльнасці “Інжынер па пажарнай і прамысловай бяспецы”. Насіць форму марыла яшчэ тады, калі вучылася ў Гезгалаўскай сярэдняй школе. Ведала, што дзяўчыне атрымаць ваенізаваную спецыяльнасць складаней, чым юнаку. Але дапамаглі стан здароўя, фізічная загартоўка, высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні. За вучобу і актыўны ўдзел у жыцці ўніверсітэта была адзначана нагрудным знакам. Пасля размеркавання разам з мужам, таксама супрацоўнікам МНС, прыехала працаваць на Дзятлаўшчыну. Работу сваю люблю за дынаміку і разнастайнасць. Мая галоўная задача – вучыць людзей бяспечным паводзінам, пры гэтым шмат увагі надаём дзецям і пажылым грамадзянам. З дзеткамі працаваць люблю асабліва, бо яны цікаўныя, задаюць шмат пытанняў, радуюцца новым ведам.
У далейшых планах на жыццё – расці як спецыялісту, укараніць новыя методыкі ў навучанне дзяцей асновам бяспекі, магчыма, паступіць у магістратуру МНС, каб затым займець званне. У сямейных планах – пабудаваць сваё жыллё, нарадзіць дзетак.
Моладзі Дзятлаўшчыны жадаю крочыць за сваёй марай, выбіраць справу па душы, з задавальненнем хадзіць на работу, пастаянна ставіць перад сабой мэты, каб жыць было цікавей.
Сяргей Карнэлік, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:
– Сваімі галоўнымі дасягненнямі лічу заканчэнне ГрДУ імя Я. Купалы і настаўніцкую дзейнасць. У Вензавецкай школе працую сем гадоў, атрымаў першую кваліфікацыйную катэгорыю. Калі прыйшоў ва ўстанову, у круглагадовай раённай спартакіядзе школьнікаў нашы навучэнцы былі на апошніх пазіцыях, у 2020 годзе – выйшлі на першае месца. Вензавецкая школа сёлета стала яшчэ і пераможцай агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку спартыўна-масавай работы сярод установаў адукацыі Дзятлаўшчыны. Я з’яўляюся трэнерам па лёгкай атлетыцы Дзятлаўскай ДЮСШ і на базе Вензавецкай школы трэнірую групу вучняў, якія неаднаразова станавіліся раённымі пераможцамі, у складзе раённай зборнай каманды выступалі на абласных спаборніцтвах. У прафесійнай скарбонцы ёсць дасягненні і ўзнагароды рознага ўзроўню, у тым ліку – перамога на раённым этапе конкурсу “Настаўнік года”. Часта выступаю за Дзятлаўшчыну ў складзе зборнай каманды раёна на спаборніцтвах і турзлётах, актыўна ўдзельнічаю ў раённых мерапрыемствах, імкнуся на ўласным прыкладзе прывіваць дзецям любоў да здаровага ладу жыцця і спорту.
У прафесійных планах – стаць настаўнікам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і сярод сваіх вучняў падрыхтаваць чэмпіёнаў, як мінімум, рэспубліканскага ўзроўню.
Моладзі Дзятлаўшчыны жадаю здароўя, толькі карыснага адпачынку, актыўнасці ў грамадскім і спартыўным жыцці.
Таццяна Макарчык, начальнік вытворчасці і разліву ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”:
– У ліку маіх галоўных дасягненняў – нараджэнне дачушкі Арыны, якой чатыры месяцы, адукацыя, працоўная дзейнасць. У свой час я скончыла біяфак ГрДУ імя Я. Купалы, праходзіла перападрыхтоўку на інжынера-тэхнолага малочнай прамысловасці ў Магілёўскім харчовым універсітэце, цяпер завочна вучуся ў магістратуры па спецыяльнасці “Паліталогія”.
На лікёра-гарэлачны завод трапіла па размеркаванні, адпрацавала тут два гады, выйшла замуж, засталася працаваць далей. У калектыве падабаецца, бо кіраўніцтва прадпрыемства падтрымлівае ініцыятывы, дае магчымасць развівацца. Тут я атрымала дадатковы дыплом дэгустатара.
Я займаю актыўную жыццёвую пазіцыю, удзельнічаю ў моладзевым руху, за што некалькі гадоў таму была накіравана на міжнародны моладзевы форум, які праходзіў у Арэнбургу. Паездка стала каштоўным вопытам. Я ўпэўнілася, наколькі ў нас адораная моладзь. Форум дапамог пазнаёміцца з цікавымі людзьмі.
На дасягнутым спыняцца не збіраюся. Цяпер галоўная жыццёвая мэта – выгадаваць дачушку годным чалавекам, даць ёй дарогу ў жыццё. Пакуль знаходжуся ў водпуску па доглядзе дзіцяці, хачу вывучыць замежную мову. Планы на больш аддаленую перспектыву пабудую пазней.
Моладзі нашага раёна таксама жадаю ўпэўнена крочыць да сваіх мэтаў і памятаць, што поспех прыходзіць не інакш, як праз самаадданую працу. Ведайце: мы самі можам развіваць і будаваць свой рэгіён, стаць дбайнымі гаспадарамі там, дзе нарадзіліся, калі нашымі спадарожнікамі стануць стваральная праца і самаўдасканаленне.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup