Атрад “Дружба” і яго камандзір, або як з’явілася ў Дзятлаве вуліца Жолабава

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Ніяк не пакідае ваенная тэма.

Магчыма, таму, што шмат чаго яшчэ ёсць сказаць пра тыя далёкія гады, калі нашай краіне пагражала знішчэнне і вырашалася спрадвечнае пытанне быць нам на гэтай зямлі ці не быць, калі гарэлі беларускія вёскі і гарады, гінулі землякі. А яшчэ таму, што наш музей  – скарбонка матэрыялаў, і варта дзяліцца імі з людзьмі.

І зноў дастаеш папкі, перапіску, зноў чытаеш, супастаўляеш, параўноўваеш. Папка №17. Перапіска Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча з Нінай Сямёнаўнай Жолабавай, жонкай знакамітага камандзіра атрада “Дружба”, што дзейнічаў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.

Гістарычная даведка

“Дружба” – спецыяльная партызанская група НКУС БССР на тэрыторыі Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. 7 верасня 1943 года група (7 чалавек) пераправілася ў варожы тыл. Камандзір Іван Аляксеевіч Жолабаў. Вяла дыверсійную работу на тэрыторыі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, у лістападзе 1943 года (налічвала 150 чалавек) злучылася з Чырвонай Арміяй. 6 красавіка 1944 года група “Дружба” ў складзе 15 чалавек зноў пераправілася ў варожы тыл. Дзейнічала ў Дзятлаўскім і Шчучынскім раёнах Баранавіцкай вобласці. У варожым тыле партызанская група пусціла пад адхон 22 эшалоны, разбіла і пашкодзіла 25 паравозаў, больш за 150 вагонаў і платформ, 51 аўтамашыну, 2 танкі, узарвала 4 масты, знішчыла 1 км чыгуначнага палатна. 10 ліпеня 1944 года група ў складзе 60 чалавек злучылася з Чырвонай Арміяй (БелЭС, т.4, стар.286).

Перапіска Міхаіла Фёдаравіча і Ніны Сямёнаўны вялася пасля смерці Жолабава, у 1982 годзе, калі вырашалася пытанне аб назве адной з вуліц г.п. Дзятлава яго імем. Ліст ад 23.03.1982 года. “Паважаная Ніна Сямёнаўна, атрымаў Ваш ліст. Дзякую за тое, што Вы знайшлі сілы і магчымасць хутка нам адказаць, хаця і перажываеце вялікае гора. На жаль, дапамагчы мы не маем сілы, але па-чалавечы глыбока Вам спачуваем і разумеем цяжар незваротнай страты. Днямі была ў нашым музеі Людміла Аляксандраўна  Грынаш (Дуканіна). Яна толькі вярнулася з паездкі на пахаванне Івана Аляксеевіча, свайго брата, таксама моцна перажывае. Трохі расказала пра наведванне вашага дома, пра размову з Вамі. Сказала, што бачыла шмат матэрыялаў з асабістага архіва Івана Аляксеевіча: баявы шлях  атрада “Дружба”, вышыты на кавалку палатна, нумар беластоцкай падпольнай газеты з заметкай пра атрад, пісьмы Вярхоўчака, пасведчанні партызан і многае іншае. Усе гэта матэрыялы ваеннага часу, яны з’яўляюцца вельмі каштоўнымі экспанатамі для музея, як і іншыя прадметы і дакументы. Іх мы хацелі б паказаць у нашым музеі, але пакуль не маем такой магчымасці. І справа гэта зараз залежыць толькі ад Вас. Калі Вы вырашыце, што перадаць Дзятлаву, што Гомелю, што пакінуць у Барнавуле, то напішыце мне. Я ўжо папярэдне гаварыў з уладамі наконт назвы адной з вуліц Дзятлава іменем Вашага мужа. Гэта прапанова знайшла падтрымку. А мне хочацца, як дырэктару музея, стварыць куток, прысвечаны Івану Аляксеевічу, і зрабіць гэта можна толькі з Вашай дапамогай. Так у справе ўвекавечання імя камандзіра атрада “Дружба” ў нас з Вамі павінна быць цеснае супрацоўніцтва, агульная зацікаўленасць. З пажаданнем усяго найлепшага М.Петрыкевіч”.

Ніна Сямёнаўна вельмі хутка адказала Міхаілу Фёдаравічу, напісаўшы, “Паважаны Міхаіл Фёдаравіч, атрымала Ваш ліст і ліст ад Івана Ігнатавіча (прозвішча не ўказана, але матэрыялы папкі выдаюць, што гэта Іван Ігнатавіч Васюкевіч, паплечнік Жолабава), дзе ён піша, што хочуць увекавечыць памяць пра Івана Аляксеевіча ў г.п.Дзятлава. Днямі я яму дашлю характарыстыку ці даведку з КДБ або крайкама КПСС. Экспанатаў у Івана Аляксеевіча шмат. Пасля размовы з першым сакратаром крайкаманапішу Вам ліст і пералічу, што ў мяне ёсць, што пакіну ў Барнавуле, што перадам у Гомель, што ў Гродна, а што вашаму музею. Іван Аляксеевіч перапісваўся са сваімі партызанамі-палякамі, а пасля іх смерці – з іх жонкамі і дзецьмі, а таксама з Янам Вярхоўчакам. Ёсць шмат прачулых лістоў, усе яны захаваны, а таксама і газетныя артыкулы. Перадавайце прывітанне супрацоўнікам музея. Ніна Сямёнаўна Жолабава”.

Ёсць у архівах таксама і чарнавік ліста Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, напісаны на імя дырэктара партархіва пры ЦК КПБ у г.Мінску. Ён піша: “28.01.1982 года ў горадзе Барнавуле памёр Жолабаў Іван Аляксеевіч, палкоўнік КДБ у адстаўцы, былы камандзір партызанскага атрада спецпрызначэння “Дружба”. У 1944 годзе гэты атрад базаваўся ў Ліпічанскай пушчы, баявыя і разведвальныя дзеянні праводзіў таксама на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Таварыш Жолабаў меў тады званне капітана і псеўданім “Севярны”. Ён шмат зрабіў для аднаўлення Савецкай улады ў Дзятлаве пасля вызвалення раёна, потым напісаў кнігу “На Нёмане чакаюць сваіх” (кнігу яшчэ пры жыцці Іван Аляксеевіч Жолабаў даслаў у рэдакцыю газеты “Перамога”, а ўжо адтуль яна трапіла ў музей), у якой апісаў многія падзеі ваеннага часу ў нашым краі.

Мы хочам паказаць гэтага чалавека ў экспазіцыі музея і назваць яго імем адну з вуліц Дзятлава. Для гэтага нам неабходна мець дакументальныя дадзеныя. У сувязі з гэтым просім даслаць архіўную даведку, якая пацвярджае партызанскую дзейнасць Жолабава І.А. Дырэктар музея М. Петрыкевіч”.

Нідзе не знайшла даты мерапрыемства, калі была адкрыта дошка па вуліцы Жолабава, але адбылося гэта ў тым жа, 1982 годзе. Ёсць і чарнавік выступлення Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча на мітынгу. Хочацца даць вытрымку выступлення, з якой можна пачэрпнуцьшмат цікавага. “Добрымі помнікамі актыўным барацьбітам з фашыстамі, – піша Міхаіл Фёдаравіч, – з’яўляюцца мемарыяльныя дошкі і назвы вуліц нашага горада, якія носяць імёны воінаў Савецкай Арміі, партызан і падпольшчыкаў. Гэта вуліцы Я.Я.Фогеля, П. Г. Пятрова, К.Заслонава, Макарава, Вахоніна, Міхаіла Белуша, І.Ю. Філідовіча, Г.П.Русіна. І вось яшчэ адна вуліца – Жолабава. Пра яго сёння гаварылі многія, хочацца толькі пацвердзіць, што Жолабаў не толькі ўмелы арганізатар і адважны разведчык, але і таленавіты пісьменнік. Сярод яго кніг пра вайну асабліва нам дарагая кніга “На Нёмане чакаюць сваіх”. У ёй праўдзіва і яскрава паказана цяжкае становішча на Нёмане, у тым ліку і на Дзятлаўшчыне вясной 1944 года. Вайна ў кнізе паказана як усенародная справа. Аўтар падкрэслівае, што сіла і непераможнасць партызан – у падтрымцы народа. Менавіта гэта падтрымка ператварыла невялікую групу з 15 чалавек у вялікі і баяздольны атрад. Жолабаў паказаў, што з фашысцкімі захопнікамі біліся, не шкадуючы жыцця, людзі розных нацыянальнасцей: рускія, беларусы, украінцы, палякі, чувашы, югаславы. Кнігу падараваў нашаму музею з уласнаручным подпісам Іван Аляксеевіч яшчэ ў 1975 годзе, гэта год яе выхаду. Хацелася б, каб кніга трапіла ў рукі многіх нашых дзятлаўчан і жыхароў суседніх раёнаў. Таму хачу папрасіць жонку Івана Аляксеевіча дамовіцца з Алтайскім кніжным выдавецтвам пра тое, каб з дзясятак экзэмпляраў даслалі на адрас нашага абласнога кнігадруку, калі ўбачыць свет другое выданне”.Ці ўбачыла свет другое выданне, невядома. Але ў ваеннай экспазіцыі нашага музея кніга ёсць. І з цікавымі фактамі вайны на Дзятлаўшчыне, убачанымі і апісанымі Іванам Аляксеевічам Жолабавым, мы пазнаёмімся ў наступны раз.

 Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup