І сёння ў страі. 70-гадовы юбілей Аляксандра Лабко

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

13 красавіка святкаваў свой 70-гадовы юбілей механізатар КСУП “Войневічы” Аляксандр Лабко.

Павіншаваць юбіляра завіталі старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак, дырэктар КСУП “Войневічы” Сяргей Францішчык, галоўны спецыяліст Вольга Лахач, старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Вольга Сухецкая, загадчык сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Мазоль.

У адрас Аляксандра Іосіфавіча прагучалі словы ўдзячнасці за руплівую, выніковую працу, вернасць і адданасць выбранай справе, пажаданні здароўя, сямейнага дабрабыту, радаснага настрою, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Госці  ўручылі юбіляру  падарункі, кветкі, грашовыя прэміі, Ганаровую грамату.

Усю сваю прафесійную дзейнасць, а гэта 53 гады, Аляксандр Іосіфавіч звязаў з працай на зямлі ў КСУП “Войневічы”.

Практычна няма такой работы, якую б ні выконваў Аляксандр Лабко на палях: ворыва, падрыхтоўка глебы, унясенне ўгнаенняў, апрацоўка, сяўба, уборка збажыны.

– Пачаў сваю працу ў гаспадарцы ў 1967 годзе, яшчэ зусім маладым, – успамінае юбіляр. – Удзячны Станіславу Бікету, Вадзіму Сакалоўскаму, якіх ужо з намі няма, добрыя настаўнікі былі, яны і прывілі любоў да тэхнікі. Помню свой першы трактар – “маленькі” ДТ-20, такіх ужо ніхто і не ведае, на ім працаваў амаль год.

У 1971 годзе Аляксандра Лабко прызвалі ў армію на два гады. Пасля службы ён вярнуўся ў родныя мясціны і адразу ж уключыўся ў работу. Спачатку эксплуатаваў трактар МТЗ-2, потым МТЗ-50, МТЗ-82,  гусенічны Т-54, камбайн.

На радзіме склалася і асабістае шчасце механізатара – тут сустрэў сваю жонку, якая прыехала ў гаспадарку з Карэліцкага раёна працаваць брыгадзірам. Пажаніліся, нарадзілася дачка, так і засталіся ў Войневічах.

Аляксандр Лабко – шчаслівы дзядуля трох унукаў. Старэйшы працуе ў КСУП “Войневічы” электрыкам, сярэдні праходзіць тут практыку, вучыцца на механіка.

У скарбонцы дасягненняў земляроба ёсць узнагароды за добрую працу на разнастайных відах работ.

Адпрацаваўшы столькі гадоў у гаспадарцы, Аляксандр Іосіфавіч і сёння ў страі.

– Працаваць можна да той пары, пакуль дазваляе здароўе, – гаворыць юбіляр.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup