Добраўпарадкаванне. Юбілейнае дрэўца і добры настрой

Важнае Грамадства

Напярэдадні Велікодных і майскіх святаў жыхары Дзятлаўскага раёна актыўна ўключыліся ў месячнік па навядзенні парадку на зямлі.

Другі тыдзень красавіка прысвяцілі добраўпарадкаванню работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а таксама іх калегі і суседзі па адміністрацыйным будынку – калектыў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

– Як бачыце, аб’ём работы ў нас вялікі, бо замацаваная за ўстановамі тэрыторыя – гэта клумбы, зялёная зона, пешаходныя дарожкі вакол адміністрацыйнага будынка і сквер насупраць яго, – патлумачыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель. – Хочаца парадку, каб на фоне неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі ў людзей захоўваліся радасць і добры настрой ад прыгожых краявідаў роднага горада. Нашы калектывы працуюць з энтузіязмам, бо ў людзей ёсць магчымасць пабыць разам, падыхаць свежым паветрам, такая работа аб’ядноўвае.

Да размовы далучылася дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Таццяна Нікіпорчык.

– Нягледзячы на вялікую загружанасць у сезон рэспіраторных інфекцый з-за дадатковых абавязкаў, звязаных з забеспячэннем прадуктамі і лекамі пажылых людзей нашага раёна, мы знаходзім час на добраўпарадкаванне. Ствараем прыгажосць, каб падзяліцца пазітывам з дзятлаўчанамі і паказаць ім, што ў нармальным рэжыме спраўляемся з усімі пастаўленымі задачамі.

У скверы каля помніка Уладзіміру Леніну і вакол адміністрацыйнага будынка работнікі сацыяльнай абароны падмялі, падграблі, сабралі смецце, добраўпарадкавалі клумбы пасля зімы.

– Калі пацяплее, высадзім сюды гацаніі, аксаміткі, сальвіі, – расказала спецыяліст аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Валянціна Саламевіч. – Мы з наведвальнікамі аддзялення паспелі восенню сабраць насенне, а вясной пасеяць яго. Цяпер клапачуся пра расаду сама, бо наведванне “Праменьчыка” часова абмежавана. Спадзяюся, высаджваць кветкі будзем ужо разам.

Завяршыла работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі пасадка памятнага дрэўца да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Ад грамадскіх арганізацый “Беларускі саюз жанчын” і “Таварыства Чырвонага Крыжа”, членамі якіх з’яўляецца большасць работнікаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, каля адміністрацыйнага будынка была высаджана маладзенькая туя. Яшчэ некалькі саджанцаў накіруюцца ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў гарадскога пасёлка Казлоўшчына. Там, а таксама ля дома самастойнага сумеснага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў аграгарадка Гезгалы пройдуць наступныя этапы добраўпарадкавання.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: