У кожнага агародніка – свае сакрэты шчодрых ураджаяў.
Ёсць такія і ў Вацлава Браніслававіч Залеўскага з аграгарадка Хвінявічы.Эксперыментатар па духу, ён кожную ўпадабаную параду абавязкова апрабуе на сваім участку. Яно і зразумела, Вацлаў Браніслававіч – аграном з больш чым 40-гадовым стажам. І заўсёды справай гонару для яго было атрымаць максімальна магчымы ўраджай з мінімальнымі выдаткамі.
Як спецыяліст ён выдатна разумее, што глеба – не апошняе звяно ў атрыманні ўраджаю. А калі глеба не лепшая?Пастановай Савета Міністраў ад 30.12. 2014 года № 1277 зацверджаны спіс раёнаў краіны, неспрыяльных для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Па Гродзенскай вобласці ў гэтым спісе апынуліся тры раёны. У тым ліку Дзятлаўскі, 80 % пясчаных зямель якога бедныя на медзь, цынк, бор і серу. І Вацлаў Браніслававіч з гэтым згодны: яго ўчастак таму пацвярджэнне.
А таму асаблівая агародная тэма для Залеўскага – паўторныя пасевы. Гэта не толькі дадатковая прыбаўка ўраджаю, але і паляпшэнне ўрадлівасці глебы, што куды важней. Таму пасля ранняй бульбы, цыбулі на пяро, салаты, радыскі ўсе свабодныя зямлі ён засявае па другім і нават трэцім крузе. Зямля не павінна гуляць. Часам паўторныя пасевы займаюць больш за 72% ад усяго ўчастка.
Адзін з прыкладаў. На адной з градак на зіму гаспадар пасадзіў азімы часнок і цыбулю-шалот на пяро. Пасля таго, як да лета яна вызвалілася, размясціў астатнюю расаду таматаў. А ўжо пасля іх у сярэдзіне жніўня пасеяў агуркі. Але не быў бы Вацлаў Браніслававіч эксперыментатарам, калі б частку насення агуркоў не высеяў без якой-небудзь апрацоўкі, а частку, як раілі стаўрапольцы, апрацаваў содай. Вынік перасягнуў усе чаканні. «Стаўрапольскія» агурочкі былі ў два разы мацнейшыя і больш ураджайныя. Першыя зелянцы саспелі ў сярэдзіне верасня.
Цікавы і вопыт вырошчвання морквы. Звычайна яе высейваюць або ранняй вясной, або ў пачатку чэрвеня, каб зберагчы ад маркоўнай мухі, вылет якой да гэтага моманту ўжо заканчваецца. Якраз да канца чэрвеня вызваліўся ўчастак пасля ранняй бульбы. Паколькі морква любіць калій, старанна разраўнаваўшы ўчастак, гаспадар унёс пад перадпасяўное баранаванне па 20 грамаў хлорыстага калію на адзін квадратны метр і высеяў моркву гатунку “Доўгая чырвоная без стрыжня”. У якасці маячкоў у пачатку радка кінуў насенне радыскі. Калі яно ўзышло, адразу ж падрыхліў міжрадкоўі, папярэдне апыліўшы іх драўняным попелам. Надвор’е стаяла гарачае, і морква з цяжкасцю прабівалася скрозь тоўшчу зямлі. Як толькі ў сеянцаў з’явіўся першы сапраўдны ліст, падкарміў усходы па лістоце растворам мачавіны (50 грамаў на 10 літраў вады). Калі ж пайшлі доўгачаканыя дажджы, і морква пачала актыўна расці, зноў апырскаў расліны мачавінай, дадаўшы ў яе 5 грамаўмеднага купарвасу. Праз тыдзень новая апрацоўка мачавінай з 3 мілілітрамі ёду, пасля яе – мачавінай з 5 грамамі борнай кіслаты. Такія пазакаранёвыя падкормкі, чаргуючы медзь, бор і ёд, рабіў да канца жніўня, пакуль бацвінне не стулілася ў радку. Выкарыстаў для падкормкі і спецыяльны раствор: на 10 літраў вады – 3 грамы меднага купарвасу і 2 літры выцяжкі суперфасфату, якірыхтуецца з разліку 6 кілаграмаў суперфасфату на 35 літраў вады. І вось у канцы кастрычніка сабраў выдатны ўраджай: 5 кілаграмаў морквы з аднаго квадратнага метра.
Летнія засухі апошніх гадоў прымусілі яго перагледзець набор культур для паўторных пасеваў. Калі раней (у пераліку на гектары) морквы атрымлівалася 600-700 цэнтнераў з аднаго гектара, то ў апошнія гады – не больш за 350. Ды і насенне па месяцы ляжыць у глебе пакуль прарасце. На змену моркве прыйшлі гарбуз і кабачок. Першы год ураджай быў сціплы, але затым тэхналогію іх пасеву Вацлаў Браніслававіч удасканаліў. Цяпер высейвае насенне гарбузоў у міжрадкоўе бульбы, пасля таго як яна ўзыдзе. І высейвае насенне не ў сам грэбень, а збоку і абавязкова пасярэдзіне ўзышоўшых“букетаў” бульбы: там вільгаці больш. Сеяў праз радок, пакідаючы паміж раслінамі па 0,8-0,9 метра. Можна і гусцей – праз 0,5-0,6 метра: пры копцы бульбы частка гарбузоў усё роўна пацерпіць. Лішнія ж і слабенькія ніколі не позна выдаліць. Пасля ўборкі бульбы градку (цяпер ужо гарбузовую) барануе, каб менш выпаралася вільгаці.
Кожную расліну гаспадар падкормлівае агароднай «бражкай», якую рыхтуе з зяленіва крапівы і жывакоста (окопника). Расліны здрабняе на дзедаўскай сячкарні, укладвае на 2/3 аб’ёму ў 70-літровую пластыкавую бочку, залівае вадой і накрывае вечкам. Праз 3-4 дня, калі раствор пачне бражыцца, рыхтуе дражджавую сумесь. 5 грамаў сухіх дрожджаў разводзіць у 200 грамах цёплай кіпячонай вады і дадае 2 сталовыя лыжкі цукру. Размешвае і чакае, калі з’явіцца пенная “шапачка». Пасля гэтага вылівае дрожджы ў бочку, вымешвае і накрывае. Праз 5-6 дзён ад раслін застаюцца толькі прожылкі: «зялёны» чай для раслін гатовы. Прычым, без непрыемнага паху. Для паліву агародных культур пад корань разводзіць настой 1:10, а для пазакаранёвай падкормкі – 1:19.
Нягледзячы на тое, што лета ў апошні час больш засушлівае, гарбузы і кабачкі ўсё роўна паражаюцца мучністай расой. Выратуе іх ад гэтай навалы настой цыбульнага шалупіння і выцяжка жывакоста. А каб было больш жаночых кветак, калі з’явяцца бутоны, апырскваюць пасадкі наступным саставам: на 12 літраў вады — 4 літры выцяжкі суперфасфату і 5 грамаў борнай кіслаты. А як вынік – з адной соткі атрымана 1160 кілаграмаў гарбузоў.
Нягледзячы на тое, што бульба ў гаспадара нязменна расце на адным і тым жа ўчастку ўжо больш за 32 гады, ураджаі нязменна выдатныя. Здзіўлены? Пры выкананні агратэхнікі і правільных падкормках такое магчыма. Галоўнае, каб глеба не стамлялася. Бо менавіта ад яе здароўя шмат у чым залежыць атрыманне высокіх, стабільных і экалагічна чыстых ураджаяў. Можна аздараўліваць грунт і расліны з дапамогай аграхімікатаў, але гэта і цяжка, і небяспечна. Куды лепш пасеяць сідэральные культуры.
У мінулыя гады Вацлаў Браніслававічсідэратам № 1 лічыў рэдзьку алейную. Але потым заўважыў, што нават пры сухім надвор’і капуста ўсё роўна моцна паражаецца кілой. Калі ўсё прааналізаваў, прыйшоў да высновы, што вінавата рэдзька алейная: яны ж з капустай з аднаго сямейства крыжакветных. І тут трапілася на вочы публікацыя доктара сельскагаспадарчых навук прафесара Т. Анохінай аб грэчцы. Аказваецца, гэтая культура – выдатны папярэднік як для палявых, так і для агароднінных культур: у іх няма агульных шкоднікаў і хваробаў. Добра высейваць грэчку і ў стацыянарных цяпліцах пасля ўборкі асноўных культур ці вясной да высадкі расады.
Набыўшы пару кілаграмаў грэчкі, Залеўскі пасеяў яе 20 ліпеня на ўсіх градках, якія вызваліліся да таго часу. І вымахала грэчка амаль на 1,5 метра ў вышыню. Прычым, аднолькава добраяяна была і на пяску, і на супесі, і на цяжкім суглінку. І ўсюды пасля яе зямля свяцілася: ніводнага каліва якога-небудзь пустазелля! А каб грэчка лепш усходзіла і была больш ураджайнай, перад пасевам насенне абавязкова трэба на працягу некалькіх дзён прагрэць на сонцы, рассыпаўшы 10-сантыметровым пластом на мешкавіне. Першы вопыт не аказаўся, як той блін, камяком. З аднаго з участкаў першага тэрміну сяўбы плошчай 252 квадратныя метры сабраў Вацлаў Браніслававіч 33 кілаграмы грэчкі (амаль 11 цэнтнераў з гектара).
Ірына СКРУНДЗЬ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup