Калі дапамагаюць, спраўляцца з бядой лягчэй

Важнае Грамадства

6 мая ў гарадскім пасёлку Наваельня па вуліцы Карла Маркса, 13 адбыўся пажар.

На шчасце, гаспадары былі дома, своечасова выклікалі ратаўнікоў, полымя ўдалося патушыць. Звонку дом выглядае нармальна, а вось унутры – выгарала ўсё.

– Пачынаць даводзіцца з нуля, – зазначае гаспадыня, Аксана Самахвал, ледзьве стрымліваючы слёзы.

Дабротны рамонт, мэбля, хатнія рэчы, адзенне – словам, уся маёмасць сям’і, якая нажывалася гадамі, згарэла за лічаныя хвіліны. Агонь не пашкадаваў нічога: у пакоі сына пагарэлі ўсе яго ўзнагароды, якія хлопчык атрымаў за спартыўныя дасягненні. Цяпер дарослыя – Аксана і Аляксандр Самахвалы ачышчаюць пакоі, пачынаюць рамонтныя работы. Жанчына расказвае, што ліквідаваць наступствы вогненнай стыхіі ім дапамагаюць родныя, нават тата-пенсіянер уключыўся ў работу.

– Калі ў пасёлку здараецца бяда, мясцовае насельніцтва не застаецца раўнадушным, –  расказвае старшыня Новаяльнянскага сельскага выканаўчага камітэта Ірына Кунахавец. – Вось і на гэты раз людзі адгукнуліся. Неабходную дапамогу сям’і Самахвал аказвае ААТ “Новаяльнянскі КХП”, дзе вадзіцелем працуе Аляксандр Аляксандравіч. Упэўнена, што дапаможа і калектыў Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня”, дзе працуе Аксана Дзмітрыеўна.

Сям’я Самахвалаў – старанныя, працалюбівыя людзі, і муж, і жонка характарызуюцца выключна станоўча. У іх быў наладжаны быт, акуратны, прыгожы дом. Зразумела, што нажывалася ўсё не адным днём, і сёння гаспадарам вельмі складана і фінансава, і фізічна ўсё хутка аднавіць. Каб падтрымка аказалася больш грунтоўнай, было прынята рашэнне звярнуцца па дапамогу ў раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.

– Калі нам паступіў зварот, мы адразу пачалі збор грошай і бытавых рэчаў, – зазначае намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “БСЖ”, яна ж старшыня пярвічнай арганізацыі ГА “БСЖ” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. – На заклік дапамагчы пагарэльцам адгукнуліся нашы сяброўкі па жансавеце, а менавіта: пярвічка Цэнтра, пярвічныя арганізацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама (старшыня Алена Васкель) і гімназіі № 1 горада Дзятлава (старшыня Алена Радомская). Ведаю, што паралельна ішоў збор грашовых сродкаў у пярвічцы ГА “БСЖ” Новаяльнянскага сельвыканкама, старшынёй якой з’яўляецца Таццяна Умоўская – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Новаяльнянскай сярэдняй школы, таму актыўнасць праявілі і педагогі.

Усе разам мы сабралі каля трохсот рублёў, а таксама адзенне, пасцельныя рэчы, ручнікі. На першы час, упэўнена, усё гэта спатрэбіцца пагарэльцам, як і пастаянная дапамога і падтрымка грамадскасці.

15 мая Таццяна Нікіпорчык, Ірына Кунахавец і Таццяна Умоўская перадалі грошы і рэчы Аксане Самахвал.

– Спадзяюся, гэта сустрэча стане адпраўной кропкай для больш значнай дапамогі сям’і Самахвалаў, – рахункуе вынікі візіту ў Наваельню Таццяна Нікіпорчык. – Дзятлаўская раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын скіравана на абарону правоў жанчын, падтрымку іх сем’яў. І мы ў чарговы раз даказалі, што не пакідаем сябровак у бядзе. Наша аб’яднанне заклікае і іншыя грамадскія арганізацыі, прыватных прадпрымальнікаў і проста нераўнадушных жыхароў Дзятлаўшчыны ўключыцца ў аказанне дапамогі. Уся маёмасць Аксаны і Аляксандра Самахвалаў знішчана, неабходны капітальны рамонт дома, таму дарэчы будуць не толькі грошы, а нават вядро цэменту, любыя будаўнічыя матэрыялы ці нават проста зніжка на іх набыццё ў магазіне. Адрас вы ведаеце: гарадскі пасёлак Наваельня, вуліца Карла Маркса, 13. Далучайцеся і дапамажыце людзям у бядзе.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup