28 чэрвеня – Дзень моладзі. Адбудаваць дом, пасадзіць сад, выгадаваць сына

Важнае Грамадства

Такая праграма-мінімум на жыццё ў сям’і Іны і Цімура Альшэўскіх з вёскі Скіпоравічы.

Маладыя люді не ганяліся за журавом у небе, не марылі пра замежныя краіны, а вырашылі застацца жыць і працаваць на малой радзіме, дзе ім з дзяцінства вядома кожная хата, кожны жыхар, кожная сцяжынка.

Як расказала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, у 2016 годзе сям’я Альшэўскіх паспяхова прадстаўляла Дзятлаўскі раён на абласным этапе моладзевага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Ад паездкі на конкурс у Іны і Цімура засталіся памятныя прызы, тры дыпломы і найлепшыя ўражанні. Гаспадар стаў пераможцам конкурсу “Майстар”, трэція месцы сям’я заняла ў конкусах “Дрывасек” і “Сельская спартыўная эстафета”. Нашым землякам не хапіла літаральна некалькіх балаў, каб увайсці ў тройку лідараў. Падвёў конкурс “Сіўка-Бурка”, у якім на хуткасць неабходна было запрэгчы і распрэгчы каня.

Што ж, такой жывёліны ў хатняй гаспадарцы Альшэўскіх няма, затое Цімур Аляксандравіч выдатна спраўляецца нават не з адным, а з некалькімі “жалезнымі коньмі” ў КСУП “Слава працы”, дзе працуе механізатарам. У залежнасці ад рабочага задання ён выязджае на палеткі гаспадаркі то на агрэгаце “Раса”, то на КЗР “Палессе”, то на збожжаўборачным камбайне “Палессе GS12”. Цімур з тых людзей, якіх называюць “майстрамі на ўсе рукі”, і ўсё, што зроблена ў Скіпоравічах на сядзібе Альшэўскіх, зроблена намаганнямі гаспадароў.

– Калі мы набылі дом, рамантавалі тут усё літаральна “з нуля”, – дзеліцца сакрэтамі вядзення быту ва ўмовах вёскі Іна Вікенцьеўна. –  Хацелася выгодаў цывілізацыі, і летась дом газіфікавалі, што значна спрасціла жыццё. З дапамогай помпы “Гідрафор” падвялі ваду, у планах – будаўніцтва мясцовай каналізацыі. Печку ў адным з жылых пакояў вырашылі пакінуць, а ў зале для ўтульнасці пабудавалі камін. Плітку для вітальні і падворка Цімур рабіў сам. У зоне адпачынку на прысядзібным участку ён склаў мангал з каменняў. Паколькі муж захапляецца яшчэ і мастацкай зваркай, марыць развіваць гэтыя карысныя навыкі, то многія элементы дэкору ў нас зроблены яго працавітымі рукамі.

Яркіх фарбаў сядзібе Альшэўскіх дадаюць кветкі – адно з захапленняў гаспадыні. Цяпер, напрыклад, тут красуюць рознакаляровыя прыгажуны-ірысы, цвіце язмін. Ёсць у гаспадароў і яшчэ адзін гонар – свой пладовы сад, які заклалі два гады таму і дзе, акрамя яблыняў, грушаў і вішань, расце некалькі сартоў вінаграду. У перспектыве Альшэўскія збіраюцца пабудаваць на ўчастку яшчэ і лазню, а пакуль усе намаганні Цімура скіраваны на рамонт гаража, бо без машыны ў вёсцы маладой сям’і жыць складана.

– Па пакупкі мы найчасцей накіроўваемся ў Казлоўшчыну, бываем у Слоніме, Баранавічах. У Скіпоравічах няма вясковага магазіна – толькі аўталаўка, але для нас гэта не праблема, бо ў гарадскім пасёлку бываем амаль кожны дзень, – тлумачыць Іна Вікенцьеўна. – Я працую настаўніцай англійскай мовы ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе, там жа вучыцца наш дзесяцігадовы сын Станіслаў.

Казлоўшчынская школа – вялікая і прасторная, з сучасным рамонтам, у асобным будынку знаходзяцца пачатковыя, а праз дарогу, у галоўным корпусе былога ліцэя – сярэднія і старэйшыя класы. Прыгажосці і тэхнічнай забяспечанасці ўстановы могуць пазайздросціць некаторыя гарадскія школы, – з гонарам прадаўжае свой аповед педагог. – Магчымасцяў для развіцця здольнасцяў і талентаў мясцовых навучэнцаў у пасёлку таксама хапае. Напрыклад, наш Станіслаў да чацвёртага класа займаўся вакалам, цяпер наведвае гурток танцаў на базе Казлоўшчынскай школы мастацтваў. Ён актыўны ўдзельнік школьных мерапрыемстваў, захапляецца скрэтч-праграмаваннем, сам стварае мультфільмы, нядаўна ўдзельнічаў у тэматычным анлайн-конкурсе. Магчыма, такія ўменні спатрэбяцца сыну ў дарослым жыцці. Але пакуль ён марыць аб ваеннай спецыяльнасці і пасля сёмага класа збіраецца паступаць у кадэты, таму прывыкае да дысцыпліны, стараецца дапамагаць нам з мужам, бабулям і дзядулям. А мы, каб падтрымаць ініцыятыву, даручаем яму пасільныя хатнія справы.

Дарэчы, Іна Альшэўская прызналася, што ў вёсцы Скіпоравічы якасны інтэрнэт і мабільная сувязь, таму вяскоўцы, якія актыўна карыстаюцца гэтымі дасягненнямі цывілізацыі, не адчуваюць сваёй адасобленасці ад родных і сяброў, якія жывуць у розных кутках Дзятлаўшчыны або іншых гарадах краіны і свету. У ліку перавагаў, якім могуць пазайздросціць нават жыхары мегаполісаў, у мясцовага насельніцтва – здаровая экалогія, маляўнічыя краявіды, сажалка з рыбай і добрасуседскія адносіны. Альшэўскія ўпэўнены, што вяскоўцаў ад гараджан адрознівае асаблівая атмасфера жыцця: калі ў горадзе ўсё дынамічна, людзі бягуць, спяшаюцца, то ў вёсцы жыхары добра ведаюць адзін аднаго і абавязкова знаходзяць час пагутарыць, пацікавіцца справамі, дапамагчы, а набыты тут змалку чалавекам аўтарытэт застаецца з ім на ўсё жыццё.

Сям’я Альшэўскіх любіць сваю малую радзіму, Цімур і Іна знайшлі тут сваё прызначэнне і ўпэўнены, што многія маладыя людзі гатовы выбраць для жыцця невялікія населеныя пункты, калі там будзе цікавая работа, дастойная зарплата, камфортнае жыллё і ўмовы для дзетак. А культурна адпачываць і далучацца да гістарычнага мінулага нашай краіны можна ў час аўтамабільных вандровак з наведваннем Міра, Нясвіжа, Полацка, многіх іншых гарадоў Беларусі. І для гэтага дастаткова мець уласную машыну, вольны час і жаданне падарожнічаць сям’ёй або з сябрамі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

 



Теги: