Як сустрэць Радаўніцу і застацца здаровым: рэкамендуюць спецыялісты

Важнае Грамадства

Набліжаецца Радаўніца, калі кожны беларус, які шануе сваіх продкаў і традыцыі, імкнецца наведаць магілы блізкіх, памаліцца за сваіх родных у храме.

Сёлета з-за пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі перад беларусамі паўстала дылема: наведваць могілкі або не? Як сустрэць Радаўніцу і не нашкодзіць свайму здароўю, карэспандэнтка газеты “Перамога” запыталася ў галоўнага доктара Дзятлаўскага РайЦГЭ Алены Шайбак.

– Радаўніца – адзін з галоўных бацькоўскіх дзён у годзе, сёлета прыпадае на 28 красавіка. Па традыцыі, напярэдадні гэтай даты мы едзем на могілкі, стараемся прывесці ў парадак магілы родных і блізкіх: прыбраць, паправіць, пафарбаваць агароджу. Звычайна работы пасля зімы знаходзіцца шмат. На саму ж  Радаўніцу людзей на могілкі з’язджаецца яшчэ больш, з розных рэгіёнаў рэспублікі. Аднак сёлета ў Дзятлаўскім раёне ўскладнілася сітуацыя па каранавіруснай інфекцыі, у сувязі з гэтым просім насельніцтва нашага раёна ўстрымацца ад наведвання могілак на Радаўніцу. Могілкі лепш наведаць у іншы дзень. Пераканайце родных з іншых гарадоў Беларусі адкласці свой візіт на радзіму на пэўны час, самі ўстрымайцеся ад дальніх паездак.

Чаму так важна трымаць дыстанцыю?

– Неабходна памятаць аб захаванні прынцыпу сацыяльнага дыстанцыравання: пазбягаючы грамадскіх месцаў і ў прынцыпе абмяжоўваючы свае перамяшчэнні, распаўсюджванне інфекцыі замарудзіцца, стрымаецца выбуховы рост захварэлых.

Як кожнаму з нас засцерагчыся ад захворвання?

– Памятайце, што рэспіраторныя вірусы перадаюцца ад хворага чалавека здароваму паветрана-кропельным шляхам (пры размове, чханні, кашлі), кантактна-бытавым шляхам. Таму старайцеся захоўваць адлегласць не менш за 1-1,5 метра ад асобаў, якія маюць сімптомы рэспіраторнай інфекцыі.

Што рабіць тым, хто ўсё ж збіраецца наведваць могілкі або храм на Радаўніцу? 

Пазбягайце шматлюдных месцаў ці скараціце час знаходжання ў месцах з вялікагай колькасцю людзей. Не дапускайце блізкага кантакту з людзьмі, якія выглядаюць нездаровымі, у якіх ёсць прыкметы рэспіраторнай інфекцыі (напрыклад, яны кашляюць, чхаюць). Абыдзіцеся без поціскаў рукі і пацалункаў пры прывітанні (да спынення сезону захворвання на вострую рэспіраторную інфекцыю).

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup