Лагер працы і адпачынку “Юнацтва”

Важнае Грамадства

Сёння існуе праблема занятасці падлеткаў у канікулярны час, асабліва ў летні перыяд.

Наша ўстанова адукацыі, як ніхто іншы, разумее важнасць працоўнага выхавання падрастаючага пакалення і іх летняй занятасці. Таму рашэнне дадзенай праблемы ў Вензавецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе ўбачылі ў стварэнні лагера працы і адпачынку з мэтай задавальнення запыту навучэнцаў па згодзе бацькоў на часовае працаўладкаванне.

Лагер працы і адпачынку — актуальна і сучасна. Гэта не толькі рашэнне праблемы летняй занятасці падлеткаў, але выхаванне ў дзяцей пачуцця павагі да працы не на словах, а на справе. Часовая працоўная занятасць дае непаўналетнім магчымасць не толькі зарабіць, атрымаць першы працоўны вопыт, але і пазнаёміцца з асаблівасцямі ўзаемаадносін у калектыве. Акрамя таго, праца, адцягваючы падлеткаў ад вуліцы, з’яўляецца адным з метадаў прафілактыкі правапарушэнняў непаўналетніх. Таму сёлета, як і ў мінулыя гады, з 15 чэрвеня лагер працы і адпачынку “Юнацтва” адчыніў дзверы для 11 навучэнцаў 8-10 класаў нашай установы. Вось ужо на працягу пяці дзён падлеткі працуюць на палях КСУП “Вензавец”, аказваючы дапамогу прадпрыемству ў праполцы збожжавых культур і лёну, а пасля абеду з задавальненнем удзельнічаюць у разнастайных цікавых мерапрыемствах, якія ім прапануюць выхавацелі і настаўнік фізічнай культуры і здароўя.  Спадзяёмся, што на працягу 18 дзён аздараўлення ў лагеры, падлеткі змогуць не толькі атрымаць  шмат  станоўчых эмоцый,   але і раскрыць свае здольнасці  у працы, спорце, творчасці і іншых відах дзейнасці.

Наталля БЛОЦКАЯ,
дырэктар лагера працы і адпачынку “Юнацтва” Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы