Сяргей Залатароў. Ад асабістых рэкордаў – да трэнерскіх поспехаў

Важнае Грамадства

Напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту, які наша краіна традыцыйна святкуе ў трэцюю суботу мая, аб асаблівасцях прафесіі трэнера, асабістых дасягненнях і поспехах, зорных алімпах сваіх выхаванцаў расказаў трэнер-выкладчык па цяжкай атлетыцы Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Сяргей Залатароў, які выхаваў не адно пакаленне таленавітых спартсменаў.

– Сяргей Іванавіч, раскажыце, як спорт прыйшоў у ваша жыццё?

Вам з дзяцінства падабалася займацца спортам ці, як гэта часта бывае: “бацькі аддалі”, “сябры прывялі”?

– У спорт мяне прывёў мой старэйшы брат Міхаіл. Родам мы з Луганскай вобласці (Украіна), вучыліся ў Навапскоўскай сярэдняй школе. Для нас, як і для ўсіх дзяцей таго часу, заняткі спортам у пасляўрочны час – гэта аддушына ў свабодзе дзейнасці і зносінах. За магчымасць паганяць мяч, павісець або падцягнуцца на турніках мы гатовы былі зрабіць многае. Брат, старэйшы за мяне, наведваў школьную секцыю па цяжкай атлетыцы, некалькі разоў браў і мяне з сабой. Скажу шчыра, у гэты від спорту я трапіў не адразу. Спачатку назіраў, некалькі разоў спрабаваў трэніравацца, надакучвала – кідаў, потым цягнула назад – і зноў вяртаўся.

Канчатковы выбар на карысць цяжкай атлетыкі я зрабіў з канца сёмага класа, калі стаў бронзавым прызёрам першынства раёна. Памятаю, у тую хвіліну адначасова змяшаліся ў адно некалькі пачуццяў: пачуццё гонару, здзіўлення і нечаканасці ад таго, да чаго я імкнуўся, спрабаваў, трэніраваўся, паверыў – і атрымалася. А далей усё “па накатанай”: трэніроўкі, спаборніцтвы, паражэнні, траўмы, перамогі…

– Ведаю, вы майстар спорту СССР. У якім узросце атрымалі гэта званне? З якога часу працуеце трэнерам?

– Пасля школы я планаваў паступаць у Днепрапятроўскі тэхнікум фізкультуры і спорту, але, на жаль, падвёў зрок. Адчайвацца не стаў: разам з сябрам адправіўся ў Расію, там паступіў у Смаленскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Адзіная ўмова, якая стаяла пры выбары ўстановы – наяўнасць спартыўнай базы для трэніровак. Падчас вучобы я працягваў актыўна займацца цяжкай атлетыкай, спачатку быў кандыдатам у майстры спорту, а затым, адразу пасля заканчэння вучобы, выканаў нарматывы на майстра спорту. Незадоўга да заканчэння тэхнікума прыехаў на радзіму. Там прапанавалі пасаду трэнера ў школе.

– Што прывяло вас на Дзятлаўшчыну?

– Пераехаць у Беларусь прапанавалі родныя. Я без доўгіх роздумаў пагадзіўся, прыехаў, уладкаваўся працаваць трэнерам у дзіцячую спартыўную школу спачатку ў Беліцы, затым – у Дзятлаве. Пра тое, што калісьці прыняў такое рашэнне, не шкадую. Беларусь за гэтыя гады стала ўжо роднай, працу сваю люблю.

– Безумоўна, за ўсю спартыўную і трэнерскую дзейнасць у вас шмат дасягненняў і ўзнагарод. Раскажыце аб самых важкіх.

– Рэкардсмен Украіны ў лёгкай вазе, пераможца першынства СССР сярод усесаюзнага добраахвотнага спартыўнага таварыства “Ураджай”, уваходзіў у склад зборнай Украіны добраахвотнага спартыўнага таварыства “Колас”, удзельнічаў у Першынстве СССР 1983 года, дзе заняў дзявятае месца. Устанавіў асабісты рэкорд у практыкаванні “рывок” – 135, 5 кілаграм. Ёсць і іншыя, адразу ўсе не ўзгадаеш.

– Ведаю, вашы дзеці таксама паспяховыя ў спорце. Раскажыце пра іх.

– Сын Сяргей заўсёды любіў трэніравацца, мае званне майстара спорту, у мінулым – пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы сярод ДЮСШ, на жаль, жыццё са спортам не звязаў.

Дачка Аксана на пачатку сваёй спартыўнай кар’еры высокіх дасягненняў не паказвала. Аднак жаданне самааддана працаваць дамагло ёй дасягнуць пастаўленай мэты. Цяпер яна майстар спорту міжнароднага класа, неаднаразовая пераможца Першынства

Рэспублікі Беларусь, уладальніца чацвёртага месца на Першынстве Еўропы, восем гадоў выступала за нацыянальную зборную Беларусі, некаторы час жыла ў Гродне, працавала трэнерам. Цяпер жыве ў горадзе Хайфа, выступае за зборную Ізраіля, працягвае займацца трэнерскай дзейнасцю.

– На турніры, прысвечаным памяці неаднакратнага алімпійскага чэмпіёна Беларусі Аляксандра Курловіча, які праходзіў у нашай краіне, Аксана Залатарова прадстаўляла зборную Ізраіля. На цырымоніі адкрыцця вам выпаў гонар суправаджаць каманду. Што вы адчувалі ў гэты момант?

– У першую чаргу, радасць і хваляванне за дачку, гонар за яе працавітасць і стараннасць і, безумоўна, пачуццё падзякі за аказаны давер: гэта рэдкасць на спаборніцтвах такога ўзроўню, хутчэй – выключэнне з правілаў.

– Калі прасачыць поспехі і дасягненні вашых выхаванцаў на рознага ўзроўню спаборніцтвах, пачынаючы з самых першых гадоў вашай работы, можна ўбачыць, што прызавых месцаў заваявана шмат. Пералічваць іх давялося б доўга. Раскажыце пра нядаўнія сумесныя дасягненні.

– Гэта перамогі на першынстве Гродзенскай вобласці сярод юнакоў і дзяўчат 2004-2006 гадоў нараджэння, адкуль мы прывезлі залаты, сярэбраны і тры бронзавыя медалі. Уладальніцай звання пераможцы стала Анастасія Францішчык, сярэбны медаль належыць Паліне Улога, бронзавымі прызёрамі сталі Карына Новікава, Ксенія Пятліцкая і Аляксей Гірза.

– Ёсць сярод вашых выхаванцаў тыя, хто марыць звязаць сваю будучыню з вялікім спортам?

– Гэта Анастасія Францішчык – пераможца, прызёрка і ўладальніца шматлікіх узнагарод на рознага ўзроўню спаборніцтвах. З 2018 года працягвае навучанне ў лідскім філіяле Гродзенскага вучылішча алімпійскага рэзерву, сёлета атрымала званне майстра спорту. Насця падае вялікія надзеі, яна мэтанакіраваная, настойлівая і працавітая. Думаю, у яе вялікія перспектывы ў спартыўнай кар’еры.

– Як вы дапамагаеце сваім выхаванцам ісці да пастаўленай мэты?

– Вучу, што галоўнае – гэта ўмець сканцэнтравацца і ніколі не губляць сваю мэту, упарта працуючы над сабой, ісці да яе, трэніравацца, нават праз “не хачу” або “не магу”.

– Якія патрабаванні на трэніроўках асноўныя?

– Я патрабую якаснага выканання практыкаванняў, без шкоды для здароўя і з абавязковым захаваннем усіх правілаў бяспекі, а таксама сур’ёзнага стаўлення да трэніровак і абавязковага іх наведвання.

– Што самае важнае для вас у прафесіі?

– Дарыць дзецям радасць ад кожнага занятку, прывіваць ім цікавасць да спорту.

– Што б вы хацелі пажадаць сваім калегам, выхаванцам, аматарам спорту?

– Я жадаю ўсім моцнага здароўя, новых спартыўных гарызонтаў, яркіх зорных перамог.

Калегам жадаю цярпення і натхнення, сур’ёзных выхаванцаў – сапраўдных майстроў спорту.

Выхаванцам раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, а таксама аматарам спорту шчыра жадаю новых стартаў, высокіх алімпаў, незабыўных уражанняў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup