Сацыяльна небяспечным лічыцца становішча дзіцяці ў сям’і, калі яно жыве ў неспрыяльнай абстаноўцы: не задавальняюцца яго асноўныя жыццёвыя патрэбы, не забяспечваецца нагляд за яго паводзінамі, бацькі вядуць амаральны лад жыцця.
Для выяўлення непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, выпрацавана пэўная сістэма, ёсць дакладныя крытэрыі, вызначаныя заканадаўствам. З 2019 года парадак прызнання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы ажыццяўляецца паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 2019 года № 22 “Аб прызнанні дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы”, згодна з якой вызначаны наступныя крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча:
Крытэрый 1: “Бацькі не задавальняюць асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці (дзяцей)” (дапускаюць выпадкі, калі дзеці застаюцца без ежы; дапускаюць пражыванне дзіцяці ў жылых памяшканнях, дзе печы, цеплагенерыруючыя агрэгаты, газавае абсталяванне, электрычныя сеткі, электрапрыборы не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўна-прававых актаў або эксплуатацыйнай дакументацыі на іх, не працуюць ці дэманціраваны прылады аўтаматычнага апавяшчэння пра пажар, выяўлены ўмовы, якія ствараюць пагрозу ўзнікнення пажару; сістэматычна не выконваюць рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў па дыягностыцы, лячэнні і (або) медыцынскай рэабілітацыі дзіцяці; перашкаджаюць дзіцяці атрымліваць абавязковую агульную базавую адукацыю).
Крытэрый 2: “Бацькі не забяспечваюць нагляд за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцця, з-за чаго дзіця ўчыняе дзеяннi, якiя ўтрымлiваюць прыкметы адмiнiстрацыйнага правапарушэння або злачынства” (неаднаразова на працягу года ўстаноўлены факты прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці бацькоў дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў; у дачыненні да бацькоў дзіцяці, старэйшага за 14 гадоў устаноўлены факты, якія пацвярджаюць, што яны не кантралююць яго паводзіны і месцазнаходжанне, з-за чаго дзіця прыцягнута да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці).
Крытэрый 3: “Бацькі вядуць амаральны лад жыцця, што аказвае шкоднае ўздзеянне на дзіця (дзяцей), злоўжываюць сваімі правамі і (або) жорстка абыходзяцца з дзіцём (дзецьмі), у сувязі з чым ёсць небяспека для жыцця і (або) здароўя дзіцяці (дзяцей)” (устаноўлены факты прыцягнення бацькоў да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў; факты жорсткага абыходжання бацькоў з дзіцём, фізічнага і (або) псіхалагічнага гвалту ў адносінах да яго; факты ўжывання бацькамі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, ужывання імі алкагольных напояў, з-за чаго да іх выкарыстоўваліся меры прафілактычнага ўздзеяння).
Бацькам варта ведаць, што мерамі прафілактычнага ўздзеяння могуць з’яўляцца: прафілактычны ўлік, афіцыйнае папярэджанне, прафілактычная размова, ахоўнае прадпісанне, іншыя меры, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі.
Наяўнасць пералічаных паказчыкаў сямейнага недабрабыту можа стаць падставай для прызнання дзіцяці ў сацыяльна небяспечным становішчы.
У сувязі з гэтым бацькі павінны памятаць, што ім адводзіцца першачарговая роля ў выхаванні дзяцей, стварэнні для іх бяспечных і камфортных умоваў жыцця. І толькі ад бацькоў залежыць, ці будзе іх дзіця аднесена да катэгорыі “ў сацыяльна небяспечным становішчы”.
Вольга ЛАМАКА,
загадчыца аддзела па асноўнай дзейнасці сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup