Дашкольныя таленты-музыканты

Важнае Грамадства

Прылаўкі дзіцячых магазінаў запоўнены разнастайнымі цацкамі, у тым ліку і музычнымі.

Яны прыцягваюць увагу дзяцей сваім незвычайным выглядам, гукамі. Узяўшы ў рукі музычную цацку, дзеці пачынаюць уяўляць сябе артыстамі на сцэне, імкнуцца да самавыяўлення праз пластыку, міміку.

Хлопчыкаў і дзяўчынак на музычных занятках у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава вельмі захапляе інструментальная творчасць. Пачынаючы з двух гадоў выхаванцаў знаёмім з шумавымі і бязгучнымі інструментамі. Кожны новы інструмент з’яўляецца да дзяцей на заняткі ў вобразе незвычайнага персанажа. Так, званочак прадстаўляем у вобразе непаседы, у якога язычок спявае і днём, і ноччу, пакуль яго не спыніць далонькай, яго вушка ўпрыгожана яркай стужачкай, і трымаць званочак трэба так, каб яна не развязалася. Пасля такіх знаёмстваў дзеці беражліва ставяцца да музычных інструментаў, правільна іх трымаюць, акуратна кладуць на месца.

Ігра на музычных інструментах дазваляе развіваць у выхаванцаў і спецыяльныя музычныя здольнасці, такія як рытм, слых, памяць і ўяўленне. Дзеці вучацца пазнаваць у тэмбры інструмента, гукі навакольнага свету. Так, шумавыя скрыначкі нагадваюць гук падаючых каменьчыкаў, цэлафанавыя камячкі – шолах лісця.

З дзецьмі 3-6 гадоў прыдумваем займальныя казкі-гучалкі, гісторыі-шумелкі, дзе інструменты з’яўляюцца галоўнымі героямі.

Музычныя інструменты, якія выдаюць гук толькі адной вышыні (званочкі, свісткі, дудкі) дапамагаюць адлюстроўваць гук ветру або кропель дажджу. Інструменты з дыятанічным або храматычным гукарадам (металафон, ксілафон, трыола) дапамагаюць “намаляваць” ручаёк, вясёлку, прамень сонейка. Такім чынам, у працэсе гульняў мы з дзецьмі рознымі гукамі “малюем” карціны “Вясна”, “Раніца”, “Лясная палянка”. Гэта вельмі захапляе іх, развівае ўспрыманне і творчыя здольнасці.

Хлопчыкі і дзяўчынкі слухаюць музыку гукаў і ў паўсядзённым жыцці. На сайце нашай установы ў рубрыцы “Музычная гасцёўня” бацькам прапануем цікавыя творчыя заданні, якія яны разам з дзецьмі могуць выканаць дома.

Навучаючы ігры на дзіцячых музычных інструментах выкарыстоўваем сінтэз метадаў “каляровай” сістэмы і сістэмы гульні па слыху, што дае добрыя вынікі.

“Каляровая” сістэма прадстаўлена ў выглядзе картак-мадэляў, дзе замест нот намаляваныя кругі пэўнага колеру і памеру. На клавішах ксілафона, металафона, фартэпіяна нанесеныя адпаведныя кругі.

Дзеці 4-6 гадоў з задавальненнем гуляюць па каляровай схеме, добра спраўляюцца з нескладанымі папеўкамі і песенькамі. Гэта развівае ў іх увагу, мысленне, арыенціроўку, самакантроль, уменне засяроджвацца і выконваць канкрэтнае заданне да канца.

Яркім вынікам працы з дзіцячымі музычнымі інструментамі з’яўляецца арганізацыя аркестра. Праца ў аркестры патрабуе ад выхаванцаў засяроджанасці, уседлівасці, умення слухаць сябе ў ансамблі. Сваю творчасць выхаванцы дэманструюць на забаўках, ранішніках і святах.

Смела заклікаем бацькоў: купляйце музычныя цацкі і рабіце іх дома разам з дзецьмі. Гэта разнастаіць дзіцячыя гульні, раскрые творчы патэнцыял дзіцяці.

А можа ў вашай сям’і расце будучы музыкант?

Вольга ПАЛУХІНА,
музычны кіраўнік ДЦРД  № 2 г. Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup