На пытанне ” Што такое перамога?” у кожнага будзе свой адказ.
Адзін падумае пра свае дасягненні ў спорце, другі пра выдатную вучобу, трэці пра вынікі ў працы. І такіх меркаванняў будзе шмат. Але я ўпэўнена, што большасць з нас адразу ўзгадае перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, 75- годдзе якой мы будзем святкаваць 9 мая гэтага года. Кожны з нас разумее вялікую значнасць гэтай падзеі. Вось і калектыў нашай установы адукацыі не застаўся абыякавым. Педагогі Новаяльнянскай сярэдняй школы, вучні і іх бацькі прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да святкавання Вялікай Перамогі. Удзел у конкурсах, акцыях і аперацыях, падтрыманне парадку на могілках, дзе захаваны загінуўшыя ў час вайны воіны і партызаны, — гэта нашы паўсядзённыя справы . І вельмі прыемна, калі гэтыя справы прыносяць добрыя вынікі.
Так, прыняўшы ўдзел у раённым конкурсе “Салют Перамогі-75!” вучні нашай школы занялі не адно прызавое месца: Адамчык Анастасія- 1 месца, Заяц Алена- 1 месца ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва”, Нагорны Ўладзіслаў – 1 месца ў намінацыі “Мастацкае фота”, Кардаш Святлана- 2 месца ў намінацыі “Анімацыйны фільм”.
Актыўны ўдзел мы прымаем і ў іншых конкурсах: “Мы ў адказе за Перамогу!”,”Вялікая Перамога: наследдзе і нашчадкі”, “Сэрца зямлі маёй” і інш.
Але самым прыемным вынікам, якім мы можам ганарыцца на цяперашні час, з’яўляецца сумеснае афармленне педагогамі і дзецьмі пад кіраўніцтвам адміністрацыі школы файе і прышкольнай тэрыторыі. Гэта быў вельмі складаны і цікавы працэс. Шматлікія ідэі і прапановы, праца над распрацоўкай макета. І вось вынік! Задаволенымі засталіся ўсе: настаўнікі, вучні, жыхары пасёлка. Менавіа тыя, хто жыве і працуе ў Наваельні, першымі ацанілі нашу працу. Яны, праходзячы каля школы, спыняліся, пыталі, хто зрабіў такую прыгажосць, і нават фатаграфавалі. Прыемна адчуваць, што мы змаглі сваімі сіламі стварыць добры настрой людзям, падштурхнуць іх да здзяйснення добрых учынкаў, даць зразумець, што ў нашай установе працуюць і навучаюцца неабыякавыя людзі.
Калектыў нашай школы прыкладзе ўсе намаганні, каб гэты накірунак і далей прыносіў плённыя вынікі.
Л. НАГОРНАЯ,
педагог-арганізатар Новаяльнянскай сярэдняй школы