Наваельня: кветкі да мемарыяла пад шатамі сосен

Грамадства Свежыя навіны

У рамках рэспубліканскага праекта “Беларусь памятае.

Памятаем кожнага” і раённых святочных мерапрыемстваў да 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне “Вам, ветэраны, паклон і памяць пакаленняў!” вянкі і кветкі былі ўскладзены на Воінскіх могілках гарадскога пасёлка Наваельня.

Аддаць даніну памяці загінулым прыйшлі работнікі Новаяльнянскага сельскага выканаўчага камітэта, педагогі мясцовай школы, работнікі Дома культуры, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і нераўнадушныя жыхары пасёлка.

– Беларускі народ ведае цану міру, – звярнулася да прысутных старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Ірына Кунахавец. – Мы захоўваем у сваіх сэрцах не толькі мужнасць, гераізм і адвагу воінаў і працаўнікоў тылу, але і горыч страт ваеннага ліхалецця. Сёння мы схіляем галовы перад веліччу подзвігу тых, хто прыняў смерць у імя будучыні, дзеля жыцця на Зямлі. У мармуры і граніце, у памяці людзей назаўжды застануцца іх імёны.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання і ўсклалі вянкі і кветкі да мемарыяла і магілаў салдат, а таксама магілы Героя Савецкага Саюза Івана Фурсенкі, які тут пахаваны.

Кіраўнік музея “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы Тамара Крывеня разам з вучнямі займаецца пошукавай работай, у тым ліку даследаваннем Воінскіх могілак пасёлка Наваельня. Тамара Уладзіміраўна расказала, якое значэнне для яе мае памяць аб Вялікай Айчыннай вайне:

– Вялікая Айчынная вайна для мяне – гэта слёзы на вачах, таму што ў час ваеннага ліхалецця мой тата, Уладзімір Іосіфавіч Грынько, сямнаццацігадовым юнаком пайшоў у партызаны. Ён меў шмат узнагародаў, дайшоў да Берліна і толькі ў 1947 годзе вярнуўся дахаты. Матулю, Ніну Ігнараўну Грамак, ураджэнку Навагрудскага раёна, вывезлі на прымусовыя работы ў Эстонію. Пра вайну ў нашай сям’і ўспаміналі ўсё жыццё. Тата нават цікавіўся ў мяне, чаму я пра гэта ўвесь час пытаюся, а мне хацелася ведаць кожную дэталь, як гэта было. Цяпер такія веды вельмі дапамагаюць. Для мяне кожны салдат – загінулы ці ўдзельнік вайны – гэта вельмі блізкі чалавек.

Нашаму школьнаму музею ўдалося знайсці больш за дзвесце ветэранаў, якія ў розныя гады жылі ў Наваельні, вядзецца збор фотаздымкаў і звестак, ствараем галерэю памяці, запісалі ўспаміны вязняў канцэнтрацыйных лагераў, а цяпер займаемся вывучэннем загінулых, якія пахаваны тут, на Воінскіх могілках, каб устанавіць дакладныя звесткі іх біяграфій. Дзякуючы сайту “Памяць народа” ёсць магчымасць адшукаць патрэбныя матэрыялы і дакументы. Для мяне пошукавая дзейнасць – гэта справа жыцця, а Дзень Перамогі – адно з галоўных святаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup