Пра людзей харошых. Хто пакіне адбітак на пяску часу?

Важнае Грамадства

Людміла Шахлай-Краснадубская шчодра адораны талентамі чалавек.

Яна тонка адчувае і паэзію, і музыку. Значны адрэзак свайго жыцця жанчына правяла на Дзятлаўшчыне, у аграгарадку Жукоўшчына, дзе ў мясцовай гаспадарцы больш за дзесяць гадоў працавала на розных пасадах, сябравала з “раёнкай”, дасылала ў газету свае артыкулы.

Па адукацыі Людміла аграном, скончыла Мар’інагорскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, а вось па закліку душы яна творца, хаця доўгі час за бытавымі клопатамі не магла поўнасцю аддацца сваім захапленням – паэзіі і музыцы. Як зазначае, шмат гадоў пісала “ў стол”, і толькі пазней змагла выдаць некалькі аўтарскіх паэтычных зборнікаў – “Дарогаю жыцця”, “Помнім і жывём”, “Мой адбітак на пяску часу”.

Цяпер Людміла Шахлай-Краснадубская жыве ў Лідзе, з’яўляецца ўдзельніцай народнага аматарскага аб’яднання “МузАльянс” Дварца культуры горада Ліды і клуба “Даўгалецце” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лідскага раёна. Яна частая ўдзельніца вечароў паэзіі, творчых сустрэч, літаратурных і музычных гасцёўняў, прадстаўляла Лідчыну на свяце беларускага пісьменства, на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у горадзе Гродне, яе запрашалі і на Лідскае тэлебачанне для ўдзелу ў праграме “Званы госць”.

Паэзія Людмілы Шахлай-Краснадубскай шматгранная і пранікнёная. Простымі словамі, якія ідуць з самага сэрца, часам не без гумару, аўтар апісвае людскія пачуцці, сацыяльныя з’явы, гістарычныя падзеі, прыроду роднага краю. Ёсць у яе і вершы для дзяцей – цёплыя і светлыя, як матуліна ўсмешка.

Пакідаючы свой адбітак на пяску часу, Людміла Шахлай-Краснадубская падкрэслівае: “Карані не забываюцца”, а таму ў яе творах нярэдка паўстаюць мілыя сэрцу краявіды і родныя вобразы.

Матулі

Стаю на пагосце ў чорнай хусціне…

Матуля, матуля, мяне хто прыхіне?

Дзе цёплыя рукі, прапахлыя хлебам?

Дзе вочы прыгожыя – сінь на паўнеба?

Як выйдзеш, бывала, з сярпом на палеткі,

Вакол цябе дзеткі малыя, як кветкі.

Ты іх прыгалубіш, ты іх абагрэеш,

Ад слоў тваіх шчырых цяплом так і вее…

Хоць спіна згарбела, каса ўжо сівая,

Матуля, для нас ты заўжды маладая.

Прывабная, мілая, добрая маці.

Прыгожаю павай плывеш ты па хаце.

Шануйце матулю, любіце матулю.

Жыццё больш не дасць вам такую другую!

Стаю на пагосце ў чорнай хусціне…

Матуля, матуля, мяне хто прыхіне?

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

 



Теги: