Парадак там, дзе яго падтрымліваюць

Галоўнае Грамадства

Наш родны горад Дзятлава харашэе і квітнее з дня ў дзень.

Чыстыя вуліцы, якія ўжо сталі для нас нормай, добраўпарадкаваныя паркавыя тэрыторыі, цікавыя малыя архітэктурныя формы, зеляніна і квецень. Усё гэта не цуд прыроды, а карпатлівая штодзённая праца работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, не заўсёды годна ацэненая, а часам і змарнаваная па неабдуманасці.

Аб праблемах, з якімі сёння сутыкнулася камунальная служба раёна, карэспандэнтцы газеты “Перамога” расказаў намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль:

– Не лішнім будзе нагадаць, што Дзятлава – адзін з самых “зялёных” райцэнтраў вобласці. Гэта ганаровае званне – плён штодзённай працы камунальнікаў, пастаяннага ўдзелу мясцовага насельніцтва ў суботніках і акцыях па высадцы дрэваў. Толькі за мінулы год на Дзятлаўшчыне было высаджана каля 300 маладых туяў, 600-800 саджанцаў кустоўя. І што мы бачым у выніку? Не менш за 50 саджанцаў туі былі скрадзены з грамадскіх месцаў і, магчыма, “пераехалі” на асабістыя прысядзібныя ўчасткі. Думаю, не трэба дадаткова засяроджваць увагу, што крадзеж – злачынства, якое строга караецца па законе.

– Штогод дзятлаўчане добраахвотна бяруць удзел у высадцы дрэваў. Які лёс закладзеных алеяў?

– Сапраўды, у мінулым годзе і сёлета ў райцэнтры, гарпасёлках прайшоў шэраг суботнікаў па высадцы дрэваў. У іх узялі ўдзел такія арганізацыі, як раённы савет ветэранаў, Беларускі саюз жанчын, раённая арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, прафсаюзныя арганізацыі і працоўныя калектывы раёна. Сярод іншага, летась высаджвалі алею ў мікрараёне вуліцы Навагрудскай. Людзі ў свой вольны час працавалі, каб прынесці карысць роднаму гораду. Аднак вынік засмучае. Маладым дрэўцам не даюць падрасці і акрэпнуць. Дзеці, якія гуляюць на дзіцячых пляцоўках побач са шматпавярховікамі без дастатковага кантролю бацькоў, дзеля свавольства адломваюць галінкі маладых дрэваў. А значыць, марнуюць працу не аднаго чалавека. Таму, карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да бацькоў: калі ласка, сачыце за тым, што робіць ваша дзіця ў вольны час, яшчэ раз нагадайце дзецям, што зламанае дрэва – гэта не гульня, а шкода.

– Што адбываецца з дарослымі дрэвамі? Чаму іх спілоўваюць?

– Сапраўды, Дзятлаўскае РУП ЖКГ мае права выдаляць старыя аварыйныя дрэвы. Мы можам ажыццяўляць такую працэдуру нават па заяўках ад насельніцтва раёна пасля належнай экспертызы. Аднак тут я магу запэўніць: па-першае, пад выдаленне падпадаюць сапраўды аварыйныя дрэвы. Па-другое, наўзамен кожнага выдаленага дрэва высаджваецца мінімум 20 новых.

– Аб’явы – гэта шкодна для горада, кажаце вы. Чаму?

– Толькі тыя аб’явы, што размешчаны ў неналежных месцах. На жаль, сёння іх многа, і гэта з’ява не ідзе на спад. Мяркую, усе бачылі ў грамадскіх месцах горада і гарпасёлкаў спецыяльныя дошкі для размяшчэння рэкламы. Скарыстацца імі кожны можа бясплатна, жыллёва-камунальная служба раёна падтрымлівае іх у належным парадку. Акрамя таго, літаральна побач з кожным шматкватэрным домам ёсць шчыт для аб’яваў. Нягледзячы на ўсё гэта, штогод мы павінны змагацца са стыхійным, незаконным размяшчэннем вонкавай рэкламы на сценах дамоў, магазінаў, на электрычных слупах, нават на лаўках у парку! Каб вярнуць гораду належную чысціню, дворнікі і іншыя работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінны “ў нагрузку” да сваіх паўсядзённых працоўных абавязкаў займацца ачысткай паверхняў ад такіх аб’яваў. У сувязі з гэтым хачу звярнуцца да вас, паважаныя жыхары раёна, рэкламадаўцы. Размяшчаць рэкламу можна іншымі, не шкоднымі для горада спосабамі.

Адзначу, што парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, у тым ліку, расклейванне самавольнай рэкламы, караецца законам і вядзе да штрафу ў памеры да 25 базавых велічыняў, для індывідуальнага прадпрымальніка – ад 10 да 50 базавых велічыняў, а для юрыдычнай асобы – ад 25 да 100 базавых велічыняў.

– За якія яшчэ дзеянні можна патрапіць “пад артыкул”, нават не ведаючы аб гэтым?

– Усе мы добра ўсведамляем, што няведанне закона не засцеражэ нас ад адказнасці. Так, сур’ёзныя штрафы прадугледжаны за загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў, земляў агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі і іншымі прадметамі. А гэта, да прыкладу, і склад цэглы за межамі вашай прысядзібнай тэрыторыі, і старыя дзвярныя рамы ў падвальным памяшканні шматпавярховага дома. Па законе такое захламленне можа каштаваць фізічным асобам да 5 базавых велічыняў, індывідуальным прадпрымальнікам – да 10, а юрыдычным асобам – да 20 базавых велічыняў штрафу. Калі вы не здольныя вывезці будаўнічае або іншае смецце ў прызначаныя для гэтага месцы самастойна, вы можаце падаць заяўку на вываз у мясцовую ЖКГ, і мы акажам вам такую паслугу. Давайце паважаць працу адзін аднаго і не ўскладняць яе!

Наталля АВЯРЧУК
Фотаілюстрацыя Вольгі ЮШКЕВІЧ