30 красавіка ў будынку Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта прамую тэлефонную лінію правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.
Уладзіміру Аляксандравічу паступілі шэсць тэлефонных званкоў, некаторыя з якіх уключалі па некалькі пытанняў, адзін жыхар раёна пажадаў сустрэцца з дэпутатам асабіста. Нашых землякоў хвалявала забеспячэнне якасці медыцынскага абслугоўвання; таксама цікавіліся асаблівасцямі аплаты такой камунальнай паслугі, як вываз смецця, пры працяглай адсутнасці гаспадара домаўладання; рамонтам і ўтрыманнем дарог; спыталі пра магчымасць уладкавання пешаходнага перахода каля школы ў аграгарадку Вензавец і пра рамонт вензавецкага ФАПа; пагутарылі аб замене газавага абсталявання і магчымасці атрымання допуску для самастойнай замены бытавых газавых балонаў; жыхароў райцэнтра хвалявала пракладка цэнтральнай каналізацыі на вуліцах Булата і Пушкіна, а жыхарка Наваельні пацікавілася, якія асобы маюць права на аплату шкоды за смерць у выніку прафесійнага захворвання.
На большасць пытанняў Уладзімір Аляксандравіч адказаў у час прамой тэлефоннай лініі, а тыя, што патрабуюць больш працяглага вывучэння – узяў на дэпутацкі кантроль.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup