Кожны з нас можа зрабіць свет лепшым

Да ведама грамадзян Свежыя навіны

З 8 мая па 1 чэрвеня праходзіць месячнік Чырвонага Крыжа.

Дата яго пачатку выбрана невыпадкова: 8 мая 1828 года нарадзіўся заснавальнік Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца Анры Дзюнан. На дзень яго нараджэння цяпер прыпадае Сусветны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Па ініцыятыве Анры Дзюнана ў сярэдзіне 19-га стагоддзя пачалі стварацца групы добраахвотнікаў для аказання дапамогі параненым на полі бою, абароны ваеннапалонных і пацярпелага мірнага насельніцтва. За гады існавання арганізацыя здолела выратаваць мільёны жыццяў ва ўсім свеце.

Гуманнасць, непрадузятасць, нейтральнасць, незалежнасць, добраахвотнасць, адзінства, універсальнасць – сем галоўных прынцыпаў этыкі Чырвонага Крыжа, якія сёння ляжаць у аснове яго дзейнасці.

– Свет мяняецца і развіваецца, аднак у ім па-ранейшаму адбываюцца стыхійныя бедствы, катастрофы, абвастраюцца сацыяльныя праблемы, – зазначае старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк. – Там, дзе здарылася бяда і патрэбна дапамога, заўсёды можна ўбачыць эмблему Чырвонага Крыжа. Місія нашай арганізацыі – абараняць жыццё і здароўе людзей. Напрыклад, цяпер актывісты і валанцёры Чырвонага Крыжа расказваюць жыхарам раёна, як абараніць сябе і сваіх блізкіх ад COVID-19. На Дзятлаўшчыне мы выкарыстоўваем любыя магчымасці, каб падзяліцца карыснымі парадамі, уключаючы публікацыі ў газеце і распаўсюджанне памятак. Асаблівая ўвага надаецца дапамозе пажылым людзям, бо яны знаходзяцца ў зоне павышанай рызыкі. Валанцёры нашага раёна і сястра міласэрнасці дастаўляюць пенсіянерам лекі і прадукты на заказ. Рабіць гэта мы прадоўжым на працягу месячніка. Таксама на гэты перыяд запланавана шмат іншых добрых спраў. Сярод іх: мерапрыемствы да 75-годдзя Вялікай Перамогі і ўшанаванне ветэранаў вайны; мерапрыемствы да Міжнароднага дня медыцынскай сястры; акцыі па зборы сродкаў і ахвяраванняў для аказання дапамогі медыкам і найбольш слабым катэгорыям насельніцтва; удзел у гігіенічным выхаванні, навучанні жыхароў раёна для прафілактыкі распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі; дзейнасць па навучанні валанцёраў і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый. Яшчэ ў час месячніка будзем расказваць пра свае поспехі і праекты і спадзяёмся прыцягнуць у раённую арганізацыю Таварыства Чырвонага Крыжа новых членаў і аднадумцаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup