Чым і як харчавацца падчас самаізаляцыі

Важнае Грамадства

Як правільна скласці “каранцінны” рацыён, каб пазбегнуць харчовых атручванняў і не пераядаць?

Чым разнастаіць штодзённае меню? На гэтыя і іншыя пытанні адказала загадчыца Дзятлаўскай раённай паліклінікі Алена Куцко:

‒ У першую чаргу трэба гатаваць ежу самастойна, каб быць упэўненым у яе якасці і свежасці. Прадукты з кароткім тэрмінам прыдатнасці лепш ужываць у ежу адразу, а сырыя і гатовыя стравы захоўваць асобна, каб не дапусціць развіцця мікраарганізмаў.

Рэкамендуецца не ўжываць больш за 5 грамаў солі і 6 чайных лыжак цукру ў дзень. У якасці дэсерту лепш за ўсё выкарыстоўваць садавіну ў любым выглядзе: свежым, кансерваваным у соку (не ў сіропе) і замарожаным. Карысны і сухафрукты без дадання цукру.

Што датычыцца тлушчаў, то ў штодзённым рацыёне яны павінны складаць менш за 30 % ад усіх калорый.

Рэкамендуецца ўключыць у рацыён алеі першага адціскання, рыбу і арэхі ‒ у іх утрымліваецца больш за ўсё карысных ненасычаных тлустых кіслот. А вось спажыванне сметанковага масла, паўнатлустых малочных прадуктаў, свінога сала, какосавых і пальмавых алеяў варта скараціць (не выключыць!).

Чырвонае мяса таксама варта ўжываць радзей, а пры яго падрыхтоўцы надаваць дастаткова ўвагі тэрмічнай апрацоўцы. Абавязкова смажце, варыце і тушыце ялавічыну, свініну і цяляціну да поўнай гатоўнасці. Выкарыстоўвайце розныя апрацоўчыя дошкі і нажы, не забывайце пра мыццё рук.

Дадайце ў рацыён крупы, агародніну, садавіну, цэльназерневы хлеб і вотруб’е. Гэта дапаможа падоўжыць пачуццё сытасці, прадухіліць пераяданне і наладзіць працу страўнікава-кішачнага тракта.

Ад алкаголю лепш адмовіцца ‒ гэта дапаможа ўмацаваць імунітэт. Не захапляйцеся кафеінам: кавай, чаем, энергетычнымі напоямі. Яны прыводзяць да абязводжвання і негатыўна ўплываюць на сон, не даюць нашаму арганізму паўнавартасна адпачыць.

Марыя ПАПОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup