Агледзелі палеткі: будзем з ураджаем!

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

На працягу двух дзён, 26-27 чэрвеня, на Дзятлаўшчыне праводзіўся традыцыйны агляд пасеваў сельскагаспадарчых культур – мерапрыемства, падчас якога спецыялісты АПК наведваюць палеткі гаспадарак, цікавяцца наколькі паспяхова спрацавала агранамічная служба, дзе пастараліся, дзе дапусцілі пралікі,якія прагнозы на будучы ўраджай.

Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрый Бортнік, у першы дзень агляду праехалі па вызначаным маршруце – агледзелі палеткі КСУПаў  “Вензавец”, “Слава працы”, “Войневічы”,  “Белагурна”. На наступны дзень пабылі ў гаспадарках– “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, “Русь-Агра”, “Дварэц”, ААТ “ Граніт-Агра”.У рабочыя групы ўвайшлі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікі агранамічнай службы, насеннай інспекцыі, райкама прафсаюза работнікаў АПК. Уражанне ад агляду станоўчае: дабра папрацавала агранамічная служба гаспадарак.

Затым падрахункавалі ўбачанае на заключным “пасяджэнні”, якое праходзіла на свежым паветры – на тэрыторыі збожжасховішча ў Таркачах ААТ “Граніт-Агра”.

Тыя гаспадаркі, якія папрацавалі найбольш вынікова, былі адзначаны Ганаровымі граматамі і грашовамі прэміямі.

Так, першае месца прысуджана ААТ “Граніт-Агра”. Узнагароду  старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі ўручыў дырэктару сельгаспрадпрыемства Станіславу Мазуру.

У гаспадарцы яравыя і азімыя культуры займаюць больш за 4,5 тысячы гектараў.

Як паведаміла галоўны аграном ААТ “Граніт-Агра” Алена Майсейчык, самыя вялікія пасяўныя плошчы адведзены пад азімыя – 2000 гектараў. І самае прыемнае ўражанне падчас агляду пасеваў пакінуў палетак з азімым ячменем каля Марозавічаў.

Другое месца па выніках агляду заняў  КСУП “Хвінявічы”. Віншаванні з прыемным дасягненнем прымаў старшыня КСУПа Мікалай Бубноўскі. А памятны сувенірны значок з выявай герба Дзятлава і  ўзнагароду атрымаў самы малады хвінявіцкі аграном Уладзімір Карыба. Палеткі гаспадаркі дагледжаныя належным чынам і не сорамна прыняць там любы семінар, падзяліцца вопытам.

Трэцяе месца прысуджана  КСУП “Дварэц-Агра”. Там таксама малады кіраўнік – Вадзім Царык.

Старшыня райвыканкама зазначыў, што палеткі пад сельгаскультурамі літаральна паўсюль глядзяцца добра. І не толькі ў самых паспяховых гаспадарках, а і ў “Слава працы”, “Белагурна”. Гэтаму паспрыяла і захаванне тэхналогіі вырошчвання, і  пагодныя ўмовы. Цяпер перад гаспадаркамі стаіць задача дагледзець тэхніку для жніва. Убіраць будзе што.

Меркаванне пра някепскі сёлетні ўраджай падтрымаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак. Ён падзякаваў аграрыям за працу і ўручыў узнагароды прадстаўнікам КСУП “Войневічы”, дзе старанна дагледжаныя палеткі зернебабовых культур, лёну, гароху,  і КСУП “Русь- Агра”, дзе яравыя зерневыя павінны даць добры ўраджай.

 

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ