Пасяўная ў ААТ “Граніт-Агра”

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

На Дзятлаўшчыне па-ранейшаму набіраюць абароты і тым самым набліжаюцца да фінішнай прамой сезонныя работы па сяўбе ранніх яравых збожжавых. Дапамагаюць вяснова-пасяўной кампаніі і спрыяльныя ўмовы надвор’я.

Актыўна, сёлета на некалькі дзён раней, чым летась, пачалася пасяўная кампанія ў раёне. У хуткім тэмпе імкнуцца справіцца з важнымі аграрнымі задачамі ўсе раённыя сельгаспрадпрыемствы, вызначыліся ўжо і першыя лідары.

Радуе тое, што нягледзячы на рэйтынгі, аграрыі ўсіх раённых гаспадарак цвёрда ведаюць, што ўвесь комплекс палявых работ павінен быць праведзены пры няўхільным выкананні тэхналогій вырошчвання сельскагаспадарчых культур.

Аб тэмпах сяўбы, іншых сезонных відах работ у гаспадарцы і планах на бліжэйшы час расказала выконваючая абавязкі галоўнага агранома ААТ “Граніт-Агра” Алена Піваварчык:

– Сёлета ў гаспадарцы раннімі яравымі і зернебабовымі запланавана засеяць 1067 гектараў: 857 гектараў адведзены пад ячмень, 50 гектараў – пад авёс, 160 гектараў – зернебабовыя. На сёння даведзены план па сяўбе гэтых відаў культур у гаспадарцы выкананы поўнасцю.

У цэлым агульная плошча пад яравую сяўбу ў гаспадарцы складзе 2502 гектары.

Цяпер на палях гаспадаркі вядуцца работы па падрыхтоўцы глебы пад сяўбу лёну, буракоў, яравога рапсу і кукурузы, у глебу ўносяцца мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, вядзецца падсеў шматгадовых траў, а таксама падкормка азімых збожжавых і перазалужэнне лугапашавых угоддзяў.

Пасяўная ідзе арганізавана, работы на ўчастках рацыянальна спланаваныя і праводзяцца ў адпаведнасці з распрацаванымі мерапрыемствамі. Работнікі забяспечаны спецадзеннем і іншымі сродкамі індывідуальнай абароны, у поле дастаўляюцца гарачыя абеды і вада.

У бліжэйшы час плануем прыступіць да сяўбы яравога рапсу, буракоў і кукурузы. На панядзелак запланаваны работы па сяўбе лёну.

Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама, агульная плошча пад сяўбу ранніх яравых і зернебабовых культур у раёне складзе 6970 гектараў. Па стане на 8 красавіка ўжо засеяна 5500 гектараў, што складае 79 працэнтаў да плана. Агульная плошча пад яравую сяўбу ў раёне сёлета складзе 17 115 гектараў.

На сто працэнтаў справіліся з даведзенымі планамі і тым самым занялі лідзіруючыя пазіцыі па сяўбе ранніх яравых і зернебабовых культур  ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Войневічы” і КСУП “Хвінявічы”. Імкнуцца ў хуткім часе наблізіцца да фінішу  аграрыі  КСУП “Жукоўшчына”, КСУП “Белагурна”, КСУП “Русь-Агра”.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup